Чаму людзі ня вераць фактам? І што з гэтым можна зрабіць?
Звычайна лічыцца, што новыя факты прымушаюць людзей пераасэнсоўваць свае перакананьні і часам мяняць іх — калі факты супярэчаць таму, ува што раней верыў чалавек. Але насамрэч гэта ня так, піша Свабода.
Людзі часьцей за ўсё ігнаруюць непрыемныя факты, а часам нават робяцца яшчэ больш упэўненыя ў сваёй рацыі, калі факты пярэчаць іх перакананьням.
Калі ў нешта паверыш, фактам гэта цяжка зьмяніць
Яшчэ ў 1975 годзе навукоўцы ў Стэнфардзкім унівэрсытэце правялі экспэрымэнт. Яго ўдзельнікам раздалі па дзьве запіскі пра самагубства. Ім сказалі, што адна з запісак прыдуманая, а пасьля другой рэальны чалавек забіў сябе. Трэба было вызначыць, якая зь іх сапраўдная.
Потым некаторым удзельнікам патлумачылі, што яны правільна вызначылі 24 з 25 запісак. Іншыя даведаліся, што яны ў гэтым заданьні безнадзейныя — маўляў, ім удалося правільна вызначыць запіску ня больш за 10 разоў.
Насамрэч рэальныя вынікі практычна не адрозьніваліся, і ўдзельнікам потым пра гэта сказалі, патлумачыўшы, што насамрэч хацелі праверыць іх рэакцыю (хоць гэта таксама было няпраўдай).
Урэшце ўдзельнікаў папрасілі ацаніць, колькі запісак, на іх думку, яны вызначылі правільна, параўнальна зь сярэднім паказьнікам у экспэрымэнце. Тыя, каму першапачаткова сказалі пра іх «геніяльнасьць», адказалі, што яны вызначылі ўсё нашмат лепш за сярэдняга ўдзельніка. Тыя, каму раней сказалі пра іх «правал», адказалі, што іх вынік быў значна горшы, чым сярэдні паказьнік.
Абедзьве высновы ня мелі апоры ў рэальнасьці, і ўдзельнікам экспэрымэнту пра гэта ўжо казалі раней. Але гэта не дапамагло.
Людзям важней перамагаць у спрэчках, чым разважаць лягічна
Навуковец Азан Варол, які раней працаваў у будаўніцтве касьмічных ракетаў, а потым выдаў кнігу пра асаблівасьці мысьленьня, піша: «Калі вы сумняваецеся ў сіле перадузятасьці нашага ўспрыняцьця, прыгадайце апошні раз, калі вы шукалі праз Google адказу на нейкае пытаньне. Ці старанна вы прачыталі тэкст па кожнай спасылцы, каб атрымаць шырокую аб’ектыўную карціну? Ці вы проста прагледзелі спасылкі, каб знайсьці старонку, якая пацьвердзіць тое, ува што вы ўжо верылі? І тут трэба прызнаць, што вы заўсёды знойдзеце такую старонку, асабліва калі вы гатовыя прагледзець 12 экранаў з вынікамі пошуку».
У кнізе «Загадка мысьленьня» францускія дасьледчыкі Юго Мэрсье і Дан Спэрбэр паспрабавалі патлумачыць, чаму часта факты так мала ўплываюць на перакананьні. Паводле іхнай гіпотэзы, чалавечы розум быў сфармаваны эвалюцыяй у саваннах Афрыкі, як, напрыклад, хаджэньне на дзьвюх нагах ці зрокавая сыстэма, якая базуецца на трох асноўных колерах. І асноўная перавага, якую людзі маюць перад іншымі біялягічнымі відамі, — здольнасьць супрацоўнічаць.
Супрацоўніцтва цяжка наладзіць і амаль настолькі ж цяжка захаваць. Таму, паводле Мэрсье і Спэрбэра, чалавечы розум сфармаваўся ў асноўным не для таго, каб разьвязваць абстрактныя лягічныя праблемы ці нават дапамагаць нам рабіць высновы з новай інфармацыі. Яго галоўная задача — вырашаць праблемы, якія паўстаюць у выніку жыцьця ў групах. Для чалавека было найважнейшым захаваць свой сацыяльны статус у групе і гарантаваць, што іншыя чальцы групы не лайдачаць, пакуль ён ці яна рызыкуе і працуе.
Паводле гэтай гіпотэзы, для чалавека было нашмат важней перамагаць у спрэчках, чым разважаць лягічна і ясна. Як адзначаюць Мэрсье і Спэрбэр, за апошнія стагодзьдзі ўмовы чалавечага існаваньня памяняліся занадта хутка, каб працэс натуральнага адбору пасьпеў неяк зьмяніць звычкі нашага мысьленьня.
У сёньняшніх складаных грамадзкіх і палітычных пытаньнях цяжка разабрацца самому, але пры гэтым часта вельмі важна захоўваць адданасьць сваёй групе і ўяўленьням пра самога сябе.
Спробы абвергнуць перакананьні могуць іх узмацніць
Яшчэ ў адным экспэрымэнце, які праводзілі ў Стэнфардзе, студэнтаў падзялілі на дзьве групы. У адну сабралі людзей, якія выступалі супраць сьмяротнага пакараньня і лічылі, што яно не дапамагае стрымаць злачыннасьць. У другую — тых, хто быў за тое, каб захаваць сьмяротнае пакараньне, і верыў, што яно стрымлівае злачыннасьць.
Студэнтам паказалі два дасьледаваньні. У адным высновы былі на карысьць «эфэкту стрымліваньня» ад сьмяротнага пакараньня. У другім гэты эфэкт ставіўся пад сумнеў. Абодва дасьледаваньні былі цалкам прыдуманыя паводле адной і той жа схемы.
Тыя студэнты, якія першапачаткова падтрымлівалі сьмяротнае пакараньне, ацанілі дасьледаваньне на карысьць «эфэкту стрымліваньня» як вельмі пераканаўчае, а другое дасьледаваньне як непераканаўчае. Тыя студэнты, якія адпачатку былі супраць сьмяротнага пакараньня, ацанілі гэтыя два несапраўдныя дасьледаваньні цалкам адваротна.
У канцы экспэрымэнту студэнтаў зноў апыталі пра іх стаўленьне да сьмяротнага пакараньня. Тыя, хто першапачаткова падтрымліваў яго захаваньне, яшчэ больш узмацнілі свае перакананьні. Узмацніліся перакананьні і тых, хто адпачатку быў супраць сьмяротнага пакараньня.
Мэрсье і Спэрбэр кажуць пра так званую «перадузятасьць свайго боку» — людзі даволі цьвяроза ацэньваюць чужыя аргумэнты, але часта сьляпыя да лягічных памылак у сваіх уласных.
Навуковец Азан Варол тлумачыць , што перакананьні, у тым ліку палітычныя, вельмі часта робяцца часткай самаідэнтыфікацыі чалавека, і той успрымае іх крытыку як напад на ўласную асобу. Таму, каб мець шанцы некага пераканаць і каб самому не зрабіцца зацятым ва ўласных памылках, ён дае чатыры парады:
1. Даць магчымасьць прызнаць памылку, захаваўшы твар
Трэба пераканаць ці свой розум, ці розум іншага чалавека, што папярэдняя пазыцыя была правільнай, калі ўлічыць тое, што было вядома на той час, але цяпер, калі зьявіліся новыя факты, яе варта памяняць.
Замест гэтага суразмоўцу ў спрэчцы часта прыніжаюць («Я ж табе казала/казаў») ці наўпрост зьневажаюць («Ну ты ідыёт»). Пры такім падыходзе, калі чалавек памяняе сваю пазыцыю, то будзе вымушаны прызнаць, што быў дурнем. Большасьць людзей да такога не гатовыя, у тым ліку і ў сваіх палітычных перакананьнях.
Варол падае прыклад Калюмбіі ў 1950‑я гады, калі там панавала вайсковая дыктатура Густава Рохаса. Армія Калюмбіі была моцна замяшаная ў злачынствах рэжыму, але грамадзянскі рух, які хацеў пазбавіцца дыктатуры, пазьбягаў паказваць пальцамі на вайскоўцаў.
Апазыцыя Рохасу ўсьведамляла, што падтрымка вайскоўцаў ёй спатрэбіцца і каб пераняць уладу, і пазьней. Таму для грамадзкага спажываньня выкарыстоўвалі гісторыю, у якой армія стаяла асобна ад рэжыму. У гэтай вэрсіі падзей, якая была нашмат больш прымальная для вайскоўцаў, за злоўжываньні рэжыму несьлі адказнасьць толькі «прэзыдэнцкая сямʼя» і шэраг карумпаваных чыноўнікаў з атачэньня Рохаса. Паводле Варола, такі падыход дапамог у пераходзе ад дыктатуры да дэмакратыі.
2. Памятаць, што вашы перакананьні — гэта ня вы
Калі вашы перакананьні зьвязаныя з самаідэнтыфікацыяй, вы мусіце яе мяняць, каб памяняць свае погляды. Гэта вельмі цяжка зрабіць.
Варол піша, што на пачатку акадэмічнай карʼеры вельмі эмацыйна рэагаваў на крытычныя заўвагі падчас сваіх прэзэнтацый. «Сэрца пачынала біцца хутчэй, я напружваўся, і ў маім адказе чулася пагарда да крытычнага пытаньня (і да таго, хто яго задаваў)».
Ён тлумачыць, што потым цягам жыцьця вучыўся аддзяляць сваю асобу ад тых інтэлектуальных прадуктаў, якія ствараў. Каб адлюстраваць гэтую зьмену, ён памяняў і свае звычкі ў маўленьні. Напрыклад, на канфэрэнцыях, замест «У гэтым дакладзе я даводжу…», ён стаў казаць: «У гэтым дакладзе даводзіцца…».
Відавочна, аргумэнты заставаліся тыя ж самыя, і ён быў іх аўтарам, але такая фармулёўка падкрэсьлівала, што аргумэнты — нешта вонкавае, на што можна глядзець зь нейкай доляй абʼектыўнасьці. «Гэта перастала быць асабістай справай. Гэта стала проста гіпотэзай, якая не пацьвердзілася».
3. Трэніраваць эмпатыю (здольнасьць адчуваць эмацыйны стан іншага чалавека)
Калі нехта не пагаджаецца з вамі, гэта ня значыць, што вы маеце рацыю, а гэты чалавек — не. Проста нехта можа верыць ня ў тое, ува што верыце вы.
Варол тлумачыць, што наўрад ці ўдасца пераканаць работнікаў аўтамабільнага заводу памяняць погляды на глябальнае пацяпленьне, калі яны лічаць, што вашы погляды пазбавяць іх працы.
Ня мае сэнсу паказваць гэтым людзям здымкі ледавікоў і пінгвінаў, якія трапілі пад пагрозу. Калі чалавека найбольш цікавіць працоўнае месца, трэба паказаць, як альтэрнатыўная энэргетыка створыць новыя працоўныя месцы для іх і для іхных дзяцей.
4. Выйсьці з сваёй «рэха-камэры»
Мы ўсе жывём у так званых «рэха-камэрах». У нашай стужцы на Facebook і ў іншых сацыяльных сетках — людзі з поглядамі, падобнымі да нашых настолькі часта, як было б варта, піша Варол.
Паспрабуйце кантактаваць зь людзьмі, якія з вамі ня згодныя. Праверце сябе ў асяродзьдзях, дзе вашы перакананьні паставяць пад сумнеў, хоць гэта можа быць непрыемным.
Задайце сабе пытаньне: «Які факт мог бы памяняць мае перакананьні?». Калі адказ — «Ніякі», дык гэта праблема.
Каб пабачыць праўду замест таго, што зручна бачыць, трэба мець мужнасьць і рашучасьць, але праўда таго вартая, піша Варол.
Аднак ва ўмовах Беларусі сытуацыя яшчэ больш ускладняецца. Агучваць некаторыя думкі, асабліва на палітычныя тэмы, можа быць папросту небясьпечным. Варта разумець, з кім і дзе мае сэнс дыскутаваць, каб, выходзячы з «рэха-камэры», ня трапіць у камэру турэмную.
Чытайце яшчэ:
«34. Гэта не лічбы, а нашы сябры і блізкія за кратамі». Марафон салідарнасці са зняволенымі журналістамі працягваецца
Вайна скончыцца. Калі-небудзь. У нашых фэйсбучных баталіях. Барыс Гарэцкі пра ўражанні ад паездкі ў Кіеў
«Вся страна сейчас живет так, как годами жили пострадавшие от домашнего насилия». Большой разговор с Ольгой Горбуновой