Прапагандысты паказалі чарнавыя здымкі тэлеканала «Белсат» — кадры да іх маглі трапіць праз уцечку
6 жніўня на БТ паказалі здымкі з трэніровак харугваў «Паспалітага рушэння» ў Польшчы. Прапагандысты сцвярджаюць, што гэта зыходнікі відэа «Белсата», якія трапілі да іх, піша «Наша Ніва».
Людзі, якія засвяціліся ў дзяржаўных навінах, належаць да арганізацыі «Паспалітае рушэнне». Рух прэзентуе сябе як незалежнае і добраахвотніцкае аб’яднанне беларусаў і іншаземцаў, якія праз вайсковую, фізічную і тэарэтычную падрыхтоўку імкнуцца да абароны незалежнасці Беларусі і Украіны. Рух складаецца з васьмі харугваў, шэсць з якіх знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы і дзве — на тэрыторыі Літвы.
Паводле прапагандыстаў, на здымках, што трапілі ў іх рукі, зафіксаваныя зборы трох харугваў — беластоцкай, уроцлаўскай і адной з літоўскіх. Трэніроўкі нібыта адбываліся 1 ліпеня ў Польшчы пад Аўгустовам.
Прапагандысты сцвярджаюць, што гэта зыходнікі відэа «Белсата». У некаторых кадрах бачны аранжава-сіні мікрафон з эмблемай канала, журналіст «Белсата». Па некаторых момантах відэа таксама відаць, што гэта не гатовы сюжэт, а матэрыялы ў працы.
На відэа бачны часам незаблюраныя твары ўдзельнікаў харугваў.
«Наша Ніва» спыталася ў Аляксея Дзікавіцкага, намесніка дырэктара «Белсата», як відэа канала магло трапіць лукашэнкаўцам.
«Ніводнае СМІ, асабліва такое вялікае, як «Белсат», не застрахавана ад таго, што ў ягоных шэрагах можа быць агент, — сказаў Дзікавіцкі. — Кіраўніцтва «Белсата» дакладна разбярэцца ў сітуацыі, вінаватыя будуць адпаведна пакараныя».
Як толькі гэты выпадак будзе расследаваны, «Белсат» у асобе Дзікавіцкага абяцае агучыць вынікі.
Чытайце яшчэ:
У Назіральную раду па размеркаванні дапамогі для палітвязняў увайшлі прадстаўнікі 8 беларускіх медыя
«Змагарскі брэнд, як Пазняк». Што такое «Народная воля» і хто такі Сярэдзіч, які сышоў з газеты
Нейрасеткі рулююць і на дзяржТБ: тут з’явіўся лічбавы тэлевядоўца