«Маці піша ў асноўным пра тое, што чытае, і дае жыцьцёвыя парады», — дачка Марыны Золатавай
Чакаюць разгляду апэляцый у Вярхоўным судзе карэспандэнт «„Комсомольской правды“ в Белоруссии» Генадзь Мажэйка і кіраўніцы парталу Tut.by Марына Золатава і Людміла Чэкіна. У чаканьні судоў галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты» Аляксандар Манцэвіч, журналісты Павал Мажэйка, Ларыса Шчыракова, апэратары Павал Падабед і Вячаслаў Лазараў.
На 16 чэрвеня ў Вярхоўным Судзе прызначаны разгляд апэляцыі Генадзя Мажэйкі
Былы карэспандэнт «„Комсомольской правды“ в Белоруссии» Генадзь Мажэйка знаходзіцца ў СІЗА № 1 — на «Валадарцы».
Журналіста затрымалі 1 кастрычніка 2021 году ў маскоўскім аэрапорце. Арышт быў зьвязаны з публікацыяй на сайце kp.by кароткай размовы з былой аднаклясьніцай Андрэя Зельцара, што загінуў у перастрэлцы з супрацоўнікамі КДБ, якія штурмавалі яго кватэру. У апублікаваным на kp.by артыкуле аднаклясьніца станоўча характарызавала Зельцара.
Палітзьняволенага абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 368 (абраза прэзыдэнта), ч. 1 арт. 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці).
23 сакавіка 2023 году судзьдзя Менскага гарадзкога суду Тацяна Фалькоўская прысудзіла яму 3 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.
Чакаючы разгляду апэляцыі ў Вярхоўным судзе, Генадзь трымаецца на Валадарцы бадзёра. Калі вязьня асуджаюць на калёнію агульнага рэжыму, то дзень у СІЗА залічваецца як паўтара дня ў калёніі, таму палітвязень можа выйсьці на волю ў канцы 2023 году.
«Маці ёсьць маці»
Дата разгляду апэляцыі Марыны Золатавай і Людмілы Чэкінай не прызначана.
Галоўная рэдактарка парталу Tut.by Марына Золатава і былая генэральная дырэктарка Людміла Чэкіна пад вартай з 18 траўня 2021 году. 17 сакавіка 2023 году іх абедзьвюх асудзілі на 12 гадоў пазбаўленьня волі. Працэс вяла судзьдзя Менскага гарадзкога суду Валянціна Зянкевіч. Суд у закрытым рэжыме цягнуўся больш за два месяцы — агулам прайшло 37 пасяджэньняў.
Золатава і Чэкіна застаюцца ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску.
20-гадовая дачка Марыны Золатавай Надзея цяпер пасьпяхова здае сэсію ў адной з прэстыжных навучальных установаў.
«У нас усё нармальна, у мяне сёньня апошні іспыт, у Фёдара таксама хутка навучальны год скончыцца, а бацька ўсё так жа працуе. Маці піша ў асноўным пра тое, што чытае, і дае жыцьцёвыя парады — маці заўсёды маці. Пакуль што чакаем апэляцыі і рыхтуемся да калёніі», — расказала дачка Марыны Надзея Кішкурна.
«Улада працягвае жорстка распраўляцца»
Рэпрэсіі ў дачыненьні да журналістаў працягваюцца. Пра гэта яскрава сьведчыць статыстыка і маніторынг на сайце БАЖ, сьцьвярджае намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.
«Нягледзячы на тое, што бальшыня журналістаў незалежных выданьняў вымушаныя былі выехаць зь Беларусі, улады працягваюць „зачышчаць“ людзей, якія калісьці супрацоўнічалі з мэдыя.
На дадзены момант за кратамі знаходзяцца 37 прадстаўнікоў мэдыя: 33 сядзяць па крымінальных артыкулах ужо даўно, чацьвярых журналістаў сьветлагорскай тэлекампаніі „Ранак“ фармальна пакаралі суткамі за перапосты экстрэмісцкіх матэрыялаў. Але мы ж усе разумеем, што гэта помста за асьвятленьне выбуху на цэлюлёзна-кардонным камбінаце», — кажа Барыс Гарэцкі.
Ён таксама паведаміў, што 15 чэрвеня будзе прадстаўлены сумесны даклад БАЖ і міжнароднай арганізацыі «Справядлівасьць для журналістаў» (Justice for Journalists Foundation).
«У ім мы нагадаем пра сур’ёзную сытуацыю, калі журналісты атрымліваюць турэмныя тэрміны толькі за тое, што сумленна, прафэсійна рабілі сваю журналісцкую працу — як было з карэспандэнтам „„КП“ у Беларусі“ Генадзем Мажэйкам, якога асудзілі на 3 гады зьняволеньня.
Калі ты галоўны рэдактар (як, да прыкладу, Марына Золатава), мэдыямэнэджар (як Андрэй Аляксандраў) ці журналіст-расьсьледавальнік (як Дзяніс Івашын) — там тэрміны зьняволеньня ўжо ад 12 да 15 гадоў.
Пошук не спыняецца: людзі трапляюць пад перасьлед за старыя рэпосты, за ранейшую супрацу са СМІ. Улада працягвае жорстка распраўляцца з прадстаўнікамі мэдыя, ніякага пацяпленьня ў гэтым няма», — кажа Барыс Гарэцкі.
Чытайце яшчэ:
Появилось новое белорусское медиа Plan B. Его главред — Ольга Лойко
«Сенатары» не падвялі: татальны кантроль над СМІ ўсё бліжэй да заканадаўчага статусу
«Я не веру, што пасля смерці Лукашэнкі прыйдзе іншы дыктатар». Размова з беларускамоўным дэпутатам літоўскага Сейма