• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Нядзеля ў папраўчай калоніі. Аповед Дар’і Чульцовай

    Нядзеля ва ўсіх праходзіць па-рознаму. Тыя адсыпаюцца пасля вясёлай ночы, гэтыя едуць на прыроду з дзецьмі, іншыя наводзяць бляск у сваёй кватэры. У папраўчай жа калоніі нядзеля – зусім не пра адпачынак.

    Згодна з беларускім заканадаўствам, працоўны тыдзень не можа перавышаць 40 гадзінаў. Працоўны дзень у калоніі складае 6 гадзінаў, а працоўны тыдзень – 6 дзён. Паводле гэтых падлікаў, асуджаны працуе 36 гадзінаў на тыдзень. Фармальна ўсё ў парадку, але не спяшайцеся з высновамі.

    Па-першае, толькі палова атраду прыходзіць у жылую зону пасля працы (усяго ў атрадзе 75–110 асобаў). Астатнія застаюцца на фабрыцы і працягваюць працаваць. За гэтыя гадзіны ім ніхто не плаціць. Яны застаюцца для таго, каб паспець завяршыць швейныя працэсы, што неабходна выканаць, каб іхны адсотак у працы быў большым. Большы адсотак – больш грошай. Нюанс у тым, што гэты адсотак залежыць не толькі ад цябе. Важна, як працуе ўся брыгада. Нават калі ты робіш большую частку працы, гэта не значыць, што ў цябе будзе высокі заробак, бо калі агульны брыгадны адсотак маленькі, адпаведна, і твой уласны будзе не нашмат большы, чым у астатніх. У выніку твой заробак усё гэтак жа будзе невялікім.

    Па-другое, шасцідзённы працоўны тыдзень зусім не значыць, што нядзеля заўсёды выходная. Нядзелі бываюць працоўнымі. Як і знаёмыя ўсім беларусам суботнікі, яны праходзяць у добраахвотна-прымусовым парадку.

    Растлумачу падрабязней. У калоніі 2 працоўныя змены. Першая – пачынаецца а 7:30 і заканчваецца а 14:30, плюс перапынак на абед, што займае 30–40 хвілін. Другая – пачынаецца а 15:00 і доўжыцца недзе да 21:40. Змены мяняюцца кожны тыдзень.

    На практыцы для тых, хто працуе ў першую змену, сёмы дзень тыдня лічыцца «працоўнай нядзеляй». Нават калі адміністрацыя сцвярджае, што гэты дзень не абавязковы, толькі паспрабуйце не выйсці на працу. Запэўніваю, да вас адразу паўстане шмат пытанняў.

    Нядзеля разглядаецца як звышурочная праца, у калоніі гэта называецца разнарадка, але фактычна яе ніхто не аплаціць, нягледзячы на тое, што чалавек выйшаў у свой законны выходны. За працу ў нядзелю трэба распісацца. І раз вы выходзіце добраахвотна, працоўным днём гэта не лічыцца – вы ж выйшлі для сябе, каб паспець тое, што не паспяваеце зрабіць за працоўную змену. Паверце, нікога не турбуе, што на вас вісіць шэсць працэсаў, а на іншай асуджанай усяго толькі адзін. У выніку атрымліваюцца 42 рабочыя гадзіны за тыдзень.

    Магчыма, многія зараз пачнуць думаць: «Дзвюма гадзінамі больш, дзвюма менш, якая агулам розніца». Розніца вялікая. Справа ў тым, што акрамя фабрыкі, на якой асуджаныя ўвесь час цярпяць маральны ціск і стамляюцца за 6 гадзінаў так, нібы працавалі ўсе 12, існуе яшчэ і праца ў калоніі. Рэгулярныя дзяжурствы, інвентарныя працы, абіранне бульбы, штодзённае прыбіранне адведзенай часткі тэрыторыі ў калоніі. Ніхто не глядзіць, што ты толькі што з фабрыкі – калі ты дзяжурыш паводле раскладу, ты не паспееш нават паесці. Будзеш прыбіраць туалет, пойдзеш разгружаць фургон з вокнамі або адмываць тэрыторыю ад птушынага памёту. Калі наважышся адмовіцца… не факт, што пацярпіш канкрэтна ты. Бо асуджаныя, як мушкецёры, «адзін за ўсіх і ўсе за аднаго». Нехта абавязкова раскажа, што ты адмовіўся ад нейкай працы. І праз гэта пацярпіш не толькі ты, пацярпіць увесь атрад, усе 100 асобаў. У адміністрацыі адмысловыя метады пакарання.

    Калі вашыя працадаўцы кажуць, што вам неабходна выйсці на працу ў нядзелю, каб нешта скончыць, падумайце, дзе вы працуеце. Можа, вы такі ж вязень, як і жанчыны ў папраўчай калоніі № 4.

    Чытайце яшчэ: 

    «Да вайны мы недаацэньвалі небяспеку прапаганды». Размова з расійскай журналісткай, якая вымушана з’ехала з краіны

    «Такіх пэрсанажаў, як Красоўскі, у беларускай прапагандзе пакуль няма», — мэдыя-экспэрт Быкоўскі

    З вамі гаворыць тэлевізар, альбо чаму не трэба слухаць імперскую прапаганду

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці