• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Рэдактар Hromadske.tv Анастасія Станко: «Некалькі маіх сяброў забітыя, мы жывём без электрычнасці, гарачай вады. Але я мушу быць аб’ектыўнай»

    Усё змянілася 24 лютага. Куды цяпер ідзе медыясупольнасць Украіны? Гэтымі днямі ў Жэшуве  — горад недалёка ад мяжы з Украінай на паўднёвым усходзе Польшчы — прайшла канферэнцыя «Медыя і вайна». У праграме была і дыскусійная панель па сітуацыі ў Беларусі.

    Канферэнцыю арганізавала каманда ініцыятывы Mix­er, яна была найперш скіраваная на ўкраінскіх журналістаў.

    Прывядзем некаторыя вытрымкі з выступаў асобных гасцей канферэнцыі.

    Этыка і вайна

    Гэтая вайна — «блізкая». Многім журналістам вельмі лёгка туды патрапіць. Мы бачылі выдатную журналістыку, бачылі і дрэнную. Але мы таксама бачым праблемы, якія гэта стварае на этычным узроўні. Мы бачым, як сацыяльныя сеткі прымушаюць некаторых рэпарцёраў забыцца пра тое, навошта яны туды прыйшлі. Назіраем сумесь актывізму і журналістыкі, адзначаюць арганізатары канферэнцыі.

    Анастасія Станко, журналістка, рэдактар аб’яднанай рэдакцыі «Hromadske.tv», распавяла пра сваю працу падчас вайны, сумяшчэнне асабістага і прафесійнага.

    «Вялікая этычная праблема для мяне была ў тым, як узяць мужа і сына а пятай раніцы і адвезці іх у Івана-Франкоўск, а самой вярнуцца ў Кіеў. Я разумела, што мушу быць мамай, але і мушу быць журналістам. Часам я думаю, што ўсё раблю правільна, а часам наадварот. Бо майму сыну ў студзені будзе два гады», — распавяла ў сваім выступе Анастасія.

    Гэта ў мірным жыцці можна з лёгкасцю часова адмовіцца ад працы, імкнуцца сумяшчаць працу і выхаванне дзяцей. Ва ўмовах вайны сітуацыя грае іншымі фарбамі.

    «Некалькіх маіх сяброў былі забітыя, мы жывём цяпер без электрычнасці, гарачай вады. Але я не магу напісаць, «еб… русня» ў сваіх сацсетках, я мушу быць аб’ектыўнай», — гаворыць журналістка.

    Яна расказала гісторыю з Лімана — як праца, вайна і людзі знітаваныя складаным выбарам. Гэта быў май месяц, людзі рыхтаваліся да эвакуацыі, і ў гэты час пачаўся ракетны абстрэл. Анастасія з калегам кінуліся ўцякаць, ратаваць сябе, схаваліся за машыну. А людзі засталіся стаяць.

    «Я ўвесь час пра гэта думаю: я ратавала сябе, а яны стаялі. Я думаю ўвесь час пра гэта: дапамагаць людзям ці рабіць сваю працу?», — кажа журналістка.

    Таксама яна растлумачыла, чаму часам не піша ў сацыяльных сетках пра відавочнае і шакуючае.

    Нядаўна была атака расіян на радзільны дом у Запарожжы, загінуў хлопчык, якому было два дні. «Расіяне забілі яго. Але я не пісала пра гэта, бо пра гэта пісалі шмат якія медыя. Я пісала пра закрытыя кавярні. Мы мусім мець рэфлексіі на тое, што адбываецца. Але я не магу, гэта цяпер цяжка. Я імкнуся пісаць пра тое, што бачыла. Калі нешта высвятляю, здараюцца цікавыя сітуацыі: часам пытаешся ў людзей пра адну і тую ж сітуацыю, але расказваюць абсалютна рознае», — падзялілася журналістка досведам працы ва ўмовах вайны.

    У чым адрозненне гэтай вайны ад іншых канфліктаў?

    Вольга Рудэнка, галоўны рэдактар Kyiv Inde­pen­dent, кажа, што пасля вайны істотна вырасла аўдыторыя медыя.

    Цяпер у Twit­ter выдання два мільёны падпісчыкаў. Вырасла колькасць наведнікаў сайта, краўдфандынгавыя кампаніі ідуць паспяхова.

    Вольга адзначае, што медыя стала важнай крыніцай інфармацыі пра падзеі ва Украіне для тых, хто за мяжой. Аднак, працуючы для такой аўдыторыі, выданне заўсёды мусіць памятаць, што інфармацыю трэба падаваць з кантэкстам, перадгісторыяй, бо гэтыя людзі, натуральна, не моцна заглыбленыя ў гісторыю ўкраінскіх падзей.

    Павел Пенязэк (Pawel Pieni­azek) больш за дзесяць гадоў працуе журналістам, ён сталы аўтар штотыднёвіка Tygod­nik Powszech­ny. Павел працаваў падчас канфліктаў у Афганістане, Іраку, Нагорным Карабаху, Сірыі і Украіне.

    «Гэта абсалютна розная праца. І ты мусіш падаваць абсалютна розны кантэкст.  Мяркую, ва Украіне найбольш небяспечна. Шмат ракетных атак. Не заўсёды зразумела, што адбываецца. Падобнае было ў Сірыі.

    Украіна гэта найбольш складаны досвед для мяне. Часам няма празрыстых працэдур, мусіш спадзявацца на ўдачу», — падзяліўся сваімі назіраннямі журналіст.

    У якасці прыкладу была згаданая сітуацыя пасля дэакупацыі Херсона. Нагадаем, 12 лістапада ў Херсон увайшлі войскі ўкраінскай арміі, у эфіры некалькіх замежных СМІ, у прыватнасці, SNN і Sky News, зʼявіліся эмацыйныя рэпартажы пра тое, як херсонцы сустракаюць украінскую армію. Пазней падобныя сюжэты паказалі і ўкраінскія СМІ, у тым ліку Грамадскі тэлеканал і «Громадське ТБ». Як пазней стала вядома, журналісты, якія здымалі першыя рэпартажы ў толькі што дэакупаваным Херсоне, былі пазбаўленыя акрэдытацый на працу ад Аператыўнага камандавання «Поўдзень».

    Што змянілася?

    24 лютага ўкраінскія СМІ апынуліся ў рэальнасці, у якую мала хто ўвогуле мог паверыць.

    Вольга Міровіч, генеральны дырэктар НДА Lviv Media Forum, заўважыла, што «можна колькі заўгодна рыхтавацца да вайны, але немагчыма быць гатовым да гэтага».

    Каманда Львоўскага медыяфоруму пасля пачатку вайны пераключылася на дапамогу медыям і журналістам. За гэты час было закуплена 1 444 элементы абарончай экіпіроўкі для журналістаў (каскі, камізэлькі і г. д.). І гэта важная праца, бо бяспека найперш.

    Вольга падзялілася некаторымі высновамі, якія зрабіла яна, яе калегі за гэты год:

    • Рэпутацыя — гэта золата. Яна дапамагае выжываць, знаходзіць падтрымку.

    • Медыярынак ва Украіне змяніўся, закрылася шмат малых медыя ў рэгіёнах.

    • Інвестыцыі ў бяспеку мусяць быць. Google бачыць многія рэгіёны ва Украіне як рускамоўныя, адпаведна ёсць ліміт паказаў украінскамоўнага кантэксту. Гэта дае фору расійскім медыя.

    • 43 журналісты былі забітыя ад пачатку вайны (паводле інстытута масавай камунікацыі).

    • Часта журналісты мусяць рабіць складаны выбар: эвакуацыя, сямʼя, праца.

    • 36% супрацоўнікаў украінскай рэдакцыі патрабуюць псіхалагічнай падтрымкі.

    • Кааперуйся ці памры. Часы вымагаюць не канкурэнцыі, а супрацоўніцтва паміж журналістамі і рэдакцыямі.

    • Аўдыторыя — найперш.

    • Украінскія журналісты вывучылі шмат урокаў за гэты час.

    Была ў праграме і асобная дыскусійная панэль для прадстаўнікоў беларускага медыяполя. Яны апісалі сітуацыю, якая ёсць на сёння ў Беларусі, настроях беларускага грамадства, сітуацыі з выгнаннем беларускіх медыя, журналістаў, актывістаў. Больш па гэтай тэме можна пачытаць ТУТ і ТУТ.

    Таксама падчас канферэнцыі адбыўся выступ вядомага фатографа Рона Хавіва (Ron Haviv, VII Pho­to Agency), які 30 гадоў асвятляў канфлікты ў розных кропках свету. Азнаёміцца з працамі фатографа можна на яго сайце.

    Агулам ініцыятыва Mix­er мае планы праводзіць прафесійныя сустрэчы для работнікаў медыя, якія працуюць у рэгіёне. Сачыць за абвесткамі можна на іх сайце.

    Як беларуская дзяржаўная прапаганда адрэагавала на вызваленне Херсону

    «Моя работа — документировать». О чем рассказывают журналисты из Германии, Украины и России, которые работают на войне

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці