Алег Груздзіловіч: «Калі мяне катавалі,то сказалі спаць на драўлянай падлозе»
Міжнародная супольнасць павінна звяртаць пільную ўвагу на маштабы палітычна матываваных пераследаў у Беларусі. Пра гэта ішла гаворка падчас дыскусіі, арганізаванай «Радыё Свабода». У канферэнцыі прыняў удзел журналіст Алег Груздзіловіч, які распавёў пра свой досвед у зняволенні.
— Такіх, як я, запісаных у экстрэмісты, з самага першага дня ў турме стыгматызуюць і караюць больш, — распавёў Алег Груздзіловіч.
Паводле яго, «экстрэмістаў» часцей саджаюць у карцэры і адзіночныя камеры.
— Калі мяне катавалі, то сказалі спаць на драўлянай падлозе. Калі я проста сядаў або пераставаў хадзіць па камеры днём, на мяне дакладвалі і дадавалі часу да тэрміну знаходжання ў ШІЗА, — дадаў былы палітвязень.
Юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» Павел Сапелка заявіў, што ў Беларусі існуе абсалютная ўлада турэмных уладаў над зняволенымі. У інфармацыйным сэнсе людзі літаральна знікаюць.
— Зняволеныя ўтрымліваюцца без права зносін са знешнім светам. Улады могуць забараніць спатканні і званкі з блізкімі, — падкрэсліў ён.
Настасся Крупе, намесніца даследчыка аддзелу па Еўропе і Цэнтральнай Азіі праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch адзначыла, што пасля падзеяў 2020 года ў Беларусі рэзка павялічылася колькасць парушэнняў правоў чалавека і палітычна матываваных пераследаў.
— Была створаная атмасфера страху і запалохвання для журналістаў і праваабаронцаў, — распавяла яна. — Тое, як з гэтымі людзьмі абыходзяцца ў турмах, а таксама прымушаюць маўчаць членаў іх сем’яў, азначае, што некаторыя з гэтых выпадкаў могуць быць прыроўненыя, на думку ААН, да злачынстваў супраць чалавецтва.
Яна лічыць, што міжнародная супольнасць павінна падтрымліваць тых журналістаў і праваабаронцаў, якія ўсё яшчэ знаходзяцца ў Беларусі, у тым ліку надаючы юрыдычную дапамогу і візы.
— Магутным інструментам, які ў нас ёсць, застаецца адказнасць. Можа спатрэбіцца шмат гадоў, каб вінаватыя паўсталі перад судом. Цяпер мае сэнс засяродзіцца на захаванні доказаў гэтых парушэнняў і дакументавані іх на будучыню, — мяркуе Настасся Крупе.
Чытайце яшчэ:
«Атрымаліся не толькі нататкі пра турэмнае жыццё». Алег Груздзіловіч — пра сваю кнігу
Паляшук з хітрынкай. Сябры і калегі — пра Алеся Любенчука
«Кіраўніцтва расцаніла сыход Дзімы як асабістую здраду». Да 40-годдзя Дзмітрыя Семчанкі — невядомыя факты з яго жыцця