Журналіста TUT.BY збілі і аштрафавалі
25 студзеня ў Мінску карэспандэнта беларускага партала TUT.BY, сябра ГА “БАЖ” Паўла Дабравольскага жорстка збілі супрацоўнікі міліцыі пры выкананні ім прафесійных абавязкаў. Журналіст асвятляў ход судовага працэсу па «справе графіцістаў» у судзе Фрунзенскага раёна г. Мінска. На яго склалі два пратаколы – паводле арт. 17.1 КаАП «дробнае хуліганства» і 23.4 «Непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы». У той жа дзень суд Фрунзенскага раёна аштрафаваў журналіста на 45 базавых велічыняў — 9 450 000 беларускіх рублёў.
25 студзеня Павел Дабравольскі знаходзіўся ў будынку суда за дзвярыма залы пасяджэнняў. У пэўны момант з залы вывелі двух актывістаў – Паўла Сяргея і Максіма Шыціка, якія разгарнулі ў судзе пратэстныя плакаты. Павел Дабравольскі пачаў фіксаваць гэта на мабільны тэлефон і пайшоў за групай у нейкі калідор. Там яго разам з двума затрыманымі ўпіхнулі ў пакой і зачынілі дзверы, пасля чаго ўсіх траіх павалілі на падлогу і пачалі збіваць нагамі. Збівалі людзі ў цывільным, якія аказаліся супрацоўнікамі АМАП і сведчылі пазней супраць затрыманых у судзе.
У Паўла Дабравольскага было пры сабе пасведчанне журналіста, на якое ён марна спрабаваў звярнуць увагу супрацоўнікаў міліцыі. Пасведчанне забралі разам з мабільным тэлефонам.
Маладых людзей пратрымалі каля 20 хвілін тварам у падлогу. Пасля гэтага супрацоўнік Фрунзенскага РУУС адвёз іх у пастарунак, дзе на іх склалі пратаколы. У РУУС журналіст і актывісты правялі каля трох гадзін.
З РУУС затрыманых даставілі зноў у суд Фрунзенскага раёна, дзе суддзя Марыя Ярохіна адразу ж разгледзела складзеныя на іх пратаколы. Міліцыянты-сведкі заявілі, што Павел Дабравольскі атрымаў траўмы, абараняючы сваіх сяброў-актывістаў, і лаяўся матам.
У выніку журналісту Паўлу Дабравольскаму і актывісту Максіму Шыцікаву прысудзілі па 45 базавых велічыняў штрафу (9 450 000 рублёў), а Паўлу Сяргею – 50 базавых (10 500 000 рублёў).
У Паўла Дабравольскага засталіся гематомы на твары і целе, парваныя куртка і штаны. Журналіст ужо напісаў заяву ў міліцыю, збіраецца зняць пабоі і звярнуцца ў суд.