ПРОЗА І ПАЭЗІЯ. Якія кнігі выдалі бажаўцы
Нашы калегі знаходзяць час на дадатковую творчасць: як кажуць літаратурныя крытыкі, на «буйныя формы». Летась выйшла даволі шмат цікавых кніг, напісаных сябрамі БАЖ. Асабісты і, будзем казаць шчыра, суб’ектыўны агляд для карыснага і забаўляльнага чытва мы вам прапануем.
Алесь Пілецкі
«Казкі па целефоне»
Зборнік гісторый Алеся Пілецкага, які выдала Радыё Свабода, быў чаканым, а ідэя вісела літаральна ў паветры. Алесь Пілецкі разбаўляў будзённасць сваёй працы, выдумваючы гумарэскі пра тое, як Аляксандр Рыгоравіч з рознымі людзьмі абмяркоўвае па тэлефоне актуальныя для Бела- русі падзеі. Хэштэг #давайпака знаёмы, бадай, усім журналістам.
Гэта кніга была проста вырачаная на поспех. Па-першае, у нашай краіне амаль няма палітычнай сатыры. Усе імкнуцца быць сур’ёзнымі «аналітыкамі», «даследчыкамі», «палітолагамі», а Пілецкі — ці не адзіны аўтар, які з нашага палі- тычнага працэсу проста сцябецца. Па-другое, такая «Facebook-літаратура» зараз, як кажуць, у трэндзе, і з гэтага трэнду выйдзе, падаецца, не хутка. Бо гэта — сусветная тэндэнцыя, якая пачалася яшчэ з LiveJournal.
Яшчэ тады, калі ніхто не ведаў слова «блог», існаваў сайт vladimir.vladimirovich.ru з гісторыямі, падобнымі (і не падобнымі) на Пілецкага, толькі пра кіраўніка Расіі. Шалёную папулярнасць набылі такія ж інтэрнэт-допісы, укладзеныя ў кнігі, Славы Сэ — псеўданім латвійскага аўтара Вячаслава Салдаценкі, які піша на рускай мове. Ды што там далёка хадзіць: знакамітае «Радзіва Прудок» улюбёнага намі Андруся Горвата таксама вырасла з Facebook.
І цяпер — Пілецкі.
Варта зазначыць, што сам Алесь адхрышчваўся ад выдання баек на паперы рукамі і нагамі. У адным з інтэрв’ю на пытанне, ці выйдзе кніжка, ён казаў: «Цяпер папяровая кніга — прадукт не для ўсіх і не для ўсяго. Чалавек кнігу набывае, каб засяродзіцца, падумаць над добрым, разумным і прыгожым тэкстам, каб атрымаць эстэтычную асалоду. А з #давайпака якая асалода і эстэтыка? Гэта ўсё толькі ў Facebook успрымаецца. Вырві з кантэксту — і ніякага сэнсу. Так што не будзе кнігі».
Ён меў рацыю і не меў. Сапраўды, адзіны значны недахоп выдання — адсутнасць кантэксту. Няма перад гісторыямі пары радкоў тлумачэнняў: з якой нагоды той ці іншы дыялог быў напісаны. Але, можа, гэта і добра: чытач павінен узгадваць «найноўшую гісторыю», каб «урубіцца» ў тое, што ён чытае. А гэта выдатна трэніруе памяць.
Так што #давайпака.
Анастасія Зелянкова
«Дзённікі супрацоўніка НКУС: дакументальнае выкрыццё сталінізму»
Як вядома, у нашай прафесіі спярша журналіст працуе на імя, а потым — імя на журналіста. Новая кніга журналісткі «Салідарнасці» — яскравае таму пацвярджэнне.
Яна пазнаёмілася з унукам супрацоўніка НКУС Уладзімірам Ятчэням праз Facebook. Той доўгі час чытаў «Салідарнасць» і захапляўся артыкуламі Зелянковай. Але доўгі час сумняваўся, ці будуць цікавыя шырокаму колу чытачоў дзённікі яго дзеда.
Апошняй кропляй для Уладзіміра стала з’яўленне былога міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча на свяце 9 мая ў форме афіцэра НКУС.
А каму даручыць літаратурную апрацоўку дзённікаў, як не ўлюбёнай журналістцы?
У рамках падрыхтоўкі кнігі Зелянковай, сярод іншага, прыйшлося прабівацца ў архіў КДБ. А грошы на выданне сабралі ўжо традыцыйным зараз чынам — праз краудфандынг, народныя ахвяраванні. План жа па зборы сродкаў на дзённікі супрацоўніка НКУС быў перавыкананы ў некалькі разоў.
«Мы павінны дзякаваць Шуневічу». У Мінску прэзентавалі «Дневники сотрудника НКВД» ФОТА
Зелянкова, якая год таму выпусціла кнігу «В постели с белорусом: из истории национального секса», нават жартавала: «Тэма НКУС апынулася беларусам цікавейшая, чым тэма сэксу!».
Не буду сцвярджаць, што сэкс беларусаў цікавіць менш. Але тут, напэўна, цікавая не столькі тэма НКУС, колькі тэма гісторыі ў агульным. У дадзеным выпадку, гісторыі ў нечым нават патаемнай: улады ўсяляк імкнуцца замоўчваць тэму сталінскіх рэпрэсій ў Беларусі, нівеліраваць і маргіналізаваць яе. Архівы КДБ дасюль не раскрытыя нават для даследчыкаў. А, як вядома, калі кажуць «не», то хочацца ўдвайне.
Да таго ж, расповед чалавека, які спачатку ажыццяўляў рэпрэсіі, а потым сам апынуўся ў гэтай мясарубцы — ужо інтрыгуючы сюжэт.
І яшчэ раз — дзякуй медычнаму цэнтру «ЛАДЭ», які аказаў значную дапамогу Зелянковай у выданні гэтай кнігі.
Анатоль Гатоўчыц
«Адысея капітана БНР»
Яшчэ адну кнігу, заснаваную на ўспамінах і мемуарах, выдаў у Гомелі сябра ГА «БАЖ» Анатоль Гатоўчыц. «Адысея капітана БНР» — пра лёс змагара беларускага нацыянальнага адраджэння ў паваенны час Цімоха Акімавіча Вострыкава.
Кніга выдадзеная ў серыі, прымеркаванай да 100-гадовага юбілею абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. У ёй ужо выходзілі аповеды пра Палуту Бадунову і Рыгора Клімовіча.
Але Вострыкаў — асаблівы выпадак. Група Вострыкава ў жніўні 1952 года высадзілася з амерыканскага самалёта ў Налібоцкай пушчы, каб дамагацца незалежнасці Беларусі.
Яшчэ адзін цікавы лёс: чалавек, які меў даволі вялікія перспектывы, вучыўся ў адным з самых вядомых універсітэтаў Еўропы, ужо маючы некалькі прафесій, кінуў усё і паляцеў вызваляць Беларусь. І нельга сказаць нібыта ён не ведаў, што яго чакае ў выпадку правалу, бо сутыкаўся з савецкай сістэмай яшчэ падчас сталінскай калектывізацыі.
Так і апынулася — 23 гады мардоўскіх лагераў. А потым — вяртанне ў Беларусь і праца на «Гомсельмашы». Ані КДБ, ані ГУЛАГ яго не зламалі, не перакавалі ў «савецкага чалавека», хоць ён паўсотні разоў апынаўся ў карцары і агулам правёў у ім амаль цэлы год, жывучы толькі на хлебе і вадзе. Не перакаваўся Вострыкаў і ў выніку прымусу КДБ паўдзельнічаць у выкрыцці амерыканскага шпіёна ў Маскве на пачатку 1980‑х.
Яшчэ адна цікавостка і іронія лёсу: у адрозненне ад сваіх ворагаў, ён пабачыў тое, за што ўсё жыццё змагаўся. Ён заспеў, хай і не такую, пра якую ён марыў — але незалежную Беларусь. Напачатку 1990‑х, на хвалі Адраджэння, калі ў Гомелі быў створаны філіял Коласаўскага ліцэя, ён прыходзіў да вучняў на курс «Гісторыя беларускага моладзевага руху», асабістым прыкладам даказваючы, што змагары за незалежнасць Беларусі не бандыты і не ворагі, а пісьменныя, адукаваныя і разумныя людзі.
Памёр Цімох Вострыкаў у 2007‑м, на 85‑м годзе жыцця. Але лёс яго — круцейшы за дэтэктыў.
Канстанцін Скуратовіч, Аляксандр Куляеў
«Востраў Суомі. Ажыццяўлённая ўтопія»
Аднойчы, ужо пасля пачатку расійска-украінскай вайны на Данбасе, абмяркоўваючы гэту сітуацыю як вынік «Рэвалюцыі Годнасці», мой украінскі сябра, рэдактар часопіса «Украінскі Тиждень» Дмітро Крапівенка сказаў нешта кшталту: «Ніводная краіна, якая пазбавілася расійскага уплыву і апекі, пра гэта не пашкадавала». Кніга «Востраў Суомі…», па-мойму, якраз пра гэта.
Ідэя напісання кнігі, па словах аўтараў, з’явілася пасля расійска-грузінскай вайны жніўня 2008 года. Тады Расія, абвінаваціўшы Грузію ў парушэнні дзяржаўных інтарэсаў, акупавала Абхазію і Паўднёвую Асецію, стварыўшы на іх тэрыторыі дзве падкантрольныя псеўдадзяржавы.
Потым быў Крым і Данбас, але аўтары заўважылі падабенства палітычных і ваенных тэхналогій Расіі, што выкарыстоўваў СССР у малавядомай нам «зімняй вайне» — вайне з Фінляндыяй у 1939— 1940 гадах.
Увосень 1939 года паміж СССР і Фінляндыяй вяліся перамовы аб тэрытарыяльных саступках. Савецкі Саюз прэтэндаваў на частку Карэльскага перашыйка з нядрэнна развітой сеткай чыгунак і аўтамабільных дарог, выспы у Фінскім заліве і «арэнду» фінскага паўвострава Ханко. Узамен Фінляндыя павінна была атрымаць вялікую па плошчы, але менш каштоўную ў эканамічным і стратэгічным плане Карэлію: фактычна адны лясы і балоты.
Схема была, у прынцыпе, тая ж, па якой былі падпісаныя дамовы аб узаемадапамозе з балтыйскімі краінамі, што скончылася іх акупацыяй. Фіны, навучаныя досведам Балтыі, на ўмовы СССР не пагадзіліся. Тады ў Тэрыоках (цяпер Зяленагорск) быў сфарміраваны так званы «народны ўрад» Фінляндыі, на чале якога паставілі ўцекача ў Савецкую Расію камуніста Ота Куусінена. А ўжо гэты марыянеткавы ўрад, які, зразумела, ніхто ў свеце не прызнаў, папрасіў Чырвоную армію аб «дапамозе».
Фіны моцна падзяўблі Чырвоную армію, і «маленькай пераможнай вайны» ў СССР не атрымалася. Але і выстаяць супраць вялізнай імперыі маленькая краіна не магла. Па мірнай дамове 12 сакавіка 1940 года яны згубілі тэрыторый значна больш, чым патрабавалі ад іх Саветы раней — 11 % краіны, уключаючы Выбарг. Але захавалі галоўнае — незалежнасць.
Зараз мы можам пабачыць, дзе па развіцці Фін- ляндыя, а дзе — Расія. І зрабіць выснову, што са стратай тэрыторый жыццё краіны не заканчваецца.
«Востраў Суомі…», напісаны ў 2010 годзе, але выдадзены толькі ў 2019‑м, — гэта якасная гіста- рычная публіцыстыка, напэўна, будзе падарункам тым, хто цікавіцца геапалітыкай і мадэлямі супрацьстаяння «гібрыднай вайне».
Дарэчы, вы ведаеце, што «кактэйль Молатава» насамрэч называецца «кактэйль для Молатава»? Калі савецкая авіяцыя бамбіла Фінляндыю, Молатаў казаў, што самалёты скідаюць гуманітарную дапамогу і прадукты. Фіны са своеасаблівым скандынаўскім гумарам і адказалі «кактэйлямі для Молатава».
Сабіна Брыло
Tiras Biblio
Гэты зборнік вершаў — не для нашага чытача. Але кнігу нельга не адзначыць, як яскравы поспех беларускай літаратуры за мяжой.
Паэтычны зборнік Сабіны Брыло ў перакладзе Гінтараса Граяўскаса з аздабленнем мастака Пятраса Лінцявічуса выйшаў у Вільні ў выдавецтве Versus. Прычым грошы на выданне 400 асобнікаў сабралі без усялякай краўдфандынгавай пляцоўкі, праз Facebook за… 38 хвілін! Неверагодна для кнігі замежнага і малавядомага для літоўскага чытача аўтара.
Ініцыятар выдання, літоўскі паэт, драматург і перакладчык Гінтарас Граяўскас так і напісаў у прадмове да Tiras Biblio: «Выдаць кнігу вершаў у Літве нялёгка… Калі аўтар вершаў знакаміты ў Еўропе, лаўрэат прэмій — шанцаў болей. А калі іх аўтар — амаль невядомы паэт з Беларусі? Шанцаў практычна няма. Я ведаю, я спрабаваў. Але што, калі паэт піша вельмі добра?
Раптам падчас аднаго моцна адчайнага настрою ў адзін са студзеньскіх вечароў я пішу ў Facebook, не чакаючы надта многа: людзі, глядзіце! Я пераклаў тэксты харошай паэткі Сабіны Брыло — некаторымі з іх я ўжо дзяліўся, можа быць, вы памятаеце. Я хацеў бы зрабіць харошую кнігу. І можа быць, хто-небудзь хацеў бы і мог зрабіць свой унёсак у яе выданне?
Менш чым праз гадзіну (!) у нас было шмат грошай, неабходных для выдання. Некаторым з апошніх жадаючых паўдзельнічаць нават казалі, што грошай больш не трэба, мы ім ветліва дзякавалі. Калі б мы не спыніліся, то, верагодна, выдалі б яшчэ адну кнігу».
Тут выснова толькі адна — не трэба палохацца спрабаваць. Нават там, дзе ўсё, падавалася б, проста безнадзейна. А раптам здарыцца цуд?
Дарэчы, сама Сабіна Брыло гэтую сітуацыю менавіта як цуд і расцэньвала.
Ідзем далей
Зразумела, што ўсё, вартае для прачытаня, у адзін «топ» не ўлезе. Выдатны даведнік па Курапатах выдаў журналіст Марат Гаравы — кніжка «НКВД забіваў у Курапатах…». Пасля яе прачытання ўжо не павінна быць сумневаў і агаворак, што, маўляў, «там забівалі нацысты».
Сяргей Ваганаў, якога мы ведаем пераважна як таленавітага публіцыста, у 2019 годзе прэзентаваў паэтычны зборнік «Я веру ў цуд». Прадмову да кнігі вершаў напісаў Уладзімір Някляеў, з якім аўтар знаёмы ўжо гадоў пяцьдзясят.
Сяргей Ваганаў прэзентаваў паэтычны зборнік “Я веру ў цуд” ФОТАРЭПАРТАЖ
Эдуард Мельнікаў выдаў аўтабіяграфічнае «Вяртанне ў Бабруйск».
Эдуард Мельнікаў: «Я памятаю ідыш, які гучаў паўсюль»
А краязнаўца і журналіст Сяргей Чыгрын у выдавецтве «Кнігазбор» надрукаваў «Гістарычную мазаіку Слонімшчыны» — унікальнае выданне, заснаванае на багатым фотаархіве аўтара, дзе тэксты часцяком — толькі дапаўненне да фотаздымкаў.
Гістарычнае расследаванне «Дзеці Францыі. Гісторыі сем’яў, якія паверылі Сталіну» літаральна напярэдадні Новага года выпусціў журналіст Радыё Свабода Валер Каліноўскі.
Больш за ўсё ўсцешвае, што нашы журналісты пішуць і выдаюць самыя розныя кнігі — ад гісторыі да сатыры, ад публіцыстыкі да фотаальбомаў. І ўсё гэта — беларуская гісторыя і беларуская літаратура. За што ім вялікі дзякуй і плёну ў 2020‑м.