• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Раёнкі» Віцебшчыны публікуюць «водгукі грамадскасці», імітуючы цікаўнасць да інтэрв’ю Аляксандра Лукашэнкі

    Што сапраўды цікава — дык тое, што дзяржаўныя газеты зноў звярнуліся да «правераных людзей», якія ўжо не раз пабывалі ў падобнай ролі.

    Раённая «Аршанская газета», да прыкладу, дала слова Віталю Дудараву, ідэолагу прадпрыемства «Оршакамгас». Ён працытаваў словы Лукашэнкі пра «неопытного президента Зеленского» і пра моц расійскай арміі.

    Некалькі месяцаў таму Дудараў ужо прадстаўляў «грамадскасць» Оршы, адказваючы на пытанне карэспандэнта «АГ» пра тое, чаго чакае ад паслання Аляксандра Лукашэнкі  да беларускага народа. Уласна чаканняў не прагучала, але саму дзею Дудараў ахарактарызаваў як «крайне важное и значимое программное мероприятие в жизни всей страны». Бо «глава государства всегда поднимает наиболее сложные и острые темы, волнующие всех нас». 

    Надзея Каралёва, яшчэ адна жыхарка Оршы, па выніках інтэрв’ю Дзіяне Панчанка падзякавала Лукашэнку за тое, што «мы — белорусы, живем в мирной стране, над нами не летают ракеты, не рвутся снаряды».

    Жанчыну, якая працуе інжынерам па ахове працы і пажарнай бяспецы ААТ «Оршааграпраммаш», некалькі месяцаў таму «Аршанская газета» таксама  прасіла пракаментаваць пасланне Лукашэнкі.  Каралёва практычна нічога не сказала па сутнасці, але падкрэсліла, што кожны беларус павінны працаваць  на карысць захавання міру, суверэнітэту і незалежнасці краіны «не «для галочки», а «как Александр Григорьевич Лукашенко, по велению души и сердца». 

    Упершыню імя Надзеі Каралёвай  з’явілася на старонках аршанскай «раёнкі» ў 2021 годзе: тады яна выказвала спачуванні з нагоды гібелі супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка, забітага падчас налёту на кватэру ІТ-спецыяліста Андрэя Зэльцара. «Прадстаўніца грамадскасці»  называла яго «героем», які «своим телом прикрыл товарищей и ценой своей жизни не допустил еще больших смертей».

    Раённая газета «Гарадоцкі веснік» таксама вырашыла паразмаўляць «з грамадскасцю» пра інтэрв’ю Лукашэнкі. У якасці прадстаўніцы ад народа выступіла кіраўніца раённай арганізацыі БРСМ Вера Бяззубенка. Як і аршанка Надзея Каралёва, жыхарка Гарадка мала разважала ўласна пра змест гутаркі, а болей хваліла яе героя: «Он всегда верен своим идеалам и даже в такой сложной ситуации уверен, что только за столом переговоров можно найти развязку сложившейся ситуации. Ведь наша страна и её лидер, в частности, не единожды выступали борцами за мир».

    У такім самым ключы Вера Бяззубенка ўжо выступала на старонках «раёнкі», калі разважала пра ізноў жа пасланне да народа.

    Чамусьці прадстаўнікі рэдакцый не хочуць скарыстацца самым простым шляхам, каб даведацца меркаванні грамадскасці, — не запрашаць асоб, якія выкажуцца прадказальна, а выйсці на вуліцы беларускіх райцэнтраў і распытаць пра нешта звычайных мінакоў.

    Чытайце яшчэ:

    Анджэя Пачобута ўзнагародзілі медалём місіі Яна Карскага

    «Забрали детство». На свободе белорусских политзаключенных ждут сотни сыновей и дочерей. У некоторых из них в тюрьме сидят оба родителя

    Журналістку Валерыю Касцюгову ўнеслі ў спіс «тэрарыстаў»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці