Дзяржаўная раёнка ў Кобрыне зладзіла «Дзень падпісчыка»… у мясцовым райвыканкаме
Як адзначылі ў рэдакцыі газеты «Кобрынскі веснік», супрацоўнікі выдання разам з прадстаўнікамі «Белпошты» наведалі чыноўнікаў непасрэдна на працоўных месцах — каб тыя, «не адрываючыся ад працэсу, змаглі выпісаць любімую газету».
Варта заўважыць, што заснавальнікамі «Кобрынскага весніка» з’яўляюцца мясцовыя раённы Савет дэпутатаў і раённы выканаўчы камітэт. Менавіта ідэолагі з райвыканкама (як і ў іншых рэгіёнах Беларусі) адсочваюць, як ідзе падпісная кампанія на дзяржаўныя газеты.
А прымусовая падпіска на перыядычныя выданні з дзяржаўнай формай уласнасці стала ў Беларусі звыклай з’явай. Даволі часта працаўнікі прадпрыемстваў і ўстаноў, і нават школьнікі, не маюць магчымасці адмовіцца і праз ціск з боку чыноўнікаў вымушаныя выпісваць дзяржаўныя газеты ў, так бы мовіць, дабравольна-прымусовым парадку. Пасля пра гэта трэба адсправаздачыцца кіраўніцтву.
Дарэчы, доўгі час «Кобрынскі веснік» (як і яго папярэднік — газета «Камуністычная праца») друкаваўся два разы на тыдзень. А з 1 ліпеня 2023 года газета выходзіць адзін раз на тыдзень, але з тым жа аб’ёмам і ў колеры. Такім чынам выданне ператварылася ў штотыднёвік і, як прызнаюцца ў рэдакцыі, не ўсе падпісчыкі адразу прызвычаілся да фармату «таўстушкі».
Заўважна і яшчэ адна даволі адметная змена: у кобрынскай газеце, якая пакуль захоўвае беларускамоўную назву, амаль зніклі публікацыі на беларускай мове. Затое ў рэдакцыі пахваліліся новымі праектамі, што з’явіліся ў «Кобрынскім весніку» ў 2023 годзе. Сярод іх — «Тыдзень прэзідэнта», «Раўненне на герояў» ды іншыя матэрыялы, зробленыя ў прапагандысцкім стылі.
Чытайце яшчэ:
Менскія школьнікі запісалі АЎДЫЯ, як настаўніца патрабуе грошы на падпіску
БАЖ падводзіць вынікі працы за год. Падтрымка журналістаў і медыяў, кампаніі салідарнасці, еўрапейскія ўзнагароды і ТікТок
Магілёўскі блогер і журналіст Аляксей Бацюкоў, імаверна, затрыманы