Парламент запрашае БАЖ, TUT.BY, Onliner і іншыя суб’екты на абмеркаванне паправак у заканадаўства аб СМІ
Пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў на правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ запрасіла прадстаўнікоў беларускага медыясектару на пасяджэнне рабочай групы па дапрацоўцы да другога чытання праекта зменаў заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі.
Афіцыйнае запрашэнне ад Палаты прадстаўнікоў 4 траўня атрымала Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Таксама ў якасці адрасатаў у запрашэнні пазначаныя Міністэрства інфармацыі, Савет Рэспублікі, Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў, кампанія “Гавары праўду”, Беларускі саюз журналістаў, Прэс-клуб Беларусь, Нацыянальная тэлерадыёкампанія, рэдакцыя газеты “Советская Белоруссия”, ЗАТ “Другі нацыянальны тэлеканал”, ААТ “ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” і Onliner.by.
— Для ўсіх зразумела, што кіраванне інтэрнэтам — гэта спалучэнне інтарэсаў дзяржавы, грамадства і бізнесу, а не аднабаковае рэгуляванне з боку дзяржавы. Таму мы вітаем правядзенне такой рабочай групы і спадзяемся, што меркаванне прадстаўнікоў медыясектару будзе пачутае пры дапрацоўцы законапраекта, — заявіў Прэс-службе БАЖ старшыня арганізацыі Андрэй Бастунец.
Пасяджэнне рабочай групы ў Палаце прадстаўнікоў запланавана на 8 траўня а 10:30.
Нагадаем, што 19 красавіка Палата прадстаўнікоў прыняла папраўкі ў заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі ў першым чытанні. Перад гэтым Пастаянная камісія па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі папрасіла Беларускую асацыяцыю журналістаў выказаць свае заўвагі і прапановы адносна законапраекта.
Заўвагі і прапановы БАЖ былі накіраваныя ў Палату прадстаўнікоў 9 красавіка, аднак адпаведная камісія да гэтага часу так і не разгледзела дакумент.
Пасля гэтага Беларуская асацыяцыя журналістаў яшчэ раз накіравала свае заўвагі і прапановы адносна паправак у закон аб СМІ цяпер ужо кожнаму дэпутату Палаты прадстаўнікоў. Таксама кожнаму дэпутату парламента БАЖ накіраваў прапановы прадстаўнікоў беларускай медыясупольнасці.
Фота «Еўрарадыё»