• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Я адрозніваю, дзе прапаганда, а дзе праўда. Тады мне варта паступаць на журфак БДУ?» На складанае пытанне адказвае Глафіра Жук

    Такім было пытанне да Глафіры Жук ад адной з беларускіх абітурыентак. У калонцы для БАЖ журналістка расказвае, у чым розніца паміж атрыманнем дыплома і прафесіяй, як яе выратавалі журналісты TUT.BY і чаму цяпер на журфаку БДУ навучэнцы могуць згубіць крытэр размежавання дабра і зла. 

    «У 2018‑м паехаць «адпрацоўваць» на два гады ў раённую газету не падавалася катастрофай»

    Паступаць на журфак я цвёрда вырашыла ў 10 класе. Чаму? Мне падабалася гутарыць з людзьмі, расказваць пра лёсы, падзеі. Хацелася праз асвятленне нейкіх праблем вырашаць іх рукамі чыноўнікаў, прымушаць тых звяртаць увагу на патрэбы людзей, іх выбар, жаданні, пераглядаць законы. 

    Вядома, паступіць на журфак хацела на «бюджэт». Адна з прычын — усім навокал і самой сабе даказаць, што я магу. Многія казалі, што вучыцца бясплатна прэстыжна, ды яшчэ стыпендыю атрымліваць. А калі дарослыя кажуць, то вельмі хочацца іх не падвесці і быць малайчынай. 

    Ведала, што давядзецца адпрацоўваць, але зусім не ўяўляла, што хтосьці можа на размеркаванні прымусіць цябе займацца прапагандай. У 2018‑м, калі я паступала, паехаць «адпрацоўваць» на два гады ў якую-небудзь раённую газету не падавалася катастрофай, хоць заробак там бы плацілі мізэрны.

    У мяне быў план працаваць не толькі ў медыя па размеркаванні, а пісаць яшчэ для незалежных СМІ. Тады яшчэ разумення, што гэта ўзаемавыключальныя рэчы, не існавала. 

    Трэба адзначыць, што ў маёй прыватнай школе не было ніякага прасоўвання ідэалагічных наратываў. У нашым класе ніколі нават не вісеў партрэт «правадыра», мы не хадзілі на «прэзідэнцкі» хакей, не займаліся выключна па дзяржаўных падручніках. Па гісторыі, мабыць, адкрывалі падручнік толькі некалькі разоў, увесь матэрыял выкладчык даваў нам пад запіс. Пасля сярод сваіх журфакаўскіх аднагрупнікаў, дарэчы, я была адзінай, якая не значылася ў БРСМ. Нават не ведала, што гэта такое.

    Многія заняткі былі цікавымі на журфаку — асабліва пары па літаратуры. Вельмі падабалася, як вядуць пары некаторыя выкладчыкі, на жаль, сёння на журфаку яны ўжо не працуюць — рэпрэсаваныя. 

    Час ад часу для студэнтаў на факультэце ладзілі майстар-класы, куды запрашалі «правільных» журналістаў з Расіі і Беларусі. На такія сустрэчы адбіралі лепшых навучэнцаў, туды трапіла і я. Пэўны час я думала, што пабачу найлепшых журналістаў краіны, а потым здарылася расчараванне — выступоўцы нібы казалі пра журналістыку, але іх аповед зусім не супадаў з тым, чым хачу займацца я. Так я паверыла, што абрала не тую прафесію, і пайшла падпрацоўваць афіцыянткай. 

    Дарэчы, памятаю, што на гэтых майстар-класах упершыню пабачыла Гігіна, ён тады быў дэканам ФФСН. Наўпрост падчас яго выступу стала гугліць яго біяграфію. І нагугліла такое, што ў выніку задала яму няёмкае пытанне: «Чаму вас уключылі ў санкцыйны спіс і вы неўязны ў Еўропу?».

    Гэтыя «майстар-класы» я параўноўвала з гуртком па журналістыцы, у які хадзіла школьніцай. Выкладчыца давала нам чытаць тэксты TUT.BY на сацыяльныя тэмы, якія мы пасля разбіралі па структуры. І гэта было вельмі карысна. Захаплялі фотаздымкі: марыла, што калісьці і я буду працаваць разам з фатографам. 

    На журфаку мы таксама разбіралі тэксты і з дзяржаўных газет, часцей за ўсё з раёнак. Аргументавалі, чаму загаловак не пасуе і які б быў лепш, лічылі, колькі канцылярызмаў выкарыстана ў матэрыяле, што не так з дызайнам выдання і далей па спісе. Вучыліся, як пісаць не трэба.

     «О так, ва ўсім вінаваты TUT.BY!»

    Мая прага да вучобы і нават пэўныя дасягненні ў навуковай дзейнасці не замянілі прагу пісаць, займацца журналістыкай. Таму на другім курсе стала зразумела, што трэба хоць бы кудысьці грукацца, каб навучыцца практыцы.

    Незалежныя медыя тады падаваліся нечым недасяжным, ды і адміністрацыя факультэта казала, што варта ўладкоўвацца  ў дзяржаўныя, каб потым застацца на размеркаванне, бо ў прыватныя не пусцяць.

    Туды тэкст, сюды матэрыял, — так пачыналася нейкая практыка, але штосьці ва ўсім гэтым было не так, а я ўсё не разумела, што менавіта. 

    У галаве круцілася думка, што трэба рызыкнуць і пагрукацца ў якое-небудзь недзяражаўнае медыя. Яна была падмацаваная расказамі былых выпускнікоў журфака, якія нейкім магічным чынам трапілі на адпрацоўку ў камерцыйнае выданне альбо незалежнае медыя. У іх жа атрымалася… 

    Мяне выратаваў 2020‑ы і TUT.BY (о так, ва ўсім вінаваты TUT.BY!). На пачатку навучальнага года мы, студэнты, прыйшлі на сустрэчу ў Прэс-клуб, які яшчэ дзейнічаў у Мінску. На ёй журналісты TUT.BY расказвалі, як працавалі падчас выбараў ва ўмовах адсутнасці інтэрнэта і затрыманняў. 

    Напрыканцы адзін з іх кінуў фразу, што цяпер вельмі не хапае рук, вялікі паток інфармацыі, і запэўніў, што любое незалежнае медыя будзе зацікаўленае ў супрацы са студэнтамі. Падавалася б, натуральная рэч, але як важна яе было пачуць. «Недасяжныя» незалежныя медыя адразу сталі нечым рэальным.  

    Гэтыя словы і падзеі ў краіне падштурхнулі мяне да неадкладнага ўваходу ў сапраўдную прафесію. З гэтай сустрэчы я зрабіла нататку для «Народнай волі», проста даслала на пошту выдання. Яе апублікавалі, а мне прапанавалі і далей пісаць для газеты.

    Працоўную і вучэбную восень 2020-га памятаю вельмі добра. Адным ранкам улады канфіскавалі тыраж газеты, пасля чаго і з’явілася забарона на друк.

    Звычайна ранкам я працавала, а пасля абеду ішла ва ўніверсітэт на заняткі. Памятаю, як у мяне кантраставала ў той дзень. Прыходзіш на пару, а тут усё пад лінейку, а там — вобшукі, арышты, суткі. Падавалася, што ўсё гэта нейкі біпалярны разлад свету.

    Адлічэнне з журфака пасля сутак летам 2021-га зусім не стала для мяне катастрофай. Нават у апошнюю чаргу я падумала пра сваякоў, якія, мусіць, успрымуць гэты факт не вельмі. Але мяне гэта ўжо не хвалявала, бо неймаверна хацелася рушыць наперад, ужо разам з калегамі, якія за гады працы ў Беларусі, як кажуць, сабаку з’елі. 

    Адчула палёгку: цяпер мой шлях дакладна вырашаны — працягваю барацьбу.  У той момант, нягледзячы на тое, што пасля перанесенага ў камеры каранавіруса фізічна адчувала сябе дрэнна, унутры сфармавалася моцная сіла. 

    Гэты ўнутраны стрыжань паглынуў мой страх перад эміграцыяй і актывізаваў яшчэ большае жаданне атрымаць прафесію. На гэтым шляху са мной па сёння застаюцца словы тых журналістаў TUT.BY.

    «Становішся тым самым «завадным апельсінам»»

    Цяпер на журфаку БДУ цалкам адсутнічае платнае навучанне, а тэрміны адпрацоўкі ўлады збіраюцца павялічваць. Такая сітуацыя, дарэчы, не толькі на гэтым факультэце, але цалкам у ВНУ. 

    «Я адрозніваю, дзе прапаганда, а дзе праўда. Тады мне варта паступаць на журфак БДУ?» — вяртаюся я да пытання ў загалоўку. 

    Калі да 2020-га на факультэце было магчыма расказваць пра сапраўдную журналістыку і журналістаў, то цяпер студэнтам прапаноўваюцца веды, якія цалкам бяспечныя для ўлады. Як толькі яна ўмешваецца ў адукацыю, — выконваецца канкрэтная сацыяльная замова: фармаванне чалавека, які патрэбны дзяржаве ў пэўны момант пры пэўных палітычных акалічнасцях. І вы ўжо атрымліваеце не адукацыю ў шырокім сэнсе гэтага слова, а канкрэтныя ідэі. 

    Чаму гэта небяпечна для чалавека?

    Днямі глядзела інтэрв’ю пісьменніцы Элэндэі Профер Ціслі. Яна расказала, як аднойчы прывезла сваю блізкую сяброўку ў госці да Надзеі Мандэльштам, жонкі вядомага паэта. Але спадарыня Мандэльштам адмовілася размаўляць пры сяброўцы Ціслі, сказала, што «баіцца маладых, бо ў іх савецкая адукацыя».

    Чаму Надзея Мандэльштам у сваім асяродку мела людзей толькі з дарэвалюцыйнай адукацыяй альбо той, якая была атрыманая ў эміграцыі?

    І савецкая, і лукашэнкаўская сістэмы будуюць мадэль светабачання, якая задае своеасаблівыя параметры мыслення. Мазгі нібы ў вашым целе, але іх функцыянал належыць дзяржаве.

    Такое ўздзеянне на індывідуальнасць змяняе комплекс матывацый, учынкаў і дзеянняў чалавека — гэта адбываецца незалежна ад таго, хочаце вы такога ці не. Умоўна, калі б я не загугліла ў пэўны момант біяграфію Гігіна, я б магла паверыць яго словам на майстар-класе — на такое і робіцца разлік.

    Гэта самы просты прыклад. 

    Так склалася, што 30 гадоў у беларусах забівалася крытычнае мысленне, таму калі вам сто разоў паўтораць, што ў Польшчы галадаюць, вы ў гэта паверыце. А калі гэта зробіць харызматычны выкладчык ва ўніверсітэце, то вы ў нейкі момант нават напішаце нататку ў праўладнай газеце, каб атрымаць залік. Становішся тым самым «завадным апельсінам», пра які пісаў Бёрджэс. 

    «Адвучыцца чатыры гады, падманваючы сваю свядомасць, немагчыма»

    На дзяржаўным узроўні сёння дэкларуецца, што «журналіст — гэта баец інфармацыйнага фронту», а калі так, то, атрымліваецца, павінен раніць і забіваць. 

    Пасля таго, як вы «праглынаеце» гэтую місію, звыкаецеся з ёй — адбываецца маральная атрафія свядомасці. Чалавек паступова губляе крытэр размежавання дабра і зла: думае, што калі пахваляць – гэта дабро, а калі наадварот, то зло. 

    Хочаш ці не, але цяпер на занятках на журфаку БДУ давядзецца адказваць так, як гэтага патрабуе сістэма. 

    «Няўжо я не змагу адказваць на іспытах, як патрабуюць, і падманваць іх?», — цікавіцца ў мяне адна з абітурыентак. Па-першае, іх зможаце, а сябе — не. Па-другое, а навошта тады такая адукацыя?

    Так склалася, што чалавек — істота, якая мае патрэбу ў развіцці, а высокая адзнака ў залікоўцы — адна з формаў, каб даказаць сабе, што «я — малайчына». Тое, што гэтая адзнака можа быць за сачыненне пра дзень народнага адзінства, для некаторых ў нейкі момант адыходзіць на іншы план. Якія ўмовы для развіцця ёсць — тымі і карыстаемся.  

    У нашым аўтарытарным грамадстве чалавек можа быць упэўнены ў сабе толькі ў выпадку, калі жыве ў адпаведнасці з чаканнямі іншых. З чаканнямі бацькоў, выкладчыка, грамадства ў цэлым і, наступны ўзровень, — з чаканнямі дзяржавы. Пра гэта я дазналася на асабістым досведзе. 

    Мае сваякі былі задаволеныя тым, што я іду вучыцца на «бюджэт» у БДУ, выкладчыкі тым, як я вучуся, навуковая кіраўніца тым, якія тэмы абіраю,  — гэта ўсё стварала базу ўпэўненасці ў тым, што рухаешся туды, куды трэба.

    А вось пасля «сутак» рукапаціснутай ў гэтым ланцужку я аказалася не для ўсіх, але — для многіх новых людзей. 

    «Важна падзяляць, чаго менавіта ты хочаш — дыплом альбо прафесію?»

    Ва ўмовах усеагульнага страху і трывогі рэжым стварае ілюзію парадку і ўпэўненасці, дае простыя адказы пра сэнс жыцця чалавека. 

    Нашым бацькам, якія выраслі ў такіх умовах, вельмі неабходна, каб у дзіцяці быў дыплом, каб ён ўладкаваўся на працу. Большасці ўсё роўна, чаму яго будуць вучыць ва ўніверсітэце, няма разумення важнасці атрымання якаснай адукацыі. Проста трэба, каб зарабляў, інакш сям’я не працягне. І нам усім вельмі хочацца не ўпасці ў бруд тварам, атрымаць дыплом, каб сябе самастойна карміць, думаецца, што з дыпломам на працу бяруць больш ахвотна (і гэта вельмі спрэчнае сцвярджэнне). 

    Тут, на мой погляд, важна падзяляць, чаго менавіта ты хочаш — дыплом альбо прафесію? Калі першае, увогуле без розніцы, на які факультэт БДУ вы пойдзеце, скончыце і адпрацуеце размеркаванне. А вось калі другое — шукаць магчымасці атрымаць якасную адукацыю. 

    Журналісцкія навыкі дакладна можна атрымаць у якасці дадатковай адукацыі, напрыклад, у журналісцкіх школах незалежных арганізацый БАЖ ці Прэс-клубе. Але базіраваць іх на прафесіі таго напрамку, пра які хочаце пісаць. Напрыклад, эканоміка, права, паліталогія. Чаму так?

    У медыяшколе вы за некалькі месяцаў даведаецеся, што такое загаловак і лід, навучыцеся пісаць на базавым узроўні, здымаць відэа, уносіць праўкі — гэта старт для прафесіі. 

    Пасля, калі ў вас ёсць схільнасць да той ці іншай сферы, — правоў чалавека, эканомікі, палітыкі, – можна атрымаць вышэйшую адукацыю па профілі, каб прафесійна разбірацца ў тэме, на якую пішаце, рабіць не проста нататкі, інтэрв’ю і рэпартажы, але і сур’ёзную аналітыку.   

    Варта разумець, што атрыманне дыплома журфака БДУ не роўна атрыманне прафесіі, бо прафесію журналіста (як і шэраг іншых) у краіне знішчылі.

    За кратамі сёння ў Беларусі знаходзяцца 34 прадстаўнікі медыя: Кацярына Андрэева, Ігар Лосік,  Ксенія Луцкіна, Андрэй Аляксандраў, Дзяніс Івашын, Анджэй Пачобут, Марына Золатава, Людміла Чэкіна, Валерыя Касцюгова, Ірына Леўшына, Дзмітрый Наважылаў,  Генадзь Мажэйка, Ірына Слаўнікава, Андрэй Кузнечык, Сяргей Сацук, Юрый Ганцарэвіч, Дзмітрый Лукша, Канстанцін Залатых, Алесь Любянчук, Юлія Мудрэўская, Юрый Гладчук, Іван Мураўёў, Павел Мажэйка, Яўген Меркіс, Дзмітрый Семчанка, Іна Можчанка, Андрэй Фамін, Ларыса Шчыракова, Павел Падабед, Вячаслаў Лазараў, Аляксандр Манцэвіч, Таццяна Пыцько, Ігар Карней, Андрэй Толчын. 

    Незалежныя медыя і медыяарганізацыі прызнаныя ўладай «экстрэмісцкімі фармаваннямі і арганізацыямі».

    З журфака БДУ былі звольненыя лепшыя выкладчыкі — прафесарка Ірына Сідорская, дацэнт Дзмітрый Нікановіч, выкладчыкі Ксенія Мартуль, Павел Восіпаў і шэраг іншых, якія не заяўлялі пра гэта публічна. 

    Рэпрэсіі прайшліся і па студэнтах — дзясяткі людзей з факультэта забралі дакументы на знак пратэсту альбо былі адлічаныя па палітычных матывах. Многія маладыя людзі былі асуджаныя на гады зняволення, напрыклад, 12 фігурантаў «справы студэнтаў» пакараныя на 2,5 гады калоніі.

    Цудоўна разумею, як страшна прыйсці да высновы і асэнсаваць, што цяпер, каб атрымаць прафесію журналіста, трэба эміграваць з краіны. Ведаю, як цяжка даюцца першыя месяцы на новым месцы. У такія часы мяне грэла вялікае жаданне авалодаць прафесіяй, якія б складанасці ні трапляліся на абраным шляху. 

    Таму пасля адлічэння з журфака БДУ я паступіла на завочнае аддзяленне ў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у Вільні, каб атрымаць дыплом. Прафесіі адназначна вучуся на практыцы. Мой наступны крок пасля атрымання ступені бакалаўра — паступленне ў еўрапейскую магістратуру для атрымання паліталагічнай адукацыі. Мая мэта — праца ў палітычнай журналістыцы.  

    «Універсітэт павінен сказаць вам «дзякуй», што вы абралі яго для вучобы, а не наадварот» 

    Размеркаванне выпускнікоў ВНУ — тыповая савецкая мадэль. Яно ўвогуле не павінна існаваць у нармальных краінах: калі ў дзяржаве ёсць бясплатная адукацыя, то вы паступаеце вучыцца на «бюджэт», таму што выдатна здалі іспыты. Універсітэт павінен сказаць вам «дзякуй», што вы абралі яго для вучобы, а не наадварот. 

    З наступнага года ўлады хочуць пачаць размяркоўваць не толькі «бюджэтнікаў», але і «платнікаў». Цяпер лічыце: навучанне на журфаку БДУ па курсе Нацбанка — 1366 еўра, навучанне ў Ягелонскім універсітэце ў Польшчы — 1794 еўра (можна знайсці і танней, так, напрыклад, у прыватнай Кракаўскай Акадэміі імя Маджэўскага плаціць за навучанне давядзецца 1269 еўра ў год). Таксама ў шэрагу еўрапейскіх краін існуе бясплатная адукацыя, і гэта без двухгадовай «адпрацоўкі». 

    Мая сяброўка цяпер трапіла на размеркаванне ў адно з прапагандыскіх медыя. Яшчэ на трэцім курсе журфака, а гэта быў 2021‑ы, яе план яго скончыць падаваўся мне вельмі кепскай ідэяй. Але, канешне, я не ціснула. Проста ведала, што, калі ёй не пашанцуе і яна трапіць туды, куды трапіла, вельмі хутка яна захоча са мной паразмаўляць пра гэта. І пра эміграцыю, вядома.

    Яна «вінная» дзяржаве больш за 30 тысяч рублёў. Плануе адпрацаваць пэўны час, каб скараціць гэтую суму хоць бы напалову і выплаціць грошы.

    На гэтай працы яна літаральна згарае, хоць і кажуць, што, калі чалавек свабодны ўнутры, сістэма нічога не можа з ім зрабіць. Яе свабода кожны дзень сутыкаецца з рэпрэсіўнай машынай, у выніку чаго адбываецца моцны выбух, які сур’ёзна ёй шкодзіць. 

    Адказваючы на пытанне ў загалоўку, безумоўна, я адназначна за тое, каб як мага больш маладых людзей атрымлівала прафесію, а не дыплом. А тое, што вы яшчэ абітурыентам адрозніваеце, дзе прапаганда, а дзе факты — выдатна, але ж гэта абсалютна не значыць, што вы будзеце ўмець гэта рабіць, калі скончыце гэты факультэт. 

    Чытайце яшчэ:

    «34. Гэта не лічбы, а нашы сябры і блізкія за кратамі». Марафон салідарнасці са зняволенымі журналістамі працягваецца

    Вайна скончыцца. Калі-небудзь. У нашых фэйсбучных баталіях. Барыс Гарэцкі пра ўражанні ад паездкі ў Кіеў

    «Вся страна сейчас живет так, как годами жили пострадавшие от домашнего насилия». Большой разговор с Ольгой Горбуновой

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці