Новыя кнігі, вершы і сны. Турэмныя навіны ад Андрэя Кузьнечыка
Месяц таму палітзьняволены журналіст Свабоды пісаў, што за паўтара года за кратамі адолеў 82 кнігі. Нядаўна адкрыў для сябе бразыльца Паолё Каэльлё і беларуса Валерыя Гапеева, перачытаў Адама Міцкевіча.
«Не пакідае адчуваньне, што сьвет пасылае мне знакі»
Графік працы бібліятэкі ў калёніі часта супадае з графікам працы Андрэя на вытворчасьці.
«Выбар там някепскі. Абсалютна выпадкова да мяне трапіла кніга „Альхімік“ Паолё Каэльлё. Праглынуў яе за пару гадзін, так нечакана яна „засугучнілася“ з маім думкамі і адчуваньнямі. Там таксама пра лёс і шлях, мары і каханьне. Я аж некалькі цытат выпісаў, чаго ўжо даўно не рабіў. Не пакідае ці то ўражаньне, ці то адчуваньне, што сьвет пасылае мне знакі, якія я хоць і не магу расчытаць, але цешуся і поўнюся ўдзячнасьцю з гэтай увагі», — піша палітвязень.
Андрэй вельмі ўсьцешаны, што жонка прачытала «Альхіміка» раней, і спадзяецца, што гэтую кнігу прачытае і ягоная маці. Зноў перачытаў клясыка Адама Міцкевіча.
«Упершыню ўважліва прачытаў „Пана Тадэвуша“. Ну і ясна, дзе ледзь што — адразу бачацца паралелі. І аб навінах ды спадзевах, і пра эміграцыю, і ўрэшце пра шчасьлівы канец, да якога ў Міцкевічавым выпадку і жыцьця не хапіла. Выснова не мая: рабі, што мусіш, што падказвае сэрца, і будзе ўсё добра, хоць, можа, і ня хутка», — піша Андрэй.
«Зьнікае мая роварная „зялёная дарога“ ў цэнтар»
Палітвязень выпісвае шмат пэрыёдыкі, шукае там цікавую для сябе інфармацыю. Як заўзяты раварыст, шкадуе, што праз новую забудову ў сталіцы зьнікаюць роварныя дарожкі.
«У газэтах прачытаў, што ўзяліся забудоўваць нават узьлесак лесапарку ў Сьцяпянцы. Гэтак зьнікае мая роварная „зялёная дарога“ ў цэнтар. Мо каб не было па чым сумаваць».
«І пра наш раёнчык навіны. Пішуць, паркінгу пад нашымі вокнамі ня будзе, а заасфальтуюць простую стаянку. Нядаўна чаргавікам дазволілі не купляць парковачныя месцы ў нагрузку да кватэраў, дык, ясны перац, попыт на паркінг у такіх раёнах зьнік. Урбаністычна гэта мінус, але мо ў нашых вокнах будзе трошку болей вечаровага сонца. Ну і ў далёкім канцы, дзе мы аднойчы боцікі Яніне куплялі, сабраліся зрабіць нейкі добраўпарадкаваны парк. Мо неяк скатаемся на ровары».
«У газэтах пішуць, што пляжы ў Менску не закрывалі. Асабліва нахвальваюць Цнянку. Маўляў, там і для дзяцей зручна, і шмат чаго абнавілі і новага зрабілі. Недзе нават для дзяцей у вадзе загарадку паставілі, каб далёка не заходзілі. Адно, што ехаць даўгавата зь дзецьмі».
Родныя шлюць Андрэю шмат фота, каб ён бачыў, як растуць і сталеюць дзеці, чым займаюцца, як бавяць час на вакацыях.
«Усьцешна чытаць і бачыць, што вы не марнуеце часу на што-небудзь нецікавае і бясплённае. Рэстаран зь сяброўкамі, атракцыёны, росквіт бэзу ў Батанічным — добры старт лета. Шчыра радуюся за вас. Трымайце так і далей! І фота дужа прыгожыя з бэзам, з альтанкай, з агромістымі «інсэктамі» (і не пашкадавалі ж аж цэлай лаўкі! 🙂
«Апошнім часам сны ня хочуць запамінацца. Дапамагаю ім рознымі гарбаткамі»
У кожным лісьце Андрэй апавядае пра свае сны, «насычаныя сюжэтамі, людзьмі, музыкай». Сны-ўспаміны пра мінулае жыцьцё на свабодзе.
«То журналісты з розных рэдакцый прыедуць у госьці і ўсю ноч нясьпешліва абмяркоўваюць экзыстэнцыйныяі філязофскія пытаньні з ноткамі непазьбежнасьці аптымістычнага сцэнару, але ў невызначальна далёкай пэрспэктыве. То з салістам „Крамы“ і гуртам „Лэдзі Панк“ едзем у Берасьце (зраньня прыгадаў усе словы песьні да апошняга радка). То бачыш замак над Блейскім возерам у Славеніі», — расказвае палітзьняволены.
На сны Кузьнечыка натхняюць і шматлікія фота, якія дасылаюць яму сваякі. Шкадуе, што некаторыя сны не запомніліся.
«На гэтым тыдні прыйшоў канвэрт з фоткамі і паштоўкай. Цудоўнымі фоткамі і чароўнай паштоўкай. Дзякуй за натхненьне для новых сноў. Праўда, апошнім часам сны ня хочуць запамінацца. Але сьняцца штоноч. Дапамагаю ім рознымі гарбаткамі патрошку. Гарбаты, дарэчы, хопіць яшчэ надоўга з маімі дазіроўкамі і графікам чаяваньняў.
Пра сон мне трапіўся і аповед у 80‑м нумары „Дзеяслова“. Там жа і пачатак раману Валера Гапеева, пра якога я надоечы пісаў, што ня ведаю, хто такі. Цікавы пісьменьнік, аказваецца. Калі не знайду працяг раману, буду ў цябе пытацца, чым ён скончыўся. Дужа захапляльны містычны дэтэктыў», — дзеліцца ўражаньнямі ад прачытанага Кузьнечык.
«Янчыны крэйдавыя коцікі проста фантастычныя!»
Андрэй ганарыцца посьпехамі сваіх дзяцей. 9‑гадовая дачка Яніна добра малюе, ёй нядаўна падаравалі мальбэрт, прафэсійныя прылады для маляваньня, шмат фарбаў і крэйдаў.
«Янчыны крэйдавыя коцікі проста фантастычныя! І любаваўся, і думаў, як такое магчыма намаляваць. Цікава, ува што гэты талент вырасьце, ці захоча вучыцца ў больш цяжкай, але і больш спэцыялізаванай школе. А што ў якую гімназію з ухілам возьмуць пасьля такіх узораў мастацтва, я не сумняваюся», — піша бацька.
Цёпла ўспамінае Андрэй і свайго трохгадовага сына Мацьвея:
«Цудам, поўным замілаваньня, была гісторыя пра Мацейку і паштовую скрынку. Лішне казаць, што ад гэтай казкі я хадзіў усьмешлівы і зачараваны. А шчасьце маё стала яшчэ большым, хоць я і да таго лічыў сябе рэдкім багацеем», — не хавае эмоцый палітвязень.
Даслаў Андрэй Кузьнечык сям’і і свой новы філязофскі верш на паштоўцы:
Валіцца ўсё з лапак у вавёркі,
Жук-капрыза ўстаў ня з той нагі.
Вожык, натапырыўшы іголкі,
Сустракае кожнага ў штыкі.
І калі ў цябе бяз дай прычынаў
Здарыцца ў настроі збой налад,
Згледзіш фігу ў кнізе і, магчыма,
З мухі выдзьмеш цэлага слана!
А яшчэ для тых, хто не ў гуморы,
Каб дарэмна час не марнаваць,
Дзесьці ў шафе, склепе ці каморы
Бібікі нябітыя ляжаць.
Ды маркоты хопіць ненадоўга,
І тым часам трэба не забыць
Палунаць хоць трошачку ў аблоках,
За акном варонаў палічыць.
Каб ўжо назаўтра раніцою
Згадваць не аддадзены нудзе
Гэты, хай сабе і без настрою,
Але ўсё ж зусім ня сумны дзень.
Чытайце яшчэ:
Забрать нельзя оставить. Как белорусская журналистка возвращала свой автомобиль из Украины
Журналіст Караль Гусеніца: Падзеі ў Беларусі ў 2020-ым былі важныя для палякаў праз агульнага ворага — Расію
«За год так і не даведаліся, за што канкрэтна была асуджаная Каця…»