• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Прапагандыст з «Мінскай праўды» сцвярджае, што зноў збіраецца наведаць Еўрасаюз

    Высветлілася, што Герман Напольскі, заўсёднік прэс-канферэнцый і аўтар прапагандысцкага выдання «Мінская праўда», зноў збіраецца наведаць Еўрасаюз. БАЖ стала вядома аб яго спробах прызначыць сустрэчу з журналістамі незалежных медыяў, якія знаходзяцца ў Літве. Цікава, што гэта супала з неанансаваным візітам прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў Вільню.

    Восенню 2023 года незалежныя журналісты звярнулі ўвагу на тое, што ў Варшаву прыехаў карэспандэнт адыёзнай дзяржаўнай газеты«Мінская праўда» Герман Напольскі. Дзякуючы рэзанансу і аператыўнай рэакцыі незалежных структур, магчымыя правакацыі з боку рэжыму атрымалася прадухіліць.

    — Учора, 9 студзеня, Герман Напольскі напісаў мне ў сацсетках, што ў чацвер (то-бок 11 студзеня) будзе ў Вільні, прапанаваў сустрэцца, — расказала БАЖ адна з журналістак, якая жыве і працуе ў Вільні.

    Вядома, што аўтар «Мінскай праўды» звяртаўся з аналагічнымі заходамі да яшчэ некалькіх прадстаўнікоў незалежных медыяў. Гэта яго звычайная тактыка: напярэдадні ён спрабуе дамовіцца аб сустрэчах і розных паслугах (кшталту зрабіць запіс на прэс-канферэнцыяі дэмакратычных палітыкаў ці акрэдытаваць на нейкае мерапрыемства). Зразумела, звычайна яму адмаўляюць, але ён не губляе надзею трапіць у апазіцыйныя колы.

    Так, у верасні 2023 года ў Варшаве прапагандыст спрабаваў патрапіць на форум Асацыяцыі беларускага бізнэса за мяжой (ABBA), але яму не пашчасціла ў гэтым пачынанні. Аўтара «Мінскай праўды» не пусцілі ў залю, але ён усё ж такі спрабаваў працаваць на форуме — яго сфатаграфавалі ў нязручнай позе на канапе з ноўтбукам на каленях.

    Пасля рэзанансу, які атрымаў гэты выпадак, дзяржвыданне нязграбна тлумачыла паводзіны свайго карэспандэнта:

    — Аўтара «Мінскай праўды» Германа Напольскага хацелі прылічыць да тых, хто спрабуе далучыцца да «дэмакратычных колаў». А ўсё таму, што Герман пабываў на іх сходцы і атрымаў тыя інтэрв’ю, якія яму былі патрэбныя. Сёння ў Варшаве з удзелам збеглых праходзіць так званы бізнес-форум. Гэта чарговая мыльная бурбалка, надзімаючы якую апазіцыя спрабуе паказаць, што яна нібыту працуе. На мерапрыемства без акрэдытацыі трапіў Герман Напольскі, і яму ўдалося пагутарыць з удзельнікамі гэтай сустрэчы.

    Аднак у заметцы, якая выйшла па выніках форума за подпісам самаго Германа Напольскага і якая складаецца з 268 слоў, няма ні простай мовы ўдзельнікаў, ні прыводзіцца колькі-небудзь важных фактаў з форуму. Затое ў лідзе адзначаецца, што карэспандэнт «Мінскай праўды» дамаўляўся з арганізатарамі мерапрыемства пісаць пра іх «толькі ў рускамоўных СМІ Прыбалтыкі».

    Таксама прапагандыст пагражаў падаць позву ў еўрапейскі суд «у сувязі з размяшчэннем яго фатаграфіі ў сетцы, якой суправаджаліся публікацыі і якая, на думку аўтара, дыскрэдытуе яго гонар і годнасць».

    Цікава, што 10 студзеня ў Вільню з неанансаваным раней візітам прыбыў Уладзімір Зяленскі. Ён плануе наведаць краіны Балтыі. Канешне, хутчэй за ўсё чарговая камандзіроўка беларускага прапагандыста ў Еўрасаюз супадзенне, аднак мы не можам дакладна ведаць аб мэтах рэжыму і ці можа ён выкарыстоўваць карэспандэнта дзяржвыдання для нейкай правакацыі. Таму заклікаем калегаў быць пільнымі і мець агучаныя факты на ўвазе.

    Чытайце яшчэ:

    Аўтар прапагандысцкай «Мінскай праўды» падчас паездак у Вільню і Варшаву спрабуе прасачыцца ў дэмакратычныя колы

    На журфаку БДУ новы намеснік дэкана — фанат Лукашэнкі родам з Пскову

    «Прэсбол» пачыняе змяняць фармат: колькасць старонак газеты ад пачатку года скарацілася

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці