Новая прадстаўніца медыя за кратамі ў Беларусі — Таццяна Пыцько. Цяпер у няволі 34 прадстаўнікі медыя
Беларускай асацыяцыі журналістаў стала вядома, што затрыманую жонку віцебскага аператара Вячаслава Лазарава Таццяну Пыцько абвінавачваюць у тым, што яна быццам бы супрацоўнічала з тэлеканалам «Белсат».
За гэта Таццяне Пыцько, як і яе затрыманаму мужу, пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі. У сувязі з дадзенай інфармацыяй Беларуская асацыяцыя журналістаў далучае Таццяну Пыцько да пераліку прадстаўнікоў і прадстаўніц медыя за кратамі.
На дадзены момант у Беларусі за кратамі іх 34.
21 чэрвеня беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Таццяну Пыцько палітычнай зняволенай.
Таццяна Пыцько нарадзілася 26 верасня 1984 года ў пасёлку Партызанскі Вілейскага раёна Мінскай вобласці. Скончыла Залесскую сярэднюю школу, філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя МаксімаТанка. Да 2021 г. працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе аграгарадка Акцябрскі Віцебскага раёна.
Мае трох непаўналетніх дзяцей: дачку Ксенію (13 гадоў), сына Данііла (11 гадоў) ад першага шлюбу і дачку Еву (1 год) ад другога шлюбу.
У 2020‑м годзе падчас мірных пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкай выбарчай кампаніі Таццяну Пыцько (у першым шлюбе — Вішнеўская) двойчы прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці і аштрафавалі «за ўдзел у несанкцыянаваных масавах мерапрыемствах».
Паколькі на акцыі пратэсту з ёй разам была старэйшая дачка, аддзел міліцыі Віцебскага раёна тады ж распачаў супраць Таццяны Пыцько (Вішнеўскай) адміністрацыйную справу па артыкуле 9.4 КаАП (невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей), але справу спынілі праз адсутнасць складу правапарушэння.
у 2021 годзе пад ціскам адміністрацыі навучальнай установы Таццяна мусіла звольніцца са школы і засталася беспрацоўнай.
У 2022 годзе яна пабралася шлюбам з віцебскім відэааператарам-фрылансерам Вячаславам Лазаравым. 9 лютага 2023 года пасля ператрусу па месцы рэгістрацыі Вячаслаў быў затрыманы сілавікамі паводле крымінальнай справы арт. 361–4 КК РБ (спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці) за сувязь з недзяржаўным СМІ, прызнаным у Беларусі экстрэмісцкім фармаваннем. З тае пары яго трымаюць у віцебскім СІЗА‑2.
6 чэрвеня 2023 года была затрымана і Таццяна Пыцько. Праз некалькі дзён ёй прад’явілі абвінавачанне паводле арт. 361–1 Крымінальнага кодэкса РБ (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім) за тое, што яна быццам бы супрацоўнічала з тэлеканалам «Белсат».
У Следчы камітэт пачалі выклікаць людзей, якіх пазналі па матэрыялах відэаархіва, што захоўваўся на камп’ютары і тэлефоне Вячаслава Лазарава. Там знайшліся відэаздымкі, падчас якіх прысутнічала і Таццяна Пыцько. На думку следства, такім чынам яна прыняла ўдзел у дзейнасці экстрэмісцкага фармавання.
Пасля затрымання абодвух бацькоў іх дачку Еву аддалі пад апеку дзяржавы. З 6 чэрвеня яна знаходзіцца ў Віцебскай абласной дзіцячай лякарні, потым яе перададуць у Дом дзіцяці. Забраць яе змогуць толькі сваякі, якія афіцыйна аформяць апякунства над дзяўчынкай.
Чытайце яшчэ:
Затрымалі Таццяну Пыцько, жонку палітзняволенага віцебскага відэааператара Вячаслава Лазарава
Яўген Магда: «Распавядаць пра Беларусь ва Украіне — як кідаць зерне на бетонную падлогу»
Журналіста Анджэя Пачобута этапавалі ў наваполацкую калонію