• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    КДБ атрымае неабмежаваны доступ да тэлефоннай базы абанентаў і ўсяго інтэрнэт-трафіка

    Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі і Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце зацвердзілі тэхнічныя патрабаванні “ў мэтах забеспячэння аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў” для аператараў і пастаўшчыкоў паслуг электрасувязі, уладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў. Дакумент набудзе сілу 22 студзеня 2023 года і прадугледжвае тэхнічныя патрабаванні да баз дадзеных, аўтаматызаваных сістэм ды іншага абсталявання і праграмна-тэхнічных сродкаў.  

    Сумесная пастанова пад нумарам 1/1 з’явілася на нацыянальным інтэрнэт-партале, яе падпісалі кіраўнікі наглядных ведамстваў – Іван Церцель і Андрэй Паўлючэнка.

    На дваццаці старонках тэксту пералічваюцца асноўныя навацыі, якія закрануць галіну дзеля “забеспячэння аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў” у інтарэсах спецслужбаў. 

    У прыватнасці, ліцэнзаваныя пастаўшчыкі на патрабаванне адпаведных органаў мусяць беспярэчна забяспечыць доступ да базаў дадзеных і аўтаматызаваных сістэм аператараў электрасувязі, якія змяшчаюць інфармацыю пра абанентаў і карыстальнікаў інтэрнет-рэсурсаў, а таксама пра аказаныя паслугі і праграмна-тэхнічным сродкі, якія для гэтага выкарыстоўваліся.

    Прапісваецца абавязковасць узаемадзеяння аператараў электрасувязі з “кампетэнтнымі органамі”, якія ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць, упаўнаважанымі падраздзяленнямі Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце і Камітэта дзяржбяспекі, а таксама доступ гэтых падраздзяленняў да баз дадзеных і аўтаматызаваных сістэм пастаўшчыкоў паслуг электрасувязі, уладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў.

    Акрамя таго, у патрабаваннях сілавікоў пералічаныя віды кантролю, якія павінны забяспечваць “сродкі аператыўны вышуковых мерапрыемстваў” на лініях тэлефоннай сувязі, а таксама вызначаныя звесткі, якія перадаюцца ў межах статыстычнага і поўнага кантролю.

    Напрыклад, пры кантролі месцазнаходжання ў выдалены пункт павінны перадавацца дадзеныя аб базавай станцыі, якая абслугоўвае зададзенага карыстальніка мабільнай сувязі.

    Пры гэтым у актыўным стане падаецца інфармацыя пра лакацыю абаненцкай прылады, а ў пасіўным — аб месцы знаходжання тэхнічнага прыставання ў межах працэдуры Loca­tion Update (не радзей чым раз у гадзіну пры ўмове ўключанай прылады).

    Дакладна гэтак жа вызначаюцца патрабаванні да тэхнічных сродкаў і спосабаў перадачы дадзеных пры забеспячэнні доступу ў інтэрнэт. Пастановай таксама вызначаныя параметры запытаў інфармацыі з базаў дадзеных аператараў сувязі і патрабаванні да часу пошуку па іх.

    Летась у верасні Аператыўна-аналітычны цэнтр выдаў пастанову, якой упарадкуецца працэдура блакавання непажаданых сайтаў. Калі раней пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг правяралі спіс абмежаванага доступу раз на суткі, то цяпер мусяць рабіць гэта кожныя тры гадзіны на працягу дня.

    Дакументам, у прыватнасці, вызначана, што цяпер спіс абмежаванага доступу — туды ўносяцца ўсе інтэрнэт-рэсурсы, якія трапілі пад абмежаванні — могуць “фільтраваць” не толькі Міністэрства сувязі, Міністэрства інфармацыі, КДБ, МУС, КДК ды іншыя сілавікі, але і ўладальнікі навінавых агрэгатараў.

    Іншымі словамі, згодна з пастановай, істотна скарачаецца час рэагавання на прызнаных кампетентнымі органамі рознага кшталту “экстрэмістаў”.

    Так, пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг — правайдэры і мабільныя аператары — абавязаныя на працягу чатырох гадзін ад моманту ўключэння ў спіс «забароненых” абмежаваць доступ да канкрэтнага інтэрнэт-рэсурсу. Калі дагэтуль правяраць базу можна было раз на суткі, то цяпер неабходна гэта рабіць кожныя тры гадзіны.

    Чытайце яшчэ:

    Мінінфарм запускае працэс “узбуйнення рэгіянальных рэдакцый”. Што стаіць за эўфемізмам?

    «Яны ўзбагачаюцца за чужы кошт»: мастакі падалі пазоў супраць стваральнікаў Midjourney і Stable Diffusion

    Як выпісацца з кватэры, калі не можаш прыехаць у краіну, і ці трэба для гэтага перадаваць пашпарт?

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці