Прапагандысты хваляцца поспехамі ў ютубе. Але вось з чаго складаюцца іх прагляды там
Днямі эксперты Infopolicy апублікавалі рэйтынг беларускіх інфармацыйных каналаў у ютубе. У топе па праглядах аказаліся дзяржаўныя медыя. Гэтую інфармацыю актыўна падхапілі прапагандысты і заявілі, што беларусы аддаюць перавагу дзяржаўным каналам, а не незалежным. Але прапагандысты не вывучылі справаздачу да канца, піша «Наша Ніва».
Арыентацыя на расійскага гледача
У тэлеграм-канале БТ прапагандысты выклалі допіс, дзе, спасылаючыся на рэйтынг ад Infopolicy, прыйшлі да наступнай высновы: «Аўдыторыя сама зразумела, хто ёсць хто, і чэрпае інфармацыю ад правераных дзяржСМІ, якім можна давяраць і якія за «базар адказваюць».
Як самі прапагандысты «адказваюць за базар», можна праверыць, паглыбіўшыся ў лічбы статыстыкі, прыведзеныя ў тым рэйтынгу. І хоць яго нельга лічыць на сто адсоткаў рэлевантным (звесткі па ютуб-канале «Нашай Нівы», якія мы бачым у адмінцы, крыху адрозніваюцца ад прыведзеных у рэйтынгу), нават ён адзначае адну важную заканамернасць.
Рэч у тым, што асноўная аўдыторыя ютуб-каналаў беларускіх дзяржаўных медыя — гэта гледачы з Расіі. Доля падпісантаў з Беларусі ў іх невялікая.
Так, напрыклад, у канала агенцтва БелТА 1 250 000 падпісчыкаў. Але 58,47% аўдыторыі складаюць карыстальнікі з РФ. Доля беларусаў сярод падпісчыкаў — усяго 11,46%! То-бок на канал БелТА падпісаныя каля 143 тысячы чалавек з Беларусі. Гэта дакладна не самы папулярны беларускі інфармацыйны канал у ютубе. Праглядаў з Беларусі ў яго таксама будзе няшмат.
Падобныя лічбы па аўдыторыі і ў іншых каналаў, якія занялі першыя тры радкі майскага рэйтынгу па праглядах.
Канал «СБ ТВ» (выдавецкі дом «Беларусь сегодня») заняў другі радок рэйтынгу. Асноўная аўдыторыя канала таксама не ў Беларусі. На долю падпісчыкаў з РФ прыпадае 57,83% аўдыторыі. У той час як на падпісчыкаў з Беларусі — 13,76%. Такім чынам, атрымліваецца, што на іх канал падпісаныя ўсяго каля 59 тысяч чалавек з Беларусі.
На трэцім радку рэйтынгу па праглядах за месяц аказаўся канал «АТН» (канал Белтэлерадыёкампаніі). З іх 966 тысяч падпісчыкаў амаль 57% прыходзіцца на РФ. Доля беларускай аўдыторыі — 13,34%, ці каля 129 тысяч чалавек.
На чацвёртым месцы майскага рэйтынгу ад Infopolicy ідзе канал «БЕЛСАТ NEWS». У яго 483 тысячы падпісчыкаў, з якіх на долю карыстальнікаў з Беларусі прыпадае 57,59%. То-бок на канал падпісаныя 278 тысяч карыстальнікаў з Беларусі, што амаль у два разы больш, чым у канала БелТА, які заняў першае месца па праглядах. Доля падпісчыкаў з РФ у канала «БЕЛСАТ NEWS» — усяго 9,28%.
На пятым месцы па праглядах у рэйтынгу знаходзіцца ютуб-канал СТБ. У яго доля расійскай аўдыторыі крыху меншая за іншых прапагандыстаў. На падпісчыкаў з РФ прыпадае 45,74% аўдыторыі, а з Беларусі — 21,59%, ці каля 144 тысячы чалавек.
Такім чынам, калі складаць рэйтынг зыходзячы з долі беларускай аўдыторыі, пазіцыі дзяржаўных медыя ў ім будуць выглядаць ужо не так радасна.
Што атрымаецца, калі глядзець на беларускую аўдыторыю?
На першым месцы па колькасці падпісантаў з Беларусі ў такім рэйтынгу акажацца «канал БЕЛСАТ NEWS» з 277 тысячамі беларускіх падпісчыкаў.
Другі радок па колькасці падпісантаў з Беларусі — у ютуб-канала «АНТ». Яны маюць каля 223 тысяч падпісчыкаў з Беларусі.
Трэці радок па гэтым паказчыку займае канал «Страна для жизни». У іх каля 175 тысяч беларускіх падпісчыкаў.
Чацвёртае месца — за каналам «Реальная Беларусь» са 169 тысячамі фаловераў з краіны.
Пятае месца ў ютуб-канала СТБ — 144 тысячы падпісантаў з РБ.
Таму, як бачым, нягледзячы на ўсе намаганні ўладаў задушыць цікавасць беларусаў да праўдзівых навін (за падпіскі на такія каналы можна атрымаць суткі), незалежныя рэсурсы ўсё адно карыстаюцца большай папулярнасцю ў жыхароў Беларусі, чым дзяржаўныя.
Акрамя таго, можна адзначыць і іншыя, не навіновыя, каналы, якія ствараюць кантэнт для беларусаў і маюць вялікую аўдыторыю. Напрыклад, «Жыццё-маліна» ці «Годна». Дзяржаўныя медыя і праўладныя блогеры не могуць пахваліцца наяўнасцю падобных папулярных каналаў.
Чаму каналы беларускай прапаганды папулярныя ў Расіі?
Наплыў новых падпісчыкаў на каналах беларускіх дзяржрэсурсаў назіраўся з моманту пачатку блакавання ютубам каналаў расійскай прапаганды (пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022‑м). Аўдыторыя некаторых з іх усяго за некалькі месяцаў кратна павялічылася.
Чытайце яшчэ:
Як правяраюць расследаванні. Кароткі гайд ад фактчэкера OCCRP
Появилось новое белорусское медиа Plan B. Его главред — Ольга Лойко
«Маці піша ў асноўным пра тое, што чытае, і дае жыцьцёвыя парады», — дачка Марыны Золатавай