«Айцішны» інтэрнэт-рэсурс Dev.by заблакаваны ў Беларусі
За межамі краіны старонка Dev.by адчыняецца і абнаўляецца.
Напрыканцы мінулага тыдня ў некаторых аператараў сувязі ў Беларусі перастаў адчыняцца навінавы рэсурс Dev.by. Паколькі рэдакцыя не атрымлівала афіцыйных прэтэнзій з боку ўладаў, заснавальнікі спадзяваліся, што гэта тэхнічная накладка. Аднак пасля выходных сайт так і не запрацаваў.
У пятніцу 26 траўня на інтэрнэт-старонцы спецыялізаванага выдання з’явілася паведамленне наступнага зместу: «Сайт devby.io можа быць недаступны ў некаторых правайдараў на тэрыторыі Беларусі. Цяпер мы спрабуем высветліць прычыну, будзем трымаць вас у курсе».
Паводле папярэдняга маніторынгу, залежна ад аператара сувязі цяпер некаторых карыстальнікаў у Беларусі пры спробе зайсці на сайт сустракае дзяжурны шаблон пра «адсутнасць бяспечнага злучэння» (This site can’t provide a secure connection). А вось іншая частка бачыць больш празаічную прычыну — «чорную метку» ў выглядзе заглушкі Міністэрства інфармацыі пра блакіроўку інтэрнэт-рэсурсу. Прычыны рашэння звыкла не тлумачацца.
Спажыўцы навінаў ІТ-індустрыі бурна рэагуюць на чарговы акт цэнзуры, але пры гэтым пасмяхаюцца з «кандовых спробаў» уладаў адгарадзіць «айцішнікаў» ад прафесійнай інфармацыі.
«Нічога яны не зробяць: увесь ІТ-сектар карыстаецца службовымі VPN (праграма абыходу блакаваных каналаў), якія наогул ніяк не могуць рэгулявацца законамі Карыстальніцкай дамовы (censored — П. 4.1.2). Таму што VPN у шэрагу выпадкаў забяспечваюць кліенты, якія плацяць грошы, адпаведна, ім глыбока фіялетава да нечых «хацелак». Пустая трата часу…», — тлумачыць на рэдакцыйным форуме адзін з карыстальнікаў.
Dev.by — інтэрнэт-выданне пра беларускую ІТ-галіну. Платформа заснаваная ў 2008 годзе і асвятляе ўсе значныя падзеі, якія адбываюцца ў індустрыі, або могуць на яе паўплываць. Сярод іншага збірае каталог беларускіх кампаній і водгукі пра іх; вядзе поўны каляндар падзей і статыстыку заробкаў; размяшчае вакансіі для кандыдатаў. Штомесяц навіны, аналітыку, расследаванні чытаюць і абмяркоўваюць у сярэднім мільён унікальных наведнікаў.
Уладальнікі платформы — ІТ-прадпрымальнік Арцём Канцавы і кампанія VP Capital Віктара Пракапені. Рэдакцыя Dev.by незалежная ад заснавальнікаў і інвестараў, дзейнічае ў інтарэсах чытачоў, ІТ-супольнасці і не абслугоўвае карпаратыўныя інтарэсы якіх-небудзь кампаній», — падкрэсліваецца ва ўнутраным кодэксе калектыву.
«Мы не рэсурс пра тэхналогіі і бізнесы ў вакууме. Найвышэй мы цэнім кам’юніці, якое сабралі вакол выдання за паўтара дзясятка гадоў, і разам з ім ідзем праз ідэальны шторм (а калі і — штыль): пішам пра ўсё, што яму важна, карысна, цікава і балюча проста цяпер».
Нягледзячы на спробы Міністэрства інфармацыі абмежаваць дзейнасць папулярнага інтэрнэт-рэсурсу, у рэдакцыі Dev.by заявілі, што працягнуць працу ў звыклым рэжыме. І нагадваюць рэкамендацыі, дзе і якім чынам акумулююцца апошнія навіны ІТ-індустрыі.
Чытайце яшчэ:
Манипулирование и другие фокусы: как пропаганда редактирует реальность
Брэсцкія ўлады запрасілі журналіста са Швейцарыі для «фармавання пазітыўнага іміджу»
Мова міру супраць мовы вайны. Хто фармуе наратывы і нясе за іх адказнасць