«Вымушаныя меры, каб захаваць часопіс». З падпіскі прапалі легендарныя «Каламбур» і «Один дома»
Чытачы «Нашай Нівы» расказалі, што не могуць выпісаць часопісы «Каламбур» і «Один дома».
Выданні прыбралі з падпіснога каталога. «Прыём падпіскі закрыты ў сувязі з непраходжаннем перарэгістрацыі выдання», — сказана на сайце Белпошты.
Старыя нумары яшчэ можна купіць у кнігарнях і кіёсках, а новыя з другой паловы гэтага года ў продажы не з’явіліся.
Аднаго з чытачоў у Міністэрстве інфармацыі запэўнілі, што часопіс застаецца ў рэестры зарэгістраваных выданняў, а яго прысутнасць у падпісным каталогу залежыць ад рашэння самой рэдакцыі. Чаму ён знік з падпіскі, чыноўнікі не ведаюць.
Сам часопіс у сваім тэлеграм-канале тлумачыць, што ў іх «цяжкасці і бюракратычныя праблемы». У ліпені рэдакцыя абвясціла, што падпіскі ў другім паўгоддзі 2023-га не будзе, але ў свабодным продажы выданне зʼявіцца.
Крыніца, блізкая да рэдакцыі часопіса, гаворыць, што выданне мае «фінансавыя праблемы, якія ўскладняюць працу, але яны не катастрафічныя і вырашальныя».
Цягам тыдня ў продажы павінны з’явіцца 7‑ы і 8‑ы нумары (за ліпень і жнівень). Іх друкуюць з вялікай затрымкай.
У рэдакцыі выдання аднаму з чытачоў паведамілі, што «ў часопіса напраўду праблемы, але намераў закрыць яго няма». Кажуць, у першым паўгоддзі 2024-га ў падпіску ён не вернецца, а вось з лета ўжо можна будзе падпісацца.
«Гэта вымушаныя меры, каб захаваць часопіс. Ці будзе даступная анлайн-версія — пытанне адкрытае», — адказалі чытачу.
Пры заключэнні дамовы з Белпоштай аб распаўсюдзе па падпісцы, выданне абяцае своечасова выдаць заяўленую колькасць нумароў.
У сацыяльных сетках рэдакцыя заклікае чытачоў падпісвацца на тэлеграм-канал часопіса. У групе няма свежых нумароў, але ёсць навіны аб іх выхадзе і анонсы.
Першыя нумары рускамоўнага забаўляльнага часопіса «Каламбур» пабачылі свет у 1997 годзе.
У ім былі жарты, навіны і поп-культура свету, коміксы, конкурсы і крыжаванкі. Стартавы нумар выдання выйшаў накладам 40 тысяч экзэмпляраў на 32 старонках. У 2000‑я тыраж сягаў 220 тысяч. Пазней у рэдакцыі стаў выходзіць і часопіс «Один дома».
Са зʼяўленнем сацыяльных сетак наклад часопісаў стаў падаць. У 2012 годзе змяніўся галоўны рэдактар.
Выдаўцом «Каламбура» і яго дадаткаў выступае кампанія «Росчерк», якой належыць і выдавецкі дом «Віта». «Росчерк» — найбуйнейшы дыстрыб’ютар часопісаў у Беларусі.
«Развлекательный Каламбур» і «Один дома» выходзяць раз на месяц, распаўсюджваюцца ў Беларусі і Расіі.
Чытайце яшчэ:
«34. Гэта не лічбы, а нашы сябры і блізкія за кратамі». Марафон салідарнасці са зняволенымі журналістамі працягваецца
Вайна скончыцца. Калі-небудзь. У нашых фэйсбучных баталіях. Барыс Гарэцкі пра ўражанні ад паездкі ў Кіеў
«Вся страна сейчас живет так, как годами жили пострадавшие от домашнего насилия». Большой разговор с Ольгой Горбуновой