• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Перакладалі на беларускую мову турэмны жаргон». Сукамэрнік расказаў пра палітвязьня, экс-дырэктара БелаПАН Дзьмітрыя Наважылава

    Летась у канцы красавіка Віталя Казлоўскага асудзілі на 2 гады «хіміі» паводле 342-га артыкулу, за ўдзел у пратэстах. Тры месяцы да суду мужчына правёў у камэры № 66 СІЗА на Валадарскага. Паводле Віталя, тых з кім давялося сядзець падчас сьледзтва, а гэта прыблізна 20 чалавек, яму больш за іншых запомніўся менавіта журналіст Дзьмітры Наважылаў. Гэтым знаёмствам Віталь ганарыцца.

    «Чалавек выключнай эрудыцыі і выхаванасьці»

    Сукамэрнік Наважылава Віталь Казлоўскі расказвае: «Справа была — каля 80 тамоў. Дзьмітры як вяртаўся ў камэру пасьля чарговага азнаямленьня, дзіву даваўся: папрыдумлялі лухты, ніякіх доказаў няма, усё высмактана з пальца».

    Знаёмствам з Дзмітрыем Віталь ганарыцца:

    «Дзьмітры — чалавек выключнай эрудыцыі і выхаванасьці. Ён шмат чытаў, дзяліўся з намі думкамі і ведамі. Яшчэ ён выдатна ладзіць зь людзьмі: з навічкамі і старажыламі, з палітычнымі і крымінальнікамі — з усімі знаходзіў агульную мову, ставіўся да ўсіх паважліва, роўна і яго ўсе паважалі. У камэры бывалі канфлікты, але зь ім — ніколі і ні ў кога. Ён прыўнёс інтэлігентасьць у жыцьцё сукамэрнікаў».

    Зь Дзьмітрыем Наважылавым Віталь быў суседам па «шконцы» — двухпавярховым жалезным ложку. У камэры было шэсьць такіх двухпавярховых ложкаў, вольнага месца заставалася зусім мала. І ўсё ж вязьні займаліся фізычнымі практыкаваньнямі, каб падтрымаць здароўе. Паводле Віталя, ягоны сукамэрнік Дзьмітры Наважылаў быў сярод самых актыўных у гэтых занятках, а таксама ніколі не ўхіляўся ад прагулак у турэмным дворыку і сам не курыў цыгарэт.

    «Ён чалавек вельмі ветлівы, ня тое што мацюкоў — грубага слова ад яго ніхто ня чуў. Калі іншыя хлопцы ўжо вельмі шмат накураць, ён пачынаў размову пра шкоду здароўю, і на некаторых гэта дзейнічала лепш, чым нудныя натацыі».

    «Вы не ў санаторый трапілі»

    Але галоўнай праблемай «Валадаркі» ў 2022 годзе, паводле Віталя, былі ўсё ж ня дрэнныя бытавыя ўмовы і скучанасьць, а свавольства адміністрацыі. Асабліва яскрава гэта выяўлялася ў тым, што вязьням абмяжоўвалі перапіску. Палітычных гэта тычылася абавязкова.

    «Наважылаў казаў, што ў першыя месяцы ў СІЗА атрымліваў лісты ад 70 адрасатаў: сяброў, знаёмых, проста людзей, якія спачуваюць яму. Але потым ліставаньне абмежавалі толькі сваякамі, ды і то самымі блізкімі. Калі я «заехаў», у мяне было тое самае — спачатку шмат, потым амаль нічога, і мяне гэта вельмі напружвала. Але якраз досьвед і прыклад Дзьмітрыя дапамог авалодаць сабой, не разгубіцца, захаваць псыхалягічную ўстойлівасьць. Дарэчы, мы паспрабавалі змагацца: на чарговым абыходзе паскардзіліся правяральніку, што лісты не даходзяць, хаця мы дакладна пра іх ведаем. Вядома, гэта не дапамагло. Затое атрымалі красамоўны камэнтар, які дэманструе стаўленьне да нашых правоў. Афіцэр адказаў нам літаральна гэтак: «А вы што, у санаторый трапілі? Мусіце ведаць, дзе знаходзіцеся і за што».

    Другім прыкладам нядобрага стаўленьня адміністрацыі «Валадаркі» да сваіх абавязкаў Віталь назваў тое, як там было арганізавана лячэньне вязьняў падчас эпідэміі ковіду. «У Дзьмітрыя, паводле сымптомаў, быў ковід, але абсьледаваньня не правялі і з мэдычнай дапамогі — толькі таблетка. І гэтак з усімі».

    Навучыў аддзяляць прапаганду ад навінаў

    24 лютага 2022 году Расея напала на Ўкраіну. Вязьні 66‑й камэры «Валадаркі» даведаліся пра гэта ў той жа дзень з навінаў па тэлевізары, у якіх паказалі выступ Уладзіміра Пуціна. Рэакцыя камэры не была адназначнай. Некаторыя ўсё ж сказалі, што Ўкраіна доўга не пратрымаецца, успамінае Віталь. Але Наважылаў, кажа Віталь, ацаніў падзею інакш і паступова навучыў сукамэрнікаў глядзець навіны «праз кадар».

    «Дзьмітры адразу назваў гэтак званую „спэцапэрацыю“ злачыннай вайной, якая не прынясе перамогі. Увогуле ён навучыў камэру разьбіраць „па костках“ навіны ў тэлевізары. Расейцы дакладаюць пра пантонны мост? Значыць за пераправу ідуць жорсткія баі, украінцы аказваюць супраціў, не здаюцца. І ён не памыліўся. Кіева за тры дні не атрымалася ўзяць. Паступова ў камэры вучыліся бачыць сутнасьць таго, што адбываецца на вайне, і не паддавацца на прапаганду».

    Паводле былога вязьня «Валадаркі», захоўваць душэўную раўнавагу Дзьмітрыю Наважылаву дапамагаў ня толькі жыцьцёвы досьвед і розум.

    «Наважылаў адэкватна ацэньваў тое, што адбываецца ў краіне, і тое, што яго чакае немалы прысуд. Ён такі паводле складу натуры — рэаліст, разважлівы, ня схільны да ілюзій. Але да іншых людзей вельмі чульлівы і спагадлівы».

    Віталь Казлоўскі ўспамінае, як журналіст дзяліўся з сукамэрнікамі харчамі і рэчамі з кожнай перадачы, якія атрымліваў ад сямейнікаў і сяброў.

    «Штораніцы і штовечар пэўны час ён праводзіў у малітве перад абразком. Малітвы нам вельмі дапамагалі. Я каталік, ён праваслаўны. Мы маліліся ў адзін час, і я ведаю, што ён прасіў заступніцтва ня толькі для сябе. Маліўся за сваякоў, сяброў, знаёмых, за невядомых палітвязьняў, якія таксама пакутуюць, як ён. І цяпер, пэўна, моліцца», — мяркуе Віталь Казлоўскі.

    «Перакладалі на беларускую турэмныя тэрміны»

    Вольнага часу ў вязьніцы хапае: людзі чытаюць, пішуць лісты, пераказваюць адзін аднаму цікавыя моманты з жыцьця. Віталь успомніў занятак, якім яны са Зьмітром часта бавіліся.

    «Мы перакладалі на беларускую мову турэмны жаргон, які там упершыню пачулі і вывучылі. Але гэтак званы турэмны слэнг сфармаваны выключна на расейскіх словах. Усе гэтыя „шконкі“, „шлёмкі“, „прадольны“, „кешар“ і гэтак далей. А калі гэта перакласьці на беларускую? Доўга ламалі галаву, шукалі розныя варыянты, правяралі іх на сукамэрніках. Да некаторых словаў знайшлі, здаецца, нядрэнную замену. Прыкладам, „общак“ у нас стаў „агульнікам“. Гадзіцца?»

    «Сядзіць у Віцьбе‑3»

    У красавіку 2022 году Віталю Казлоўскаму прысудзілі «хімію» і вызвалілі ў залі суду. Далей яму трэба было чакаць зь міліцыі прызначэньня месца адбыцьця пакараньня, але ён ня стаў выпрабоўваць лёс і выехаў зь Беларусі. Цяпер былы палітвязень жыве і працуе ў Вільні.

    «Тут жыву добра, але вельмі непакоюся за свайго сукамэрніка Дзьмітрыя Наважылава. Ведаю пра яго цяперашні стан толькі тое, што ён адбывае пакараньне ў калёніі „Віцьба‑3“, якая пад Віцебскам. Але больш нічога. На акцыі салідарнасьці прыходжу зь ягоным партрэтам, каб нагадаць пра гэтага чалавека, які гэтак мне дапамог. Адчуваю, што абавязаны перад ім, і вельмі хачу яму дапамагчы», — кажа былы палітвязень Віталь Казлоўскі.

    Прысуд у «справе БелаПАН» быў абвешчаны ў красавіку 2022 году. Экс-дырэктара агенцтва Дзьмітрыя Наважылава прызналі вінаватым у стварэньні і дзейнасьці ў складзе «экстрэмісцкага фармаваньня», а таксама ў нясплаце падаткаў, і асудзілі на 6 гадоў зьняволеньня. Сваёй віны экс-дырэктар БелаПАН не прызнаў, як і другія фігуранты справы.

    Дырэктарку БелаПАН Ірыну Леўшыну асудзілі на 4 гады зьняволеньня; былога намесніка дырэктара агенцтва і мэдыямэнэджара Андрэя Аляксандрава, якога абвінавацілі яшчэ і ў здрадзе дзяржаве, на 14 гадоў; актывістку Ірыну Злобіну, цяпер жонку Андрэя Аляксандрава, пакаралі 9 гадамі зьняволеньня.

    Андрэй Аляксандраў адбывае пакараньне ў Наваполацкай калёніі, Ірына Леўшына і Ірына Злобіна — у Гомельскай жаночай калёніі.

    Чытайце яшчэ:

    Манипулирование и другие фокусы: как пропаганда редактирует реальность

    Мова міру супраць мовы вайны. Хто фармуе наратывы і нясе за іх адказнасць

    «Айцішны» інтэрнэт-рэсурс Dev.by заблакаваны ў Беларусі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці