Васкрасенскі распавёў, як сустракаўся з Пачобутам дзеля яго вызвалення
Юрый Васкрасенскі ў інтэрвʼю праграме «Панарама» расказаў, як па ініцыятыве польскіх дыпламатаў арганізаваў сустрэчу з палітвязнем, актывістам польскай меншасці ў Беларусі Андрэем Пачобутам. Гэта адбылося «прыкладна паўтара года таму». Імаверна, перамовы ішлі пра ўмовы вызвалення і прымусовага вывазу Пачобута ў Польшчу.
«Па просьбе польскага боку я звярнуўся да следчых органаў, і яны ласкава дазволілі сустрэцца з Пачобутам утрох: Пачобут, польскі пасол і я. Гэтая сустрэча адбылася ў Следчым камітэце прыкладна паўтара года таму з мэтай нармалізацыі адносін, спынення эскалацыі», — кажа Васкрасенскі.
Але, паводле яго, сустрэча не стала для Васкрасенскага прыемнай. Пачобут не быў спагадлівым з былым членам штаба Бабарыкі.
«Ён паспрабаваў накінуцца на мяне, і атрымаў адпаведны адпор», — згадвае Васкрасенскі, якому было, відаць, не салодка.
«Для мяне да гэтага часу загадка, чаму ён так паводзіў сябе. <…> Я падумаў: можа, ён і ў Польшчу не жадае вяртацца [гэта хлуслівае сцвяржэнне, Пачобут нарадзіўся ў Гродне і грамадзянін Беларусі — НН]», — сказаў Васкрасенскі, які сам працуе на лукашэнкаўскія спецслужбы і ўхваляе дзеянні ўладаў.
У 2021 годзе Беларусь вызваліла трох актывістак польскай меншасці. Гэта Ганна Панішава, Марыя Цішкоўская і Ірэна Бярнацкая. Яны былі высланыя з Беларусі ў Польшчу.
У сакавіку 2022 года кіраўніцу незарэгістраванага Саюза палякаў Беларусі Анжаліку Борыс вызвалілі з‑пад варты і перавялі пад хатні арышт.
9 лютага на 8 гадоў калоніі асудзілі журналіста Андрэя Пачобута.
Польшча не пакідае спробаў вызваліць яго. «Калі Андрэй Пачобут заўтра будзе вызвалены, паслязаўтра будзе адкрыты праход у Баброўніках», — сказаў міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Камінскі.
Чытайце яшчэ:
У Батумі распачаў працу «Медыя Хаб» — прастора для медыйшчыкаў, якую стварылі беларусы
Рэдактарка зіна PAMYŁKA: Трэба было дзесяць год валанцёрыць, каб пабачыць квантавы скачок у грамадстве
Ідэалагічны міжсабойчык. Ува што ператвараецца факультэт журналістыкі