«Усе пракладачныя высеркі». Раскрылі, хто вядзе адзін з самых брудных каналаў лукашысцкай прапаганды
Большая частка кантэнту ў канале Berezina прысвечаная прыніжэнню ўкраінцаў і тых беларусаў, якія выступаюць супраць прарасійскага рэжыму. «Наша Ніва» здолела выкрыць двух людзей, якія стаяць за гэтым рэдкасна агідным рэсурсам.
Высветліць іх асобы дапамаглі боты, якія захоўваюць звязкі тэлеграм-акаўнтаў і нумароў, а таксама інфармацыя, якую мы атрымалі ад «Кіберпартызанаў».
Што сабой уяўляе тэлеграм-канал Berezina
Тэлеграм-канал Berezina невялікі, як і ўсе лукашысцкія, на 5 тысячаў падпісантаў, але з’яўляецца адным з найбольш агрэсіўных. Ён заснаваны ў жніўні 2020-га і спачатку проста публікаваў розныя навіны. Чытанасць яго была невялікая, на першых публікацыях дагэтуль па 10–15 праглядаў. Напрыканцы 2020-га праглядаць допісы сталі сотні.
Але ў нейкі момант адміністрацыя канала, відаць, вырашыла дадаць «агеньчыку». На канале пачалі ўжываць агрэсіўную і прыніжальную лексіку.
А з пачаткам вайны канал пераключыўся на прарасійскую прапаганду і пачаў распальваць варожасць яшчэ і да ўкраінцаў. Па колькасці і ўзроўні агрэсіі канал можа даць фору шмат якім іншым праўладным рэсурсам
Адміністратары рэгулярна публікуюць відэа з «палітычнымі» затрыманымі, глумяцца з палітвязняў, радуюцца паразам украінскай арміі і смярцям украінцаў.
Магчыма, каналам займаюцца больш як два чалавекі, але мы дакладна вызначылі асобы дваіх.
Ад гатэля да прапаганды
Адзін з аўтараў канала — Раман Кашырын. Як і ў выпадку з Раманам Ролем, якія вядзе канал «Жоўтыя Злівы. Адукацыя», высветліць яго асобу ўдалося дзякуючы тэлеграм-чатам — агрэгатарам. Ягоны тэлеграм-акаўнт (@roman_brz7) піярыў «Бярэзіну» ад моманту стварэння да канца красавіка 2021-га. Пасля гэтага ў чатах з’явіўся акаўнт з юзернэймам arhivarius_brz, які пачаў рабіць тое самае.
Раману Кашырыну 31 год. Родам ён з Бабруйска — адсюль, імаверна, і назва ягонага каналу (горад стаіць на рацэ Бярэзіне). Мае вышэйшую адукацыю.
Вядомыя некалькі месцаў ягонай працы. У 2012‑м ён працаваў на ААТ «Алавес», якое трымала некалькі бараў і клубаў у Мінску, у тым ліку славуты «Дазары», «Махіта» на Ціміразева і сушы-бар «Кайтэн» каля плошчы Якуба Коласа. Імаверна, ён быў звычайным працаўніком бара. Да 2014-га ён перайшоў на працу ў мінскі «Рэнесанс Гатэль». Прапрацаваў нейкі час і ў гатэлі «Еўропа», які знаходзіцца ў самым цэнтры Мінска. Нагадаем, што ў дарагіх гатэлях сталіцы, дзе селяцца замежнікі, штат у значнай долі ўкамплектаваны супрацоўнікамі і агентамі спецслужбаў.
Пазней Раман адкрыў ІП, асноўнай сферай дзейнасцю якога быў «Рознічны гандаль па ўзорах». Звычайна ў Беларусі за такім апісаннем стаяць інтэрнэт-крамы. У 2015‑м ён размяшчаў аб’яву ў адну з груп Гомеля:
«Трэба тэрмінова зараз раздаць 250—300 улётак. Кошт пытання 30 000. Працы на паўгадзіны».
У студзені 2017-га мужчына піярыў групу ў сацыяльнай сетцы «Укантакце», якая называлася «Праца ў Мінску: грамадскае харчаванне». З красавіка 2017-га Раман адкрывае ІП, асноўнай сферай дзейнасці якога заяўленая «Дзейнасць па стварэнні рэкламы».
У канцы 2018-га Кашырын паступіў на завочную магістратуру ў Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі, які знаходзіцца ў Гомелі. Спецыяльнасць — «Сусветная эканоміка».
У 2020‑м Кашырын пачаў уваходзіць у розныя праўладныя чаты і піярыць канал Berezina.
На мяжы 2021 і 2022 гадоў мужчына стаў весці семінары для дзяржаўных органаў. Цяпер яго прадстаўляюць як «медыяэксперта ЗАТ «Нотамедыя». Гэта піяр-агенства, якое да жніўня 2020-га было незалежным і працавала ў тым ліку з дзяржаўнымі арганізацыямі.
«У актыўную дыскусію аб выкарыстанні фэйкаў у метадалогіі кагнітыўнай вайны аўдыторыю ўцягнуў медыяэксперт Раман Кашырын. Захопленыя спрэчкі, разбор укідаў фэйкаў і наступстваў ад іх уплыву не пакінулі абыякавым ніводнага слухача курсаў, а дыскусіі на гэтую тэму працягваліся яшчэ доўга пасля заканчэння сустрэчы», — так апісваюць сэнс аднаго з выступаў праўладныя рэсурсы.
Праўда, не да канца ясна, якім чынам ён вучыць абараняцца ад фэйкаў, калі Berezina перыядычна стварае іх. Напрыклад, спасылаецца на фэйкавы канал 35‑й брыгады, пра які мы пісалі раней.
Бээрэсэмавец з «Хімвалакна»
Яшчэ адзін з кіраўнікоў канала — адміністратар чата суполкі, 34-гадовы Антон Сімановіч, які карыстаецца нікнэймам «Гандляр баянамі». Мужчына нарадзіўся ў Магілёве. Вучыўся спачатку ў мясцовай 30‑й школе, а пасля паступіў у Ліцэй Беларуска-расійскага ўніверсітэта. У 2008‑м Антон паступіў у Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт.
Калі верыць звесткам ад «Кіберпартызанаў», па размеркаванні мужчына пайшоў на працу эканамістам у «Магілёўхімвалакно». Прыкладна ў гэты ж час ва Украіне здарылася Рэвалюцыя годнасці. І, мяркуючы па каментарах Антона, ён заняў адкрыта прарасійскую і антыўкраінскую пазіцыю.
У каментарах ён пастаянна скардзіўся на малую зарплату і вучыў украінцаў жыццю, пагражаючы Пуціным, які «змяце Украіну за 2–3 дні». А таксама прызнаўся, што раней нават спачуваў пратэстам.
Паралельна Сімановіч увайшоў у ячэйку БРСМ на «Хімвалакне».
Пасля 2020-га ён усплыў у розных праўладных чатах, прычым з вельмі агрэсіўнымі каментарамі. Беларускую мову ён называе «сутуласабачай», беларускіх патрыётаў — «ліцьвінсвіннямі», а беларускі сцяг — «пракладкай». Украінцаў жа ён перыядычна называе «чубатымі».
У які менавіта момант ён стаў адміністратарам чата канала «Беразіна», невядома, як і тое, ці піша ён для канала. Але гэта цалкам імаверна, бо там выкарыстоўваецца падобная лексіка («чубатыя», «пракладка» і г. д.).
Ці можа падпадаць змест канала Berezina пад нормы артыкулаў Крымінальнага кодэкса аб распальванні варожасці? Мы спыталі пра гэта ў юрыдычнай службы праваабарончага цэнтра «Вясна».
«Аналіз пастоў тэлеграм-канала «Berezina» дазваляе зрабіць выснову, што сказанае мае на мэце аказаць актыўнае ўздеянне на пэўную частку грамадства, накіраванага на:
— узбуджэнне нянавісці, г. зн. моцнай устойлівай непрыязнасці да групы асобаў з іншымі палітычнымі поглядамі і тых, хто вымушана з’ехаў за межы Беларусі,
— узбуджэнне варожасці, г.зн. нянавісці паміж групамі людзей (тымі, хто падтрымлівае дзейную ўладу і яе праціўнікаў),
— прыніжэнне годнасці групы асобаў з іншымі палітычнымі поглядамі і тых, хто вымушана з’ехаў за межы Беларусі.
Як бачна з пастоў тэлеграм-канала, яны не толькі прыніжаюць прадстаўнікоў вызначанай сацыяльнай групы … але і распаўсюджваюць наўмысна лжывую інфармацыю адносна гэтай групы з мэтай спарадзіць недавер да асобаў, што належаць да гэтай групы. Называючы людзей з іншымі палітычнымі поглядамі … людзьмі, здольнымі да здзяйснення тэрарыстычных актаў, а таксама заклікаючы грамадства рабіць даносы на прадстаўнікаў гэтай групы, прапагандысты, такім чынам, па-першае, распаўсюджваюць ілжывую інфармацыю з мэтай стварыць недавер і варожае стаўленне да прадстаўнікоў гэтай групы, і па-другое, фармуюць непрыязнасць, варожасць і пачуццё нянавісці да гэтых людзей», — мяркуюць юрысты.
Чытайце яшчэ:
Не/забытое горе: как долго мы помним своих героев и зачем должны рассказывать о них миру? Мнение Анны Мирочник
У Назіральную раду па размеркаванні дапамогі для палітвязняў увайшлі прадстаўнікі 8 беларускіх медыя
«Змагарскі брэнд, як Пазняк». Што такое «Народная воля» і хто такі Сярэдзіч, які сышоў з газеты