У брэсцкай міліцыі абмяркоўвалі, як супрацоўнічаць са СМІ. А ці паклікалі журналістаў?
Ва ўпраўленні ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама адбыўся круглы стол на тэму «Актуальныя аспекты ўзаемадзеяння праваахоўнікаў і іншых зацікаўленых службаў са СМІ». Справаздачу пра мерапрыемства апублікавалі ў адным з Telegram-каналаў, звязаных з сілавікамі.
У тэксце распавядаюць, што мэтай мерапрыемства было «стварэнне дыялогу паміж прадстаўнікамі розных службаў і падраздзяленняў, абмен вопытам і поглядамі на пытанні ўзаемадзеяння са СМІ». Таксама адзначаецца, што «плённы і адкрыты абмен думкамі дапамагае сфармаваць эфектыўную інфармацыйную і камунікатыўную прастору паміж прадстаўнікамі сумежных службаў».
Паведамляецца, што ўдзельнікі сустрэчы абмеркавалі пытанні і сумесныя ініцыятывы, звязаныя з узаемадзеяннем паміж сілавымі структурамі і іншымі суб’ектамі прафілактыкі праз СМІ. А яшчэ «прааналізавалі актуальныя праблемы, разгледзелі сучасныя трэнды для паляпшэння супрацы».
Разам з тым са зместу публікацыі засталося незразумелым: ці паклікалі на круглы стол, прысвечаны «ўзаемадзеянню са СМІ», саміх журналістаў, хоць бы дзяржаўных выданняў і тэлеканалаў.
На фотаздымках, якія ілюструюць праведзенае мерапрыемства, можна ўбачыць толькі прадстаўнікоў прэс-службаў сілавікоў у брэсцкім рэгіёне.
Да 2020 года падобныя сустрэчы адбываліся рэгулярна, і на іх запрашалі, у тым ліку, журналістаў незалежых медыя.
Чытайце яшчэ:
«Я адрозніваю, дзе прапаганда, а дзе праўда. Тады мне варта паступаць на журфак БДУ?» На складанае пытанне адказвае Глафіра Жук
«Вымушаныя меры, каб захаваць часопіс». З падпіскі прапалі легендарныя «Каламбур» і «Один дома»
Чаму людзі ня вераць фактам? І што з гэтым можна зрабіць?