• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Стукацтва пачынаецца на волі. Фрагмэнты кнігі Алега Грузьдзіловіча

    Перапоўненыя палітвязьнямі камэры, катаваньні, этапы, штрафныя ізалятары. Гэта ня сталінскія 1930-я. Гэта Беларусь 2020-х.

    Пра свой дзевяцімесячны турэмны досьвед востра, дасьціпна, з надзеяй на дэмакратычную будучыню краіны апавядае журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч у кнізе «Мае турэмныя муры», якая выходзіць у сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе». У кнізе выкарыстаныя малюнкі аўтара.

    Свабода публікуе фрагмэнты кнігі.

    Стукачы

    У сэктары — тры атрады, у кожным прыблізна па сто чалавек. Гэтыя трыста асуджаных гуляюць, шыхтуюцца, кураць, рэжуцца ў нарды, чытаюць, прыстасаваўшыся на лавачках, кнігі і лісты. І ўсё гэта на адной невялікай тэрыторыі з трох бакоў будынку, якую завуць «лякалкай» — значыць, лякальнай зонай. Прыблізна 300 квадратных мэтраў на 300 чалавек! То бок калі ты выходзіш проста прагуляцца, дык можаш сустрэцца зь любым з гэтых людзей твар у твар зусім выпадкова. Павітацца, папрасіць цыгарэту, загаварыць, паступова пасябраваць. І адкуль ты будзеш ведаць, што пазнаёміўся з чалавекам, які рэгулярна сустракаецца з опэрам, піша яму справаздачы ці расказвае вусна пра ўсе падзеі ў атрадзе (ня ведаю, як яны гэта робяць). Карацей, з стукачом. І як засьцерагчыся ад такога непажаданага кантакту?

    Падчас ужо першага выхаду на прагулку вакол сэктару некалькі разоў ад розных людзей пачуў адно і тое ж папярэджаньне: «Ты вось з гэтым лепш не кантактуй, ён стукач. Будзь зь ім асьцярожней». Чым з большай колькасьцю людзей знаёміўся, тым часьцей гучалі падобныя «сыгналы». Дайшло да сьмешнага. Неяк мне паказалі на асуджанага зь іншага атраду і запэўнілі пра яго, што «пэўна стукач». Ну, стукач дык стукач. Я іх не калекцыяную.

    Але потым гэты ж чалавек падышоў да мяне, назваўся па імені, нагадаў, дзе і калі мы былі знаёмыя. Прыгледзеўся да яго, і праўда — 20 гадоў таму былі знаёмыя. Ёсьць што згадаць пра агульнае мінулае. Размаўляем, і вось ужо ён мне паказвае якраз на таго чалавека, які раіў зь ім ня мець спраў, бо ён стукач. Тут маё цярпеньне лопнула, і я сказаў: «Усё, хопіць! Вас усіх паслухаць, дык вакол адны стукачы. І што цяпер, ні з кім не гаварыць і ня бачыцца? Не, я так ня буду».

    Дарэчы, да апошняга дня ў калёніі добра камунікаваў з абодвума тымі нібыта стукачамі. У чым праблема? Ня хочаш нешта казаць пра сябе — не кажы, але штучна сувязяў перарываць ня варта, бо без чалавечых адносінаў у вязьніцы не пражыць. А з пэўнасьцю, што нехта стукач, усё роўна не даведаесься.

    Хоць — так, стукачоў, тым больш калі ты палітычны, сапраўды вакол можа быць нямала. Калі б была магчымасьць паглядзець у асабовую справу, прачытаць складзеныя пра мяне справаздачы, дык, можа, дзіву б даўся!

    Кажу так упэўнена, бо на камісіі перад першым ШЫЗА начальнік пытаўся ў супрацоўніка апэратыўнага аддзелу: «Што ёсьць на яго?» І той, разгарнуўшы нейкую тэчку, відаць, маю справу, гучна зачытаў зь яе: «У размове… чысла… час… сказаў…». Пэўна ведаю, што ў той час я не сядзеў дзе ў сталоўцы ці кубрыку, а прагульваўся зь сябрам у дворыку, а побач гулялі іншыя асуджаныя. Толькі нехта зь іх мог падслухаць нашу размову і працытаваць яе ў сваім даносе, прычым шмат што пры гэтым пераблытаўшы. Упэўнена магу сказаць, хто быў тымі вушамі апэратыўнікаў. Але што тут зробіш? У стукачоў такая натура, калі пагаджаюцца на брудную працу. Калі-небудзь ім гэта абавязкова адгукнецца.

    Выпадак, пра які згадаў, адбыўся ў карантыне. Але пільнае сачэньне, ня проста сачэньне, а сапраўднае шпіёнства будзе суправаджаць асуджаных увесь тэрмін і паўсюль: у «кубрыку», на промцы, у спартовым гарадку.

    Уціраюцца ў давер

    Што так будзе, мяне ў першы ж дзень атраднага жыцьця папярэдзіў сусед па шконцы Вадзім. Сказаў, што як толькі новенькі зьяўляецца ў атрадзе, стукачам аддаецца загад зьбіраць пра яго ўсе магчымыя зьвесткі, каб было вядома нават, «на якім баку спаць любіць». Таму будзь пільным у словах і дзеяньнях.

    Толькі самае цікавае, што той самы Вадзім, найхутчэй, пра мяне таксама стучаў. Упэўнены ў гэтым, бо праз тры месяцы пасьля гэтай размовы яго неасьцярожнай рэплікай выдаў афіцэр з нашага атраду. Цяпер думаю: навошта сусед тады пускаўся ў шчырасьць, папярэджваў пра стукачоў вакол, калі сам быў такі? Адказ адзіны: вязень ён быў ужо дасьведчаны, а калі нібыта клапоцісься, лягчэй за ўсё ўцерціся ў давер. Дык я і без таго ставіўся да яго нармальна, дзяліўся салам, кавай, цукеркамі. Вадзіма было шкада. Яшчэ малады, арганізм патрабуе калёрый, а з дому дапамогі амаль ніякай, дык як не падзяліцца? Калі табе за 60, ты ва ўсіх вакол схільны бачыць дзяцей, толькі што ў кожнага сваё захапленьне, свае гульні. Адзін хаваецца, другі даганяе, трэці гуляе ў шпіёна.

    Вядома, у любы момант тая ўмоўная «ідылія», якой падтрымліваеш у сабе чалавека, можа скончыцца, і часам гэта здараецца зусім раптоўна. Калі другім разам апынуўся ў ШЫЗА, да мяне ў камэру пасадзілі хлопца. Марат падзяліўся турэмным досьведам: «Ніколі ў атрадзе нікому не адкрывай душу. Тут вакол усе стучаць. Вось я мацюкнуўся на аднаго д… з нашага атраду, побач былі толькі самыя блізкія сябры, а ўжо праз гадзіну я тут, у ШЫЗА. І цяпер, найхутчэй, страчу добрую працу, мяне перавязуць у іншы атрад, а могуць і ў ПКТ кінуць з пэрспэктывай на 411 артыкул. І гэта ўсяго за адно матнае слова!»

    То бок разьвітая сыстэма стукацтва ў калёніі — гэта ня забаўка опэраў, якім нібыта няма чаго рабіць, як толькі зьбіраць зьвесткі, хто як любіць спаць. Гэта, як казалі за савецкім часам пра прафсаюзы, «прывадны мэханізм» сыстэмы рэпрэсій. Прыйшоў сыгнал — на яго трэба адрэагаваць — адрэагуюць.

    І на сто працэнтаў праўда, што гэтая сыстэма працуе найперш супраць палітычных вязьняў. Нават кантакты ў калёніі, з кім размаўляеш, як часта размаўляеш, адсочваюцца, і з гэтых назіраньняў робяцца высновы. Так, палітычныя ў нашым сэктары добра ведалі, што адзін каля аднаго надоўга лепш не затрымлівацца, інакш пачнуцца непрыемнасьці. У жніўні «жаўтабірачнік» Яўген, зь якім раней мы шмат што абмяркоўвалі, найперш падзеі ва Ўкраіне, перасьцярог: «Опэр ужо пацікавіўся ў аднаго нашага, чаму мы з вамі так часта размаўляем. Давайце радзей сустракацца. Лепш не прыцягваць увагі». Давялося так і зрабіць.

    Цікавае пытаньне, а як опэрупаўнаважаныя супрацоўнікі камунікуюць з сваімі агентамі? Гэта нешта тайнае, запіскі закладаюцца ў тайнікі, ці яны кантактуюць праз адмысловы тэлефон?

    Цяжка адказаць, калі сам у гэтай скуры не пабываў. Але магу меркаваць, што асабліва працэс не прыкрываюць, чым прасьцей, тым лепш. Асуджаных, асабліва ў першыя месяцы адбыцьця пакараньня, часта выклікаюць на ўручэньне розных дакумэнтаў. Лістоў з суду, адказаў з пракуратуры і так далей. Выклікаюць чалавека з атраду, а што зь ім адбываецца далей, куды ён пайшоў пасьля наведваньня пэўнага кабінэта, дзе ўручаюць гэтыя паперы, — хто за гэтым можа прасачыць? Ніхто. Такія думкі, відаць, усіх асуджаных наведваюць, бо заўважыў, якое падазрэньне зьяўляецца, калі некага шмат разоў запар выклікаюць у клюб ці ў штаб.

    Са мной была падобная гісторыя. Акрамя крымінальнага абвінавачаньня, мне выставілі матэрыяльны пазоў на вялікую суму, якую суд пастанавіў цалкам прызнаць. Потым пазоў падзялілі на тры часткі ў адпаведнасьці з колькасьцю эпізодаў і адправілі на разгляд у тры розныя суды. Пазовы разглядаліся, калі ўжо сядзеў у магілёўскай калёніі. Цягам майго знаходжаньня там ішла бясконцая перапіска: інфармаваньне пра паседжаньні, пра іх пераносы, пра рашэньні, а таксама адказы на мае скаргі.

    Звычайна ў клюб, дзе ўручаюць чарговую паперу, выклікаюць ужо пасьля восьмай раніцы. Хутка сабраўся і пайшоў. І заўсёды, як вяртаюся ў атрад, чую насьцярожаныя пытаньні суседзяў: а чаго выклікалі? Нешта ты зачасьціў… І хлопцаў зразумець можна: каму хочацца жыць побач з стукачом, усе такога суседзтва асьцерагаюцца. Даводзілася дзясяты раз усё тлумачыць.

    Насамрэч кантакты опэра і ягонага агента могуць увогуле быць навідавоку, і большасьць пэўна нічога не западозрыць. Пару разоў, гуляючы перад адбоем каля той сьцяны сэктара, дзе «лякалка» заканчваецца спартовай пляцоўкай, бачыў у сьвятле месяца такую карціну: на вуліцы стаіць наш опэр, падазваў да сябе нейкага вязьня (той стаіць адвярнуўшыся, твару не відаць), і яны нешта праз крацяны плот «пераціраюць». Хіба гэта ня можа быць справаздачай? Вядома, можа.

    Як дапамог опэр

    А можа і ня быць.

    Самому давялося аднойчы зьвярнуцца да опэра са скаргай-просьбай. Збоку такая размова магла выклікаць падазрэньне. А было так, што ў мяне ўзьнікла праблема зь перапіскай. Ад жонкі, сыноў і ўнукаў лісты даходзяць, а ад роднага брата Сяргея — не. Хоць дакладна ведаў, што ён піша. Паколькі за кантроль над ліставаньнем адказвае опэрупаўнаважаны, замацаваны за атрадам, вырашыў да яго зьвярнуцца. І вось падчас прагулкі бачу яго на вуліцы. Падыходжу да плота, зьвяртаюся, прашу мяне выслухаць. Афіцэр мог бы прайсьці міма, але спыніўся і падышоў, уважліва выслухаў. Зрабіў, праўда, выгляд, што ні пры чым, бо «лістоў ніхто не затрымлівае», чаму я, зразумела, не паверыў. Але таксама прыкінуўся: «Ну, можа. Яшчэ пачакаю».

    І ўжо праз пару дзён дачакаўся. Ліст ад брата прыйшоў, і наступныя прыходзілі без затрымкі. А іншыя лісты, ад сяброў, калегаў і незнаёмых мне людзей са словамі падтрымкі, так і не даходзілі. Што яны былі, даведаўся ўжо пасьля вызваленьня. То бок саступку опэр усё ж зрабіў, дазволіў атрымліваць лісты ад брата, а ўсё іншае па-ранейшаму засталося пад забаронай.

    Стукацтва пачынаецца на волі: у кожнай арганізацыі дзейнічае агент спэцслужбаў

    Вярнуся да тэмы стукацтва ў турмах. Тут варта разумець, што гэта ня ў вязьніцах узьнікае практыка пагалоўнага даносьніцтва, яна ідзе ад парадкаў на волі, проста ў турме для яе росквіту самыя спрыяльныя ўмовы. І тое, што агентамі пранізана і наша вольнае жыцьцё, у турме хутка пачынаюць разумець тыя, хто на волі ў гэта ня надта верыў.

    У камэры СІЗА, яшчэ да калёніі, лёс зьвёў з былым дырэктарам фірмы, якога асудзілі за махлярства. Віктар расказаў сваю гісторыю.

    Меў будаўнічую фірму, бізнэс ішоў няблага, але ў тым ліку таму, што падаткі ён сплачваў ня цалкам — ужываў распаўсюджаную ў будаўніцтве схему. Калі ўрэшце яго выкрылі, дык прысудзілі ўмоўны тэрмін, плюс забаранілі займаць кіроўныя пасады. Але не супакоіўся. Аформіўся ў той жа фірме шараговым супрацоўнікам, а сам працягваў кіраваць фінансамі. І зноў папаўся.

    Новае сьледзтва павесіла на Віктара мільённую страту, а суд даў дзесяць гадоў калёніі, хоць ягоная віна зусім не была даказаная. Натуральна, бізнэсмэн абураўся: як так? Ніводнага ягонага подпісу пад фінансавымі дакумэнтамі няма, ніяк не ўстаноўлена, што ён некага прымусіў выконваць незаконныя дзеяньні, а яго ўсё роўна асудзілі. І ўвогуле, адкуль даведаліся, што ён працягваў кіраваць фірмай? Можа хто здаў?

    Сукамэрнікі на такія развагі сьмяяліся, прапаноўвалі згадаць і прааналізаваць працу і паводзіны кожнага супрацоўніка. Для камэры было відавочна, што нехта з падначаленых быў завэрбаваным агентам, і менавіта ён праінфармаваў адпаведныя органы пра актыўнасьць былога дырэктара.

    Сукамэрнік Анатоль, былы сьледчы, а цяпер палітвязень, пацьвердзіў: у кожнай арганізацыі згодна з указам Лукашэнкі, прынятым яшчэ ў канцы 90‑х гадоў, дзейнічае агент спэцслужбаў. Не выключэньне і прыватныя фірмы.

    Паводле Анатоля, тэхналёгія ўсеагульнай распрацоўкі бізнэсу такая:

    «Сыгналы ад агентаў назапашваюцца, але загад на тое, каб даць ход справе, аддае зусім іншая „кантора“. Калі ўжо загад атрыманы, сьледчыя пачынаюць шукаць законную падставу, каб пасадзіць чалавека. Ня знойдуць доказаў па адным артыкуле, пасадзяць па іншым, на які нешта накапаюць. І прысуд гарантаваны. Гэта і ёсьць правасудзьдзе не па законе, а па паняцьцях: нехта наверсе прызнаў цябе вінаватым — і ўсё, ужо нічога ня зьменіш».

    Дарэчы, паводле Анатоля, ён таму і сышоў з працы сьледчага, што абрыдла на загад начальства і паводле даносаў «кляпаць» на людзей крымінальныя справы. «Абрыдла, дый несумленна гэта. Мне сумленьне не давала спакойна жыць, а як сышоў, стаў сябе адчуваць нармальным чалавекам», — казаў гэты вязень

    Алег Грузьдзіловіч. Дэталі біяграфіі

    Нарадзіўся ў 1958 годзе ў Маладэчне, дзяцінства і школьныя гады правёў у Берасьці. У 1981 г. скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Працаваў у газэтах «Интеграл» і «Знамя юности». У 1986 годзе добраахвотнікам паехаў у Чарнобыльскую зону, часова працаваў у брагінскай раёнцы «Маяк Палесся».

    У 1988 г. арганізаваў у рэдакцыі «Знамя юности» суполку БНФ, удзельнічаў у выпуску першых нелегальных нумароў газэты «Навіны Беларускага Народнага Фронту», як дэлегат браў удзел ва ўстаноўчым зьезьдзе БНФ «Адраджэньне».

    Працаваў парлямэнцкім карэспандэнтам «Народнай газеты», адкуль у 1995 г. звольніўся на знак пратэсту пасьля пабіцьця дэпутатаў Апазыцыі БНФ.

    Быў палітычным аглядальнікам газэт «Свабода», «Навіны», «Наша свабода». З 1995 г. пачаў супрацоўнічаць, а з 2000 г. стала працаваць карэспандэнтам Радыё Свабода.

    Аўтар кнігі «Хто ўзарваў менскае мэтро?» (PDF), якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды» ў 2013 г. Ляўрэат прэміі «Праваабарончага альянсу» Беларусі за 2009 г. у намінацыі «Журналіст году», прэміі «Надзея свабоды» Саюзу журналістаў Літвы і Сейму Літвы за 2022 г.

    У 2021 г. быў арыштаваны, асуджаны на 1,5 года зьняволеньня і прызнаны палітвязьнем. Адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі № 15 пад Магілёвам. Выйшаў на волю ў верасьні 2022-га.

    Цяпер жыве ў Вільні.

    У 2023 г. разам з палітвязьнямі Ігарам Лосікам і Андрэем Кузьнечыкам абвешчаны ляўрэатам прэміі імя Дэйвіда Бэрка «За выдатную журналістыку» Агенцтва глябальных мэдыя ЗША.

    Чытайце яшчэ: 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці