Павел Дабравольскі: Я гатовы да любога рашэння суда
У аўторак Мінскі гарадскі суд будзе разглядаць касацыйную скаргу журналіста TUT.BY, якога месяц таму затрымалі ў будынку суда Фрунзенскага раёна, збілі, а потым яшчэ і аштрафавалі за нібыта непадпарадкаванне міліцыянтам і дробнае хуліганства.
За месяц, які мінуў з часу інцыдэнту, калегі журналіста звярталіся ў некалькі дзяржаўных ведамстваў з просьбай адрэагаваць на сітуацыю. Міністэрства ўнутраных спраў адразу назвала дзеянні праваахоўнікаў законнымі, міністр інфармацыі таксама стала на бок міліцыянтаў і абараняць журналіста не стала, такое ж меркаванне выказаў і міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі.
Між тым, Следчы камітэт па-ранейшаму не азнаёміў пацярпелага журналіста з вынікамі праверкі, прызначанай па факце збіцця міліцыянтамі. Паводле Дабравольскага, следчыя нават не вярнулі яму мабільны тэлефон з запісам інцыдэнту, які прасілі на адзін дзень.
– Ужо прайшоў адведзены на разбіральніцтва месяц з моманту майго звароту ў Следчы камітэт з просьбай прыцягнуць міліцыянтаў да адказнасці за збіццё. Але адказу ад следчых па-ранейшаму няма: яны не тэлефануюць самі і не адказваюць на мае тэлефанаванні. У СК па-ранейшаму знаходзяцца мае рэчы, парваныя міліцыянтамі, і мабільны тэлефон, на які я спрабаваў зняць падзеі 25 студзеня. Тэлефон мне абяцалі аддаць праз дзень-другі, але зараз яны нават на сувязь са мной не выходзяць, – распавёў прэс-службе ГА “БАЖ” Павел Дабравольскі.
Пакуль не атрымала адказу на свой зварот у СК і ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, якая звярнулася туды на наступны дзень пасля інцыдэнту з патрабаваннем прыцягнуць міліцыянтаў да крымінальнай адказнасці.
– Вось на такім фоне пройдзе заўтрашні суд. У сваёй касацыйнай скарзе я прашу адмяніць штраф у дачыненні да мяне на той падставе, што суд першай інстанцыі адмовіўся выслухаць сведак з майго боку. Акрамя таго, у судовай пастанове шмат нестыковак – некаторыя сказы проста супярэчаць іншым. Але я, калі шчыра, гатовы да любога рашэння. Суд можа як адмяніць папярэдняе рашэнне, так і пакінуць яго ў сіле, – канстатуе Дабравольскі, хоць і спадзяецца на лепшае.
Судовыя слуханні распачнуцца а 15‑й гадзіне па адрасе вул. Дуніна-Марцінкевіча, 1/3. Прыйсці падтрымаць калегу ў суд збіраюцца многія беларускія журналісты.