• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Твой ліст як паветра, дыхаў бы, дыхаў». Журналіст з прэзыдэнцкага пулу ў калёніі вучыцца на зваршчыка і піша вершы

    «Радыё Свабода» распавядае, што вядома пра Дзмітрыя Семчанку, якога асудзілі на 3 гады пазбаўлення волі.

    Тэлевядоўца, былы супрацоўнік АНТ Дзьмітры Семчанка адбывае пакараньне ў калёніі № 22 пад Івацэвічамі. У зьняволеньні Семчанка ўжо каля паўгода. Крыніца, якая мае кантакты з былымі вязьнямі калёніі, падзялілася са Свабодай апошнімі зьвесткамі пра журналіста.

    «Ён трымаецца нармальна, мае роўныя адносіны зь іншымі вязьнямі. Вучыцца на зваршчыка, у вольны час шмат займаецца спортам — яго часта бачаць на спартовай пляцоўцы», — расказала крыніца. Паводле яе зьвестак, Дзьмітры Семчанка ня скардзіцца на здароўе. Палітвязень знаходзіць час на чытаньне мастацкай літаратуры і ўдасканальвае сваю ангельскую мову.

    «Да яго даходзяць лісты ад сваякоў, ёсьць і тэлефонныя званкі. На волю яму выходзіць у сярэдзіне 2025 году. Пратрымаецца!» — мяркуе крыніца пра Дзьмітрыя Семчанку.

    У 2020 годзе Дзьмітры Семчанка ўзначальваў на АНТ гэтак званы прэзыдэнцкі пул — адмысловую групу журналістаў, якія асьвятлялі афіцыйныя падзеі, зьвязаныя з Аляксандрам Лукашэнкам. Паваротным пунктам у ягонай кар’еры сталі прэзыдэнцкія выбары 2020 году. Неўзабаве пасьля іх журналіст звольніўся з АНТ, а ў верасьні яго пакаралі адміністрацыйным арыштам за ўдзел у пратэставым маршы.

    Да 2022 году Семчанка займаўся грамадзкімі сувязямі, працаваў у фірме «Белагра», а ў канцы году яго зноў затрымалі і пасьля двух тэрмінаў па 15 сутак выставілі абвінавачаньне паводле 130 артыкула Крымінальнага кодэксу — за «падбухторваньне да іншай сацыяльнай варажнечы». У сакавіку 2023 году Семчанку прызналі вінаватым і прысудзілі яму 3 гады зьняволеньня, ягоная апэляцыйная скарга выніку не дала.

    Зь вязьніц, дзе сядзеў Дзьмітры Семчанка, ён дасылаў напісаныя ў няволі вершы. Некаторыя зь іх, як верш «Тры крокі», а таксама верш пра беларускую мову, ужо публікаваліся раней. Паводле крыніцаў Свабоды, творчасьць палітвязьня за кратамі працягваецца. 

    У адным зь лістоў на волю Дзьмітры Семчанка прызнаўся: «Прыемная ўвага, якая надае сэнс маім учынкам і сёньняшняму існаваньню тут. Міне нейкі час (спадзяюся, што хутка), і ў адным са знакавых месцаў абавязкова зробяць помнік у выглядзе анёла з паштоўкай у адной руцэ і бандэролькай у другой. Зразумела, каму ён будзе прысьвечаны».

    • Беларускія праваабаронцы прызналі Дзьмітрыя Семчанку палітвязьнем.

    • За кратамі ў Беларусі цяпер 33 журналісты. За студзень-верасень 2023 году 15 журналістаў асудзілі паводле крымінальных абвінавачваньняў, а ўжо асуджаную журналістку «Белсату» Кацярыну Андрэеву летась «даасудзілі» за «здраду дзяржаве». На працягу 2022 году было вынесена 17 прысудаў па крымінальных справах у дачыненьні да журналістаў і мэдыяработнікаў, сярод іх найбольшы тэрмін быў прызначаны Андрэю Аляксандраву, які праходзіў па справе БелаПАН, — 14 гадоў калёніі.

    • З пачатку 2023 году прайшлі 26 ператрусаў у дамах журналістаў і ў рэдакцыях мэдыяў, было 35 затрыманьняў і 14 адміністратыўных арыштаў журналістаў, таксама сілавікі выклікалі журналістаў для апытаньня, наведвалі сваякоў і абшуквалі дамы тых, хто зьехаў зь Беларусі. У 2022 годзе БАЖ зафіксаваў 40 затрыманьняў журналістаў і 55 ператрусаў (зь іх 5 — у рэдакцыях СМІ), 20 разоў журналістаў арыштоўвалі паводле адміністрацыйных артыкулаў.

    Чытайце яшчэ:

    Журналіст Павел Казарын, які ваюе з першых дзён: Украінскія хэмінгуэі і рэмаркі, калі выжывуць, пачнуць пісаць кнігі

    Лондан на сувязі. Барацьбіты з цэнзурай узялі ўдзел у Марафоне салідарнасці

    «За кожным зняволеным журналістам стаіць пракурор, суддзя, турэмшчык. Дзе расследаванні?» Няпростая дыскусія пра медыі ў выгнанні

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці