Журналісты збіраюць подпісы пад другім зваротам да Ананіч і рыхтуюцца да асабістага прыёму ў міністэрстве
На мінулым тыдні Лілія Ананіч адказала на зварот амаль двухсот беларускіх журналістаў, якія прасілі міністра выказацца з нагоды збіцця нашага калегі Паўла Дабравольскага.
Аднак адказ і блізка не задаволіў падпісантаў. Супрацоўнікі беларускіх СМІ чакалі, што міністр пацвердзіць недапушчальнасць перашкодаў прафесійнай дзейнасці журналістаў, рэалізацыі права грамадзян на атрыманне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі, і давядзе сваю пазіцыю да МУС і ўсіх яго структурных падраздзяленняў.
– У сваім адказе Ананіч яшчэ раз напісала, што Павел Дабравольскі нібыта перашкаджаў супрацоўнікам міліцыі і быў затрыманы законна. Пра агульныя тэндэнцыі з затрыманнем журналістаў, правамі журналістаў у адказе наогул не было ні слова, – гаворыць ініцыятарка звароту Алёна Шарамет.
Алёна распавядае, што пасля атрымання адказу яна паспрабавала запісацца на асабісты прыём да міністра інфармацыі, якая ў першы раз не захацела размаўляць з журналістамі.
– Як высветлілася, міністр прымае грамадзян толькі раз на месяц. Бліжэйшы такі прыём адбудзецца 2 сакавіка. Калі я запісвалася, у мяне перапыталі нагоду майго візіту, і я адказала, што хачу пагутарыць наконт збіцця журналістаў.
Тады супрацоўнікі міністэрства спыталі прозвішча журналіста, якога збілі. І ў мяне ўзнікла ідэя пералічыць усе вядомыя факты затрымання і збіцця журналістаў за апошнія 10 гадоў у яшчэ адным калектыўным звароце, перадаўшы яго асабіста, – дадае Шарамет.
Аўтары звароту яшчэ раз згадваюць праблему адвольных затрыманняў журналістаў міліцыяй і перашкодаў законнай іх дзейнасці і заклікаюць Міністэрства інфармацыі рашуча асудзіць дзеянні супрацоўнікаў сілавых органаў, што парушаюць правы журналістаў.
Прадстаўнікі СМІ настойліва просяць Ананіч пра асабістую сустрэчу з журналісцкай супольнасцю для абмеркавання пытанняў бяспекі супрацоўнікаў выданняў, а таксама прапануюць экспертную дапамогу.
Поўны тэкст звароту размешчаны тут. Далучыцца да яго можна ў рэдакцыі TUT.BY, папярэдне скантантактаваўшыся з Алёнай Шарамет, альбо ў офісе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” у любы будны дзень да 1 сакавіка ўключна.