У Баранавічах старшыня гарвыканкама зладзіў прэс-канферэнцыю для мясцовых блогераў
Справаздачу пра сустрэчу апублікавалі дзяржаўныя СМІ і адзначылі, што такія мерапрыемствы кіраўнік выканаўчай улады ў горадзе ладзіць рэгулярна. На сустрэчу запрасілі выключна тых блогераў, што вядуць забаўляльны кантэнт.
Сустрэча старшыні Баранавіцкага гарыканкама Міхаіла Бацэнка з блогерамі адбылася 19 снежня 2023 года і працягвалася больш за дзве гадзіны. Як высветлілася, напярэдадні запрошаныя блогеры — іх назвалі «лідарамі меркаванняў» — анансавалі яе ў сваіх акаўнтах і на старонках у сацыяльных сетках. Такім чынам яны збіралі пытанні ад сваіх падпісчыкаў да Міхаіла Бацэнкі.
Мяркуючы па справаздачы ў дзяржаўных СМІ, непрыемных пытанняў кіраўніку мясцовай вертыкалі ў другім па колькасці жыхароў горадзе Брэсцкай вобласці блогеры не задавалі. Пыталіся пра намер уладаў пераўтварыць адну з вуліц у Баранавічах у пешаходную, як зрабіць больш прывабнымі спартыўныя мерапрыемствы альбо пра добраўпарадкаванне месцаў адпачынку.
А яшчэ задалі пытанне: чаму ў горадзе з’явіўся новы ліхтар ў выглядзе Ката Бегемота — персанажа з рамана Міхаіла Булгакава «Майстар і Маргарыта».
«Як на экскурсіі растлумачыць людзям, чаму менавіта гэты персанаж быў абраны ў якасці арт-аб’екта?», — здзіўляўся адін з прысутных.
У адказ старшыня гарвыканкама спаслаўся на тое, што быў добры эскіз. «Ідэю мы выношвалі ад пачатку года. Твор вядомы, персанаж яркі, вядомы. Трохі дапрацавалі, і выйшаў такі ліхтар. Дадалі на бульвар крыху загадкі», — распавёў Бацэнка. Ён таксама дадаў, што здолелі даведацца: у 1916 годзе на фронце пад Баранавічамі служыў хірургам сам Міхаіл Булгакаў. І гэты цікавы факт можна выкарыстаць падчас распрацоўкі турыстычнага маршруту.
Напрыканцы сустрэчы старшыня гарвыканкама заўважыў, што блогеры хоць і вядуць забаўляльны кантэнт, але сабралі актуальныя пытанні, якія тычацца паляпшэння якасці жыцця ў Баранавічах.
Варта нагадаць, што доўгі час у Баранавічах самым папулярным выданнем сярод мясцовых жыхароў была недзяржаўная газета Intex-press. Пасля падзей 2020 года выданне і асобныя журналісты зведалі ціск з боку сілавікоў. Сёлета ў красавіку суд Баранавічскага раёна і горада Баранавічы на патрабаванне Баранавічскай міжраённай пракуратуры прызнаў кантэнт незалежнага выдання «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Праз некалькі дзён улады абмежавалі доступ да сайта Іntex-press.by на тэрыторыі Беларусі. Зроблена гэта было паводле пастановы пракурора Брэсцкай вобласці Віктара Клімава.
Чытайце яшчэ:
Экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй прызнана старонка «Новага Часу» ў сацыяльнай сетцы «Х» (былы Тwitter)
Суды Брэсцкай вобласці істотна папоўнілі спіс «экстрэмістаў» у рэгіёне за кошт сацсетак мясцовых
Дзяржаўная раёнка ў Кобрыне зладзіла «Дзень падпісчыка»… у мясцовым райвыканкаме