Міністр інфармацыі панаракаў на аўдыторыю «бурбалкі» недзяржаўных медыя
Падчас сустрэчы з ідэалагічным актывам Нясвіжа і супрацоўнікамі мясцовай раённай газеты кіраўнік Міністэрства інфармацыі Уладзімір Пярцоў заклікаў больш актыўна «перацягваць» на свой бок спажыўцоў, якія ўсё яшчэ застаюцца ў арбіце ўплыву «дэструктыўных рэсурсаў».
«Ідэалогія — як імунная сістэма арганізма. Яе адсутнасць забівае любую дзяржаву. Мы агітуем часам тых, хто і так з намі. Аднак наша першая задача — дагрукацца да аўдыторыі, якая дагэтуль ў бурбалцы альтэрнатыўных сродкаў масавай камунікацыі», — нагадаў чыноўнік падчас сустрэчы з ідэолагамі і журналістамі газеты «Нясвіжскія навіны».
Як ужо стала звыклай справай падчас аналагічных ваяжоў, Уладзімір Пярцоў галаслоўна спаслаўся на тое, што, адрозна ад «ангажаваных медыйных праектаў», матэрыялы сучасных дзяржаўных СМІ «не грунтуюцца на хлусні».
«Адрозна ад альтэрнатыўных масмедыя, нашы сродкі масавай інфармацыі сабе такое ніколі не дазвалялі і не дазваляюць. Велізарны плюс, што апошнім часам адбылося працверажэнне грамадства. Што людзі нарэшце склалі два плюс два. Для гэтага дастаткова праз месяц вярнуцца да прачытанага», — адаслаў пад канец да не зусім зразумелай логікі кіраўнік ведамства.
Звяртаючыся да касцяка прапагандысцкай аўдыторыі, міністр інфармацыі канстатаваў: сёння афіцыйным журналістам, штатным ідэолагам трэба не толькі быць у курсе пытанняў, якія хвалююць мясцовае насельніцтва, а дакладна ведаць, на якія тэмы ціснуць тыя, хто хоча «расхістаць сітуацыю ў краіне».
Для замацавання тэарэтычнага матэрыялу Уладзімір Пярцоў прывёз у Нясвіж наглядныя «факты аб інфармацыйнай праўдзе і бяспецы». І хоць беларускія ўлады не стамляюцца крытыкаваць Захад за спробы ўмяшання ва ўнутраныя справы краіны, такім «дапаможнікам» стаў дакументальны фільм вытворчасці ЗША пад назвай «Сацыяльная дылема», дзе выдаюцца алгарытмы ўплыву на грамадскую свядомасць праз сацыяльныя сеткі ды іншыя платформы.
Аб’яднаўшыся перад знешняй пагрозай, як адзначаецца ў справаздачы на сайце Мінінфарма, удзельнікі сустрэчы аднагалосна падтрымалі кіраўніка ведамства: маўляў, важна працягваць працаваць у адзінай камандзе і разам супрацьстаяць негатыўнай павестцы, якую прасоўваюць апаненты ў дачыненні Беларусі.
Варта адзначыць, што з кансультатыўнага органа Міністэрства інфармацыі цалкам ператварылася ў карную ўстанову, якая на рэгулярнай аснове множыць «экстрэмісцкія матэрыялы», забараняючы як цэлыя рэдакцыі, так і асобны «нелаяльны» кантэнт.
Дарэчы, напярэдадні паездкі ў Нясвіж міністр Пярцоў асабіста прадставіў на сесіі Савета рэспублікі законапраект са зменамі ў закон «Аб сродках масавай інфармацыі». «Сенатары» без пярэчанняў усё ўхвалілі.
«Цяпер ужо відавочна, што далёка не заўсёды інтэрнэт служыць развіццю грамадства і дзяржавы — віртуальнае асяроддзе стала інструментам інфармацыйных войн, накіраваных на разбурэнне грамадскіх асноў, маральных каштоўнасцей, а часам і цэлых дзяржаў. Даступнасць сеціва шырокай аўдыторыі надае гэтай праблеме асаблівы характар, менавіта таму шэраг навацый законапраекта накіраваны на абарону нацыянальнай інфармацыйнай прасторы», — акрэсліў ён лейтматыў паправак
Такім чынам, прадметам прававога рэгулявання законапраекта, паводле кіраўніка галіновага ведамства, з’яўляецца:
– прывядзенне нормаў закона ў адпаведнасць са зменамі і дапаўненнямі Канстытуцыі, прынятымі на рэферэндуме 27 лютага 2022 года;
– урэгуляванне асаблівасцей функцыянавання навінавых агрэгатараў і прававога статусу іх уладальнікаў;
– пашырэнне пераліку падстаў для анулявання пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі СМІ і для абмежавання доступу да інтэрнэт-рэсурсу, сеткавага выдання і агрэгатара навін;
– увядзенне механізма прыняцця сіметрычных мер у дачыненні да замежных сродкаў масавай інфармацыі ў выпадку недружалюбных дзеянняў замежных дзяржаў у адносінах да СМІ Рэспублікі Беларусь.
Усё гэта традыцыйна прыкрываецца «забеспячэннем канстытуцыйнага права грамадзян на атрыманне поўнай і дакладнай інфармацыі і гарантаваннем нацыянальнай бяспекі ў галіне масавай інфармацыі».
Чытайце яшчэ:
У палітзьняволенай журналісткі Ларысы Шчыраковай памерла маці
Фактчэкінг у карыстальніцкім (і не толькі) кантэнце: прапануем інструкцыю, як раскрываць фэйкі
Ціхае рэха трагічнай рэчаіснасці. Што не так у Вялікабрытаніі, Галандыі і Швейцарыі з медыятэкстамі пра Беларусь?