• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Змагарскі брэнд, як Пазняк». Што такое «Народная воля» і хто такі Сярэдзіч, які сышоў з газеты

    Іосіф Сярэдзіч, які быў галоўным рэдактарам газеты «Народная воля» ад самага заснавання ў 1995 годзе, абвясціў 4 жніўня, што пакідае пасаду. Чаму гэта важна, «Белсату» расказваюць старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў і былая журналістка «Народнай волі».

    Чым была «Народная воля» да інтэрнэту – і што з ёю цяпер

    «Праз пару месяцаў мне пойдзе 75‑ы год. І хочаш не хочаш, а трэба развітвацца з цяжкай штодзённай працай – і здароўе нагадвае пра неабходнасць супыніцца, і абставіны часу не спрыяюць актыўнай дзейнасці», – напісаў у развітальным лісце Іосіф Сярэдзіч.

    Правы ўласніка сайту газеты Nv-online.info Сярэдзіч перадаў іншай асобе, імя якой не раскрыў. Цяпер сайт паказвае паведамленне аб тым, што «закрыты на пару дзён у сувязі са зменай уласніка дамену», але абяцае: «Мы да вас хутка вернемся».

    Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец згадвае, што «Народная воля» была заснаваная Сярэдзічам у 1995 годзе. Газету стварылі пасля таго, як Сярэдзіча звольнілі з пасады галоўнага рэдактара «Народнай газеты»: выданне было быццам бы парламенцкім, вось толькі Сярэдзіча звольнілі не рашэннем парламенту, а ўказам Аляксандра Лукашэнкі, што было незаконна. Бастунец працягвае:

    «Пасля гэтага Сярэдзіч заснаваў прыватнае выданне, якое стала – і шмат гадоў было – вядучым незалежным выданнем у Беларусі, якое выходзіла ў найлепшыя часы чатыры разы на тыдзень, захоўвала фармат А2, такі рэдкі сёння ў Беларусі, карысталася вялікай папулярнасцю, мела вялікую базу чытачоў. І сутыкалася з вялікімі праблемамі ў звязку з гэтым».

    Газета выходзіла з матэрыяламі адначасова на беларускай і расейскай мовах. У «даінтэрнэтныя» часы папяровае выданне было адзінай формай распаўсюду газеты, у сярэдзіне 2000‑х наклады даходзілі да 150 тысяч экзэмпляраў. Рэдакцыя, кажа Бастунец, набрала базу чытачоў, а рэклама і распаўсюд друкаванай версіі дазвалялі газеце выжываць і атрымліваць прыбыткі. А калі ў 2006‑м «Белпошта» адмовілася распаўсюджваць газету, яе пачалі прадаваць і бясплатна раздаваць «па-партызанску».

    Таксама ў той час газета ўжо выдавала матэрыялы ў інтэрнэце. У ўэб-архіве захавалася галоўная старонка сайту «Народнай волі» з 2006 году:

    «Народную волю», як і шматлікія іншыя папяровыя выданні ў Беларусі, фактычна блакавалі для чытачоў, забаранілі друкаваць у Беларусі і давалі штрафныя санкцыі за нездаванне накладаў для падпіскі, потым фактычна забаранілі друкаваць нават у Расеі, згадвае старшыня БАЖ. Калі стала немагчыма друкаваць газету, яе пачалі выдаваць у фармаце PDF-файлаў. Журналістаў «Народнай волі» не раз затрымлівалі з палітычных прычынаў. А 16 чэрвеня 2023 года Міністэрства інфармацыі Беларусі анулявала пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі «Народнай волі».

    «„Народная воля“, безумоўна, прытрымлівалася дэмакратычных традыцыяў, але не стаяла на баку пэўнай партыі, пэўнага руху, – расказвае Бастунец. – Было зразумела, што калі існуе „Народная воля“, значыць, яшчэ застаецца незалежная прэса ў Беларусі».

    Бастунец не ведае, што з «Народнай воляй» будзе далей. Вядома, што газета – гэта не толькі Сярэдзіч, а ўся рэдакцыя, у якой робяць свой унёсак нямала вядомых журналістаў. Але іх сабраў Сярэдзіч, які вельмі клапатліва ставіўся да працаўнікоў. Прынамсі, папяровая «Народная воля» – гэта найперш Сярэдзіч. З пераходам у інтэрнэт, вядома, з’явіліся іншыя падыходы і іншыя асобы. Бастунец спадзяецца, што тыя, каму Сярэдзіч перадаў кіраванне «Народнай воляй», змогуць працягнуць выданне.

    Газета, чытанне якой было актам грамадскага непадпарадкавання

    Былая рэпарцёрка «Народнай волі», прадзюсарка Марыя Малевіч, расказвае «Белсату»: не верыцца, што могуць быць беларусы, якія не ведаюць, што гэта за газета.

    «Гэта такі “змагарскі” брэнд, як Зянон Пазняк ці БНФ, што наўпрост асацыюецца з беларускай апазіцыяй», – кажа Малевіч.

    «Народная воля» ў побытавым разуменні была, несумненна, апазіцыйным выданнем, працягвае яна, бо ад пачатку існавання адкрыта крытыкавала дзейныя ўлады, давала пляцоўку самым розным людзям. Але, згадвае журналістка, газету крытыкавалі часам і тыя, хто быў з ёю «на адным баку», бо выданне намагалася захаваць «адчуванне абодвух бакоў», заставацца аб’ектыўным і бесстароннім.

    «Народная воля», як кажа Малевіч, была «апошнім з магіканаў» з часу станаўлення беларускіх незалежных медыяў пасля распаду Савецкага Саюзу, праз якасць і манеру тэксту яна «звязвае нас з той эпохай, якой, магчыма, большасць ужо і не памятае, калі было больш надзеі, чым адчаю». Газета магла здавацца архаічнай, бо выдавалася да нядаўняга часу на паперы, прытым у «здаравенным» фармаце, але і пасля 2020 года перыядычна выдавала эксклюзіўныя матэрыялы, бо ў «Народнай волі» працавалі вельмі прафесійныя і адказныя журналісты, якія заставаліся ўнутры Беларусі.

    Хіба толькі сам Сярэдзіч ведае, чаго каштавала захаванне «Народнай волі», магчымасць заставацца ў Беларусі і працягваць выпускаць незалежную інфармацыю ва ўмовах рэпрэсіяў, разважае Малевіч. Але газета заставалася ўнутры краіны, таму калі пасля сыходу Сярэдзіча газета знікне, то гэта, кажа журналістка, будзе трагедыяй.

    «Гэта яшчэ адна старонка беларускай гісторыі, якую мы згубілі, – працягвае яна. – Я памятаю тыя натоўпы, чэргі людзей, якія прыходзілі ў рэдакцыю на Энгельса, 34А, каб набыць газету. І часам яны рабілі гэта не таму, што ім аж так хацелася пачытаць, што там друкуецца ў „Народнай волі“, а таму, што гэта быў акт грамадзянскай адказнасці, непадпарадкавання. Людзі такім чынам выказвалі свой пратэст, проста набываючы ў шапіках ці ў рэдакцыі „Народную волю“ і адкрыта гартаючы яе ў метро».

    Сярэдзіч – гэта і ёсць «Народная воля», перакананая Малевіч: ён стварыў выданне, апекаваўся ім, любіў і ненавідзеў газету, выхоўваў журналістаў. «Народная воля» з ім мяняла жыццё тых, хто ў ёй працаваў, кажа журналістка, хоць здагадваецца, што для чалавека, які ніколі не працаваў у медыях, гэта можа гучаць па-сектанцку.

    «Пасярод працоўнага дня Сярэдзіч мог прыехаць у рэдакцыю, прапанаваць маладзейшым журналістам сесці ў ягоную машыну, вазіў па горадзе, – згадвае Малевіч. – Каб потым пасадзіць у сябе ў кабінеце і спытаць: якія тэмы мы заўважылі, калі ехалі па цэнтры? Што мы ў акенцы як журналісты пабачылі, аб чым маглі б напісаць? Падаецца, што бздура такая, няма чаго дзядзьку рабіць. Насамрэч ён даваў магчымасці, даваў штуршок, даваў натхненне і адначасова быў самым строгім крытыкам усяго, што адбываецца ўнутры рэдакцыі».

    Асабіста для журналісткі сыход Сярэдзіча з «Народнай волі» азначае канец таго самага выдання, бо якімі б таленавітымі ні былі ягоныя намеснікі, «Народная воля» – гэта «каралеўства Іосіфа Паўлавіча».

    Чытайце яшчэ: 

    65-гадовы юбілей сустракае за кратамі Аляксандр Манцэвіч, галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты»

    Праваабаронцу Леаніду Судаленку патрабуецца дапамога

    Сайты, YouTube-праекты, аудыяпадкасты. Якія медыйныя праекты з’явіліся ў беларускай інфапрасторы ў 2023‑м

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці