• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вярхоўны суд пакінуў вырак Ігару Карнею без зменаў

    Ігар Карней аспрэчваў рашэнне суддзі Мінскага гарадскога суда Сяргея Кацэра, які асудзіў яго да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і штрафу памерам 20 тысяч рублёў. Вярхоўны суд падтрымаў вырак суда першай інстанцыі, дзе Ігар Карней быў прызнаны  вінаватым паводле часткі 3 артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фармаванні).

    Ігар Карней журналісты за кратамі

    Ігар карней. Фота: з уласнага архіва

    Разгляду апеляцыйнай скаргі журналіст чакаў у Магілёўскім СІЗА, што месціцца ў тамтэйшай турме № 4. Неўзабаве яго этапуюць на месца адбывання прысуджанага тэрміну зняволення.

    За кратамі Ігар Карней знаходзіцца ўжо амаль 11 месяцаў: журналіста-фрылансера затрымалі пасля ператрусу ў ягонай кватэры 17 ліпеня 2023 года. Падчас ператрусу сілавікі забралі камп’ютар і іншыя лічбавыя носьбіты інфармацыі, а сваякам спачатку абвясцілі, што ён затрыманы на 10 сутак. Аднак праз некалькі дзён Карнею было прад’яўлена крымінальнае абвінавачанне, і з ІЧУ на Акрэсціна яго перавялі ў следчы ізалятар № 1 у Мінску.  

    Пра тое, што стала нагодай для затрымання і ў чым канкрэтна звінавацілі журналіста, стала вядома толькі пасля пачатку судовага разбору. Тады афіцыйныя СМІ напісалі, што прычынай стала супрацоўніцтва Карнея з грамадскай арганізацыяй «Беларуская асацыяцыя журналістаў». Праваабарончая журналісцкая арганізацыя ў 2021 годзе была пазбаўленая юрыдычнага статусу Вярхоўным судом на патрабаванне Мінюста, а на пачатку 2023 года абвешчаная рашэннем КДБ «экстрэмісцкім фармаваннем».

    «Спадзяюся, што нікому не будзе за мяне сорамна»

    Па версіі боку абвінавачання, Ігар Карней нібыта па матывах ідэалагічнай і палітычнай варожасці працягваў супрацоўнічаць з «экстрэмісцкай арганізацыяй» БАЖ, ствараючы для яе інфармацыйных рэсурсаў «негатыўныя матэрыялы з абразамі кіраўніка дзяржавы, прадстаўнікоў улады, журналістаў і грамадзян, якія не падтрымліваюць неканстытуцыйную змену ўлады». І ў сваіх артыкулах ён нібыта «даваў ілжывую карціну пра эканамічнае, сацыяльнае, ваеннае і міжнароднае становішча Рэспублікі Беларусь».

    З такімі фармулёўкамі Карней не пагадзіўся, пра гэта ён казаў і падчас разбіральніцтва, і ў сваім апошнім слове перад абвяшчэннем прысуду:

    «Ва ўсіх СМІ, з якімі я супрацоўнічаў у папярэднія дзесяцігоддзі, галоўным патрабаваннем было адлюстраванне ў любой канфліктнай сітуацыі пазіцый абодвух бакоў. Тое ж адносіцца і да тэкстаў на сайце БАЖ: вынікае, што пералічаныя ў абвінавачанні матэрыялы праходзілі экспертызу, і ні да аднаго з іх не было прэтэнзій, што тым самым «распальваецца варажнеча» паміж асобамі і сацыяльнымі групамі.

    Сітуацыя ў краіне, даводзіцца канстатаваць, дагэтуль напружаная, нервовая, апанентам лёгка сарвацца на эмоцыі. Таму апрыёры хацелася, каб нататкі былі добрыя паводле зместу, задавальнялі розныя пункты гледжання».

    Таксама ў апошнім слове Ігар Карней падкрэсліў, што працуе ў журналістыцы амаль 40 гадоў, і добра ведае і шануе прафесійныя стандарты. А таксама тое, што ніколі ў сваёй працы не імкнуўся нанесці шкоду сваёй краіне:

    «Адрозна ад шэрагу калегаў, я не з’ехаў з Беларусі з пачатку пераследу незалежных журналістаў. Бо не лічыў такі крок ратавальным, мэтазгодным. Пры тым, што магчымасці былі, не скарыстаўся імі цалкам асэнсавана. Гэта мая зямля, дзе нарадзіліся мае дзяды і бацькі, я сам і мае дзеці. Ніколі не збіраўся быць ворагам сваёй радзімы. Наадварот, заўсёды ў прафесійнай дзейнасці на першым месцы быў дыялог».

    Паводле прамовы Ігара Карнея, у яго няма спадзеву вярнуцца ў журналістыку ў цяперашняй Беларусі. Але выпрабаванні, з якімі давялося сустрэцца, ён мяркуе прайсці «з чыстым сумленнем і дзякуючы падтрымцы неабыякавых людзей».

    «Спадзяюся, што нікому не будзе за мяне сорамна», — такімі словамі журналіст завяршыў сваю прамову ў Мінскім гарадскім судзе.

    Хто такі Ігар Карней?

    1 студзеня 2024 года Ігару Карнею споўнілася 56 гадоў, гэтую дату ён сустрэў у зняволенні. Журналістыкай Ігар зацікавіўся яшчэ ў школе, потым паступіў на журфак Белдзяржуніверсітэта, у студэнцкія гады стаў адным з заснавальнікаў моладзевай аршанскай незалежнай газеты «Лидер». Пазней друкаваўся ў газетах «Знамя юности», «Чырвоная змена», «Комсомольская правда», з 1991 года працаваў у газеце «Звязда».

    У 1994–2000 гадах быў карэспандэнтам незалежнага штотыднёвіка «Свободные новости». У 2000 годзе прыйшоў на «Радыё Свабода», але сышоў адтуль, калі рэдакцыя рэлакавалася ў замежжа. У апошнія гады захапіўся краязнаўствам і блогерствам — пісаў артыкулы для краязнаўчага сайта «Крэва.Трэвел».

    Сёлета 25 сакавіка беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Ігара Карнея палітычным вязнем.  

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці