• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Мінінфарм запускае працэс “узбуйнення рэгіянальных рэдакцый”. Што стаіць за эўфемізмам?

    Міністэрства інфармацыі тлумачыць узбуйненне рэгіянальных рэдакцый тым, што дарагіх спецыялістаў “цяжка прыцягнуць у раёне”. Але выглядае гэта як чарговая ступень дэградацыі дзяржаўнай друкаванай прэсы і спроба сэканоміць сродкі, большая частка якіх накіроўваецца цяпер на тэлевізійны прапагандысцкі апарат. Беларуская асацыяцыя журналістаў даследвала гэтае пытанне.

    На словах — аптымізацыя. Насамрэч — скарачэнне

    У сваім Telegram-канале Мінінфарм так пераконвае неабходнасць узбуйняць рэдакцыі ў рэгіёнах: “Галоўныя рэдакцыі холдынгу возьмуць на сябе тыя функцыі і задачы, якія не могуць на сябе ўзяць і эфектыўна асвоіць рэдакцыі ў раёнах: інтэрнэт, сацыяльныя сеткі, дызайн, сучасная вёрстка”.

    На думку чыноўнікаў, “дарагіх спецыялістаў — SMM-шчыкаў, піяршчыкаў, дызайнераў, мастакоў — цяжка прыцягнуць у раёне”, а “працу трэба аддаць у галоўную рэдакцыю холдынгу”.

    Калі перакладаць з чыноўнічага, то гаворка ідзе аб тым, каб забраць некаторыя задачы ў друкаванай прэсы і перадаць у нейкія аб’яднаныя цэнтры, якія будуць займацца афармленнем і дыстрыбуцыяй кантэнту. Танальнасць паведамлення нездарма выглядае як апраўданне непапулярнага рашэння. Фактычна рэдакцыі пазбаўляюцца часткі штату (супрацоўнікаў вёрсткі, SMM-шчыкаў і г.д.). А дзяржава зможа сэканоміць сродкі.

    Такія ж працэсы ў сістэме дзяржпрэсы, што назіраліся раней, прывялі у выніку да страты суб’ектнасці раней буйных выданняў і залежнасці ад былых канкурэнтаў, якія атрымалі доступ да дадатковых рэсурсаў.

    Цяпер жа ідэя холдынгаў спусцілася на ўзровень ніжэй — ад рэспубліканскай да рэгіянальнай прэсы.

    На карысць гэтага меркавання сведчаць фінансавыя планы: сёлета на дзяржаўныя СМІ з рэспубліканскага бюджэту плануецца выдаткаваць 162,4 млн рублёў.

    Але ж толькі 9,1 млн рублёў — на друкаваныя СМІ. Вялічэзны кавалак каравая пойдзе на тэлебачанне і радыё — 133,6 млн. Астатняе — на “іншыя” сродкі масавай інфармацыі (праўладныя Telegram—каналы і ангажаваныя YouTube-блогеры).

    Аб чым гэта сведчыць? У вачах улады друкаваныя дзяржаўныя медыя страчваюць уплыў, а стаўка робіцца на ўласны тэлепрадукт, у якім дамінуюць прапагандысцкія шоў.

    Так, Белтэлерадыёкампаніі плануецца вылучыць 120,5 млн рублёў, тэлерадыёкампаніі “Мір” — 9,61 млн, Другому нацыянальнаму тэлеканалу — 4,66 млн.

    Цікава, што тэлеканал СТБ атрымае амаль у пяць разоў больш, чым у 2022‑м (3,84 млн). Гэта лепшае сведчанне таго, як ацэньваецца “натхненне” Рыгора Азаронка, Яўгена Пуставога і Аляксея Дзерманта.

    Варта таксама адзначыць, што “аптымізацыя” закранула не толькі дзяржаўную друкаваную прэсу. Калі ў канцы мінулага года колькасць друкаваных выданняў, зарэгістраваных Мінінфармам, вагалася блізу 1200 найменняў газет, часопісаў, альманахаў, то цяпер засталося толькі 963 друкаваныя СМІ, з іх 403 дзяржаўныя і 560 — ад прыватных выдаўцоў.

    Можна ўзгадаць, што за апошнія гады ахвярамі палітычнай цэнзуры сталі газеты “Народная воля”, “Свободные новости Плюс”, “Новы Час”, “БелГазета”, “Комсомольская правда” в Беларуси”, “Белорусы и рынок”, а таксама шэраг рэгіянальных выданняў.

    Каму варта скардзіцца на “песымізацыю”?

    Аднак дэградацыя сістэмы як дзяржаўнага, так і недзяржаўнага друку не бянтэжыць кіраўніка Мінінфарма Уладзіміра Пярцова, які нядаўна паскардзіўся на “песымізацыю інфармацыі ў інтэрнэце з боку амерыканскіх спецслужбаў”.

    — У 2020 годзе “праўдзівыя” (Telegram-канал Мінінфарма наўмысна ўзяў слова ў двукоссі — Аўт.) крыніцы інфармацыі выкарыстоўвалі лічбавыя платформы для таго, каб выклікаць у людзей пэўныя эмоцыі, — заявіў чыноўнік. — Але гэтыя сінтэтычныя эмоцыі хутка ўзнікаюць і хутка згасаюць, у гэтым уся спецыфіка. Той узровень супрацьстаяння, гібрыдных інфармацыйных уздзеянняў, і ў цэлым нарастання ваеннай пагрозы вакол нашай краіны па перыметры — прадказвае нам, што наступная бітва будзе ўжо далёка не як у 2020 годзе.

    Мары кантралюючых органаў узяць пад кантроль інфармацыйную прастору даўно распаўсюджваюцца на сацсеткі і месенджары.

    Мінулай восенню ў Гродне на так званым “Форуме маладых журналістаў” той жа Пярцоў заклікаў сацыяльныя сеткі і месенджары “на законных падставах” атрымліваць юрыдычны статус у краіне сваёй дзейнасці.

    — Для пачатку іх трэба “прызямліць” у нашай краіне: каб быў офіс, юрыдычны адрас, фізічна прысутнічалі людзі, якія вядуць гаспадарчую дзейнасць і з якімі можна ўступаць у перамовы. Пакуль у нас няма ніводнай такой сацыяльнай сеткі. Хаця перамовы — адкрытыя і закрытыя — з многімі гульцамі рынку вядуцца, — казаў ён.

    Напэўна ўлада добра разумее, што блакіроўка экстрэмісцкіх рэсурсаў — паўмера, якую пры жаданні карыстальніку лёгка абыйсці, не пакінуўшы асаблівых лічбавых слядоў. Калі ж магчыма было б наўпрост уплываць на адміністрацыю сацсетак і месенджараў, а таксама выдаляць нязручны кантэнт, абыходзячы мясцовых прадстаўнікоў, гэта задавольніла б дзяржаву нашмат больш.

    Насамрэч каму трэба па-сапраўднаму скардзіцца на “песымізацыю”, дык гэта незалежным медыя. Амаль усе яны былі прызнаныя экстрымісцкімі, рэдакцыі вымушаны былі рэлакалізавацца ў іншыя краіны, зараз за мяжой знаходзяцца больш за 400 журналістаў.

    А з‑за блакавання сайтаў незалежных СМІ ў Беларусі пошукавая сістэма Google прыніжае іх у выдачы, а прапагандысцкія публікацыі аказваюцца нашмат вышэй. Гэта праблема неаднаразова ўздымалася ў перапісцы з прадстаўнікамі амерыканскай кампаніі, аднак дагэтуль не вырашана.

    Чытайце яшчэ:

    На 2023 год дзяржаўная прапаганда атрымае істотную надбаўку

    Як выпісацца з кватэры, калі не можаш прыехаць у краіну, і ці трэба для гэтага перадаваць пашпарт?

    «Людзі выходзілі да нас з разбураных дамоў». Беларусы расказалі, як ездзілі ў «калядны тур» па вызваленых украінскіх тэрыторыях

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці