Выйшаў фотаальбом журналіста Вітаўта Мартыненкі пра беларускую рок-культуру
Журналіст і музычны крытык Вітаўт Мартыненка дачасна сышоў з жыцця ў 2016 годзе, так і не дачакаўшыся рэалізацыі старой задумы — максімальна поўнай і багата ілюстраванай анталогіі беларускага року пад назвай “Прадмовы й пасьляслоўі”. Да лагічнага завяршэння ідэю даводзілі сябры і паплечнікі.
“Кніга-фотаальбом «Прадмовы й пасьляслоўі» мелася выйсці яшчэ ў 2007‑м. Яна складаецца з тэкстаў рок-журналіста Вітаўта Мартыненкі да выбраных буклетаў музычных альбомаў, якія з’явіліся цягам 1989–2006 гадоў, і ілюстрацыйных матэрыялаў, перададзеных аўтару фотаадмыслоўцамі і рок-гуртамі, а таксама Дзяржаўным музеем літаратуры і мастацтва Беларусі”, — адзначаецца ў прадмове да выдання.
Назва «Прадмовы й пасьляслоўі» не выпадкова ўзыходзіць да аднайменнага канцэптуальнага збору беларускага першадрукара Францішка Скарыны, бо ў прэзентаванай пасмяротнай працы традыцыйна выяўляецца схільнасць Вітаўта Мартыненкі шукаць свае карані ў тысячагадовых традыцыях нацыянальнай культуры.
Ініцыятары выдання спадзяюцца, што беспрэцэдэнтная рок-анталогія зацікавіць усе катэгорыі чытачоў, незалежна ад узросту і абазнанасці ў музычнай тэме: нехта будзе рады пабачыць рэдкія здымкі знакавых гуртоў і выканаўцаў, хтосьці паспрачаецца з аўтарскай інтэрпрэтацыяй, а іншыя адкрыюць для сябе імёны куміраў колішняй моладзі.
Кніга складаецца з аўтарскіх тэкстаў да выбраных музычных альбомаў, у літаральным сэнсе накладзеных на здымкі найлепшых музычных хранікёраў айчыннага шоў-бізнесу. Набыць “Прадмовы й пасьляслоўі” можна на інтэрнэт-старонцы vjn.ee.
Вітаўт Мартыненка — беларускі журналіст, музычны крытык, аўтар музычных выданняў, дзеяч нацыянальнага Адраджэння. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мінску, скончыў факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Сябра Саюзу журналістаў СССР і Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Ад сярэдзіны 1980‑х на працягу 10-ці гадоў працаваў аглядальнікам, адказным сакратаром, намеснікам галоўнага рэдактара моладзевай газеты “Чырвоная змена”, вёў музычную рубрыку “Мелодыя” (затым — “Нотны аркуш”). Паралельна ад 1989-га быў карэспандэнтам рэдакцыі Радыё “Свабода”, арганізаваў там беларускі музычны хіт-парад. Затым працаваў намеснікам галоўнага рэдактара тыднёвіка “Кинонеделя Минска”.
Яшчэ за савецкім часам разам з паплечнікам і суаўтарам шматлікіх сумесных выданняў Анатолем Мяльгуем выступіў ініцыятарам стварэння музычнага рок-клуба “Няміга”. Браў непасрэдны ўдзел у арганізацыі феставаляў “Тры колеры”, “Басовішча” ды іншых.
Акрамя таго, актыўны ўдзельнік грамадска-палітычнага жыцця – актывіст “Талакі”, “Тутэйшых” ды іншых адраджэнскіх суполак. У 1988‑м стварыў у “Чырвонай змене” адну з першых груп падтрымкі Беларускага Народнага Фронта. У тым жа годзе за ўдзел у жорстка разагнаным шэсці “Дзяды” быў асуджаны да адміністрацыйнага пакарання.
Аўтар музыказнаўчых кніг “Праз рок-прызму”, “222 альбомы беларускага року і не толькі” (абедзьве з Анатолем Мяльгуем), “Rock on-line”, “Пошукі ідыліі”, “Прадмовы й пасьляслоўі” і г. д.
Таксама пісаў прозу, вершы, рэцэнзіі, якія друкаваліся ў беларускіх і замежных часопісах, перакладаліся на польскую, расійскую, украінскую мовы, выдаваліся ў кніжных зборніках і на кампакт-дысках рок-гуртоў.
Вітаўт Мартыненка памёр 17 красавіка 2016 года ў выніку шматгадовай барацьбы з цукровым дыябетам.
Чытайце яшчэ:
“Летапісец беларускага року”: дзеячы культуры ўзгадваюць журналіста Вітаўта Мартыненку
На магіле журналіста Уладзіміра Паца з’явіўся помнік
Анастасія Станко: «Некалькі маіх сяброў забітыя, мы жывём без электрычнасці, гарачай вады. Але я мушу быць аб’ектыўнай»