У гадавіну смерці Рамана Бандарэнкі на БТ адбылася прэм’ера шоу, дзе адзін з удзельнікаў — Шакута
Днямі на тэлеканале «Беларусь 1» стартавала шоу «Героі. Перазагрузка». Вядзе яго ўнучка Лукашэнкі, а сярод удзельнікаў можна пабачыць баксёра Дзмітрыя Шакуту, які збіў Рамана Бандарэнку ў двары на Плошчы Пераменаў. Супадзенне ці не, але прэм’ера сезона адбылася роўна праз тры гады пасля забойства Бандарэнкі.
Экстрым-тэлешоу пазіцыяніруецца як сумесны праект спартыўнага клуба Лукашэнкі і Белтэлерадыёкампаніі. Улічваючы той факт, што кіруе спартыўным клубам Дзмітрый Лукашэнка, не дзіўна, што вядучай шоу другі сезон запар з’яўляецца яго дачка Дар’я. На гэты раз кампанію ёй склалі журналістка тэлеканала «Беларусь 5» Ганна Любянкова і расійскі спартыўны каментатар Віктар Гусеў.
Як паведамляў прэс-рэліз, «на вельмі складанай паласе перашкод у духу віртуальнай рэальнасці будуць прадстаўнікі масмедыя, спорту, культуры і мастацтваў. Восем каманд, дваццаць чатыры ўдзельнікі выйдуць з зоны камфорту насустрач страхам. У рэальным свеце на здымачнай пляцоўцы на запіс адной гульні ідзе каля шасці гадзін, і ўсё з першага дубля — у экшэн-шоу ніякіх паблажак».
Першы выпуск шоу «Героі. Перазагрузка» выйшаў 12 лістапада — менавіта ў той дзень, калі ў 2020 годзе ў лякарні памёр Раман Бандарэнка, жорстка збіты ў двары ўласнага дома. Цынізм сітуацыі ў тым, што сярод удзельнікаў шоу быў чалавек, які збіваў Бандарэнку, — баксёр Дзмітрый Шакута.
Ён выступаў у складзе каманды «Вулкан». Прафайл Шакуты на шоу выглядае так: спартовец (бокс), кіраўнік байцоўскага клуба, інструктар па спецпадрыхтоўцы. Пра тое, што шаснаццаціразовы чэмпіён свету па боксе і кікбоксінгу ўдзельнічаў у бойцы на Плошчы Перамен, канечне, не згадваецца.
Сам Шакута таксама ўпэўнены, што яго ведаюць выключна як прафесійнага спартоўца. Ён распавядае на відэа, што цяпер на аматарскім узроўні займаецца хакеем. Адрэналін для яго — гэта жыццёвае падсілкоўванне. Дзмітрый паведаміў, што любіць роўпджампінг і спрабаваў скакаць з мастоў у розных краінах — яму падабаецца пачуццё свабоднага падзення.
— Спартоўцы заўсёды жадаюць быць першымі, — адзначыў Шакута. — Тым больш, што тут у кожнай камандзе спартсмены вышэйшага ўзроўню.
Разам з Шакутам у камандзе выступаюць тэлевядучая Ганна Квілорыя і спявак Мікіта Бялько. Іх супернікамі была каманда «Пегас», у якую ўвайшлі спявак Тэа, спартовец і дэпутат Аляксандр Багдановіч, ды Анастасія Краўчанка — зорка тыктоку, студэнтка тэалагічнага факультэту БДУ, якая марыць размеркавацца на БТ, дзе зараз і працуе вядучай.
— Адчайныя смельчакі вырашылі кінуць выклік лёсу і пазмагацца за тытул герояў. Яны хочуць выявіць характар і гучней заявіць пра сябе. Ці не расчаруюцца яны? Час бітвы прыйшоў, — кажа камп’ютарным голасам Дар’я Лукашэнка.
Да фіналу каманды дайшлі з лікам 3:3. У апошнім спаборніцтве сышліся спартовец Аляксандр Багдановіч і Дзмітрый Шакута: ім трэба было ўзлезці на вежу і схапіць галоўны крышталь гульні. У апошні момант Шакута схапіў крышталь і здабыў перамогу для каманды.
Чытайце таксама:
Вядоўца «Радыё Рацыя» прэзентаваў у Беластоку сваю кнігу вершаў
Адзін з арганізатараў забойства Ганны Паліткоўскай вызвалены. Ён ужо ваюе супраць Украіны
«За кожным зняволеным журналістам стаіць пракурор, суддзя, турэмшчык. Дзе расследаванні?» Няпростая дыскусія пра медыі ў выгнанні