«Адысея капітана БНР» — прэзентацыя кнігі сябра БАЖ у Гомелі
У Гомелі прэзентавалі дакументальную аповесць сябра ГА «БАЖ» Анатоля Гатоўчыца «Адысея капітана БНР» – пра змагара беларускага нацыянальнага адраджэння ў паваенны час Цімоха Акімавіча Вострыкава. Група Вострыкава ў жніўні 1952 года высадзілася з амерыканскага самалёта ў Налібоцкай пушчы, каб дамагацца незалежнасці Беларусі.
Імпрэза адбылася 29 студзеня ў грамадска-палітычным цэнтры Гомеля.
Выдадзеная аповесць пакуль абмежаваным накладам. Асноўны будзе надрукаваны да 25 сакавіка, калі ў Беларусі адзначаецца Дзень Волі. Гэта трэцяя кніга з серыі, якая прысвечаная выбітным асобам нацыянальнага адраджэння і прымеркаваная да 100-гадовага юбілею абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. У ёй ужо выйшлі кнігі пра Палуту Бадунову і Рыгора Клімовіча.
Кіраўнік творчай группы і выдавец Уладзімір Кацора, распачынаючы прэзентацыю «Адысеі капітана БНР», сказаў, што аповесць пра Вострыкава — гэта кніга пра свабоднага чалавека ў несвабоднай краіне.
«Мне асабіста Цімох Вострыкаў цікавы тым, — дадаў прамоўца, — што ён пакінуў камфортнае жыццё на Захадзе, у якім ужо праглядаліся перспектывы на поспех, пакінуў вучобу ў адным з самых вядомых універсітэтаў Еўропы і паляцеў насустрач невядомасці і небяспецы. Чаму ён так зрабіў? Уявіце сябе ў такіх магчымых варунках. Як бы вы паступілі? І толькі пасля гэтага ацэньвайце гэтага чалавека і яго жыццё. Жыццё, безумоўна, адданае Беларусі».
Сябра і аднавясковец Вострыкава Міхаіл Таратынаў быў адназначны ў сваіх ацэнках:
«Для мяне Цімох — герой. Я не сустракаў другога такога праўдзівага і справядлівага чалавека. Калі я чую ці чытаю ў асобных дзяржаўных выданнях артыкулы, у якіх яго ачарняюць людзі, якія яго не ведалі, я разумею, што ён і мёртвы перашкаджае некаторым сучасным чыноўнікам з замшэлай савецкай свядомасцю, перашкаджае той цікаўнасцю, якую выклікае ягоная постаць. Веру, што Цімох Вострыкаў будзе ўшанаваны на дзяржаўным узроўні. А я асабіста буду дамагацца, каб школу ў Баршчоўцы Добрушскага раёна, дзе вучыўся Цімох, назвалі яго імем».
Грамадскі актывіст, былы дырэктар Гомельскага філіяла гуманітарнага ліцэя імя Я. Коласа Алесь Яўсеенка падзякаваў усёй творчай групе выдаўцоў, журналістаў, даследчыкаў, якая робіць вялікую справу захавання памяці народных герояў Беларусі. «Гэта вельмі важна для цяперашняга і будучага пакаленняў беларускай моладзі», — перакананы ён.
«На пачатку дзевяностых гадоў, — прыгадаў Яўсеенка, — калі ў Гомелі быў створаны філіял Коласаўскага ліцэя, курс «Гісторыя беларускага моладзевага руху» для навучэнцаў быў агульнабеларускім кантэкстам. Мы дадавалі да яго гісторыю моладзевага руху на Гомельшчыне ў пашыраным аб’ёме. Ведаючы пра гэта, калегі з Мінску паведамілі, што ў Гомелі жыве Цімох Вострыкаў, чые допыты ў КДБ зазнятыя на стужку. Калега, які бачыў гэты запіс, сказаў пра Цімоха так: «Волат, крамень, скала». Мы пачалі шукаць і знайшлі Вострыкава. Запрашалі яго да ліцэістаў, каб яны бачылі, што змагары за незалежнасць Беларусі не бандыты, не ворагі нашай краіны, як пра іх часам гавораць, а пісьменныя, адукаваныя, разумныя людзі».
Вядомая спявачка Вольга Цярэшчанка, якая ведала Цімоха і не раз спявала з ім беларускія песні, так адазвалася пра галоўнага персанажа дакументальнай аповесці:
«Ён для мяне — герой, бо для яго Беларусь, незалежная, вольная, была мэтай усяго жыцця. Ён ахвяраваў сваім жыццём дзеля Беларусі. Гэта фантастычная ахвяра, хто б што ні гаварыў, ні пісаў. Ніхто з нас не перажыў таго, што перажыў гэты чалавек. І пра тых, хто не зламаўся ў змаганні, трэба памятаць. Вельмі дасціпна назваў сваю кнігу Анатоль Гатоўчыц, бо гэта сапраўды была Адысея чалавека на шляху да высокай мэты».
На прэзентацыю кнігі пра бацьку прыйшоў сын Цімоха Вострыкава Ілля. Ён казаў пра яго як клапатлівага і спагадлівага бацьку, чалавека з пачуццём гумару і нейкай неверагоднай прыцягальнасцю для акаляючых, які ўмеў яднаць людзей. І проста дапамагаў вучыцца, рабіць урокі, умеў зацікавіць англійскай мовай, якую потым Ілля працягваў вучыць ужо сам у школе, на курсах, удасканальваў у моўным асяродку ў ЗША.
На пытанне, ці адчувалася, што ён сын «ворага», Ілля адказаў, што такога адчування не было, хоць добра памятае, як у 80‑я гады мінулага стагоддзя да іх дадому штомесяц прыязджалі людзі з Мінску з праверкамі.
На прэзентацыі прысутнічалі сябры Гомельскай філіі ГА «БАЖ». Андрэй Толчын, у прыватнасці, зазначыў, што кніга пра Цімоха Вострыкава не апошняя — цэлыя пласты гісторыі пра змаганне за незалежную Беларусь чакаюць сваіх даследчыкаў і пісьменнікаў. Кніг будзе болей, калі адкрыюць архівы КДБ пра нацыянальна-вызваленчы рух на Беларусі. Бо і следчая справа Цімоха Вострыкава ляжыць у архіве КДБ недаступнай для грамадскасці.
Дакументальная аповесць «Адысея капітана БНР» падрыхтаваная на аснове ўспамінаў Цімоха Вострыкава «Мая споведзь», выдадзеных у «Запісах БІНІМ», сведчанняў беларускіх уцекачоў у замежжы і гомельскіх актывістаў, прыжыццёвых інтэрв’ю галоўнага героя.
Фота Анатоля Бароўскага.