Сяргей Ваганаў прэзентаваў паэтычны зборнік “Я веру ў цуд” ФОТАРЭПАРТАЖ
Старшыня Камісіі па этыцы ГА “БАЖ” Сяргей Ваганаў, журналіст і паэт, прэзентаваў зборнік сваіх вершаў “Я веру ў цуд”. Імпрэза прайшла з аншлагам — паслухаць паэта прыйшло шмат людзей.
Зборнік бярэ сваю назву ад наступнага твора:
Я веру ў Цуд, але не веру ў Бога.
Ніяк Яго з сабой не спалучу.
Што, каб не Ён, дык не было б нічога?
Што, каб не Ён, ніхто б нас не пачуў?
Ад небыцця у небыццё дарога –
І гэта ўсё, што створана Адтуль?
Яго няма нябеснага й зямнога!
Бо дзе Ён? Дзе?
Нідзе.
Бо Ён паўсюль…
––––––––––––
Я веру ў Цуд, але не ў цуды.
У Цуд бясконцага Жыцця.
У Бога, што жыве паўсюды,
Ратуючы ад небыцця…
Сам па сабе жыве.
Без Юды…
Сяргей Давыдавіч распавёў, што кніга склалася з любові да жанчыны, сяброў, Радзімы, і з памяці. Галоўным раздзелам зборніка ён лічыць частку “ХХ стагоддзе. Сямейны альбом”, заснаваны на фактах жыцця яго родных. Да кожнага верша прыкладзены фотаздымак ці ліст. Лёс сям’і Сяргея Ваганава, як любой сям’і ў пакутным мінулым веку, няпросты: маці, што нарадзіла ў вайну, рэпрэсаваны дзядзька, закатаваная сястра-сувязная…
На пачатку імпрэзы спадар Сяргей супакоіў прысутных: “Не буду чытаць усю кніжку, не хвалюйцеся”. Хацеў прапусціць любоўную лірыку. Але прагучаў голас з залы: “Дык гэта ж самае цікавае! Вяршыня творчасці любога паэта — вершы пра каханне!” “Добра, пойдзем на вяршыню!” — пагадзіўся аўтар. — “Мне так падабаюцца мае вершы, што гатовы іх чытаць і чытаць!”
Што цікава, сам Сяргей Ваганаў ніколі сябе паэтам не лічыў. На яго думку, паэт — гэта званне, якое не проста так даецца, мала напісаць верш. Заўсёды прадстаўляўся журналістам.
Па словах былой старшыні БАЖ Жаны Літвіной, кожная кніга, якую выдае журналіст — гэта вялікая падзея. За бягучымі справамі, якімі звычайна абцяжараны супрацоўнікі СМІ, зрабіць уласную кніжку вельмі і вельмі няпроста.
Некаторыя вершы ў зборніку “Я веру ў цуд” змешчаны на дзвюх мовах: беларускай і рускай. Да некаторых твораў Сяргей Ваганаў вяртаўся праз дзесяцігоддзі, працягваў.
Прадмову да зборніка напісаў Уладзімір Някляеў, з якім аўтар знаёмы ўжо гадоў пяцьдзясят. На імпрэзе спадар Уладзімір сціпла павіншаваў аўтара, адмовіўшыся доўга прамаўляць, “бо герой вечара павінны быць адзін”. Павіншаваць Сяргея Ваганава з выхадам кнігі прыйшлі таксама жонка, археолаг Ала Ваганава, пісьменнік Зміцер Бартосік, фатограф Юры Іваноў, сябры і калегі, кіраўніцтва ГА “БАЖ”.
Прэзентацыя прайшла з поўным аншлагам і ў вельмі цёплай атмасферы.