• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    За апошні месяц мінулага года Мінінфарм “адмінусаваў” 200 недзяржаўных выданняў

    Статыстыка медыйнай галіны штомесяц абнаўляецца на сайце Міністэрства інфармацыі. З апошняга апгрэйду вынікае, што 2022 год для беларускай незалежнай прэсы завершыўся сімвалічным адсылам да лёсу так званых “двухсотых” падчас вайны. У дадзеным выпадку інфармацыйнай. 

    Цягам усяго мінулага года колькасць друкаваных выданняў, зарэгістраваных ведамствам, вагалася неістотна — блізу 1200 найменняў газет, часопісаў, альманахаў. У прыватнасці, згодна з падлікам на 1 снежня 2022-га ў аб’яднаным рэестры кантрольнага ведамства іх значылася 1178.

    Пры гэтым чыноўнікі намагаліся асабліва падкрэсліць, што закіды апанентаў пра “ціск на свабоду слова” у Беларусі не маюць ніякіх падстаў: маўляў, ад гэтай лічбы толькі 414 выданняў з дзяржаўнай доляй уласнасці, тады як 764 – “незалежныя”.

    Аднак апошняе абнаўленьне на сайце Мінінфарма ад 31 снежня ўжо прымушае засумнявацца ў “дыскрымінацыі” прапаганды. Прынамсі цяпер лічбы больш сціплыя: агулам засталіся 963 друкаваныя СМІ, з іх 403 дзяржаўныя і 560 — ад прыватных выдаўцоў.

    У выніку простых арыфметычных дзеянняў маем красамоўную карціну палітыкі “роўных магчымасцяў”. Не тое што за год, а цягам месяца колькасць недзяржаўных выданняў скарацілася адразу на 200 з лішкам, тады як страты на афіцыйным фронце крыху выпаўзлі за дзясятак. 

    Наступ на “нелаяльныя” медыя беларускі рэжым пачаў ад моманта свайго ўсталявання ў сярэдзіне 1990‑х, далей прэсінг толькі нарастаў. У выніку паслядоўных эканамічных і палітычных санкцый інфармацыйную прастору цалкам зачысцілі ад іншадумства.

    Найбольш балючай аказалася атака на незалежныя СМІ пасля жнівеньскіх падзей 2020 года, калі ўлады пачалі мэтанакіравана знішчаць выданні, якія у рознай ступені ангажаванасці асвятлялі сілавое задушэнне масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

    Спачатку друкарні адмаўляліся браць у працу “крамольныя” СМІ, а “Белпошта” аўтаматычна выкрэслівала іх са свайго спісу. Ахвярамі палітычнай цэнзуры сталі газеты “Народная воля”, “Свободные новости Плюс”, “Новы Час”, “БелГазета”, “Комсомольская правда” в Беларуси”, крайнім у пераліку фігуруе адзін са старэйшых тыднёвікаў “Белорусы и рынок”, гісторыя якога вымушана спынілася на 33‑м годзе існавання.

    Таксама пад “каток” расправы патрапілі многія рэгіянальныя выданні, што ўзніклі па ўсёй краіне на пачатку незалежнасці: “Бобруйский курьер”, «Борисовские новости», “Брестская газета”, “Витебский курьер”, “Вольнае Глыбокае”, «Газета Слонімская», “Гомельская думка”, “Информ-прогулка” (Лунінец), Intex-press (Баранавічы), “Ляхавіцкі час”, “Мозырская неделя”, “Мясцовы час” (Пінск), “Новая газета Смаргоні”, “Нясвіжскі час”, “Рэгіянальная газета”, (Маладзечна), “Пагоня” (Гродна), “Химик” (Наваполацк) ды дзясяткі іншых рэдакцый.

    Ад колішняга буму незалежнай рэгіянальнай прэсы не засталося амаль нічога.

    Акрамя таго, не вытрымалі эканамічных умоваў гаспадарання ды падатковага ярма выдаўцы, якія старанна абыходзілі грамадска-палітычную тэматыку. Шматлікія часопісы з забаўляльным кантэнтам, газеты для дачнікаў і пенсіянераў, сезонныя парады вымушаны згарнуць дзейнасць праз нерэнтабельнасць укладзеных сродкаў.

    Пры гэтым аналітыкі медыйнага рынка прагназуюць непазбежнае скарачэнне колькасці дзяржаўных СМІ, прычым, у агляднай будучыні. Механізм паглынання слабейшага моцным ужо адпрацаваны на цэнтральнай прапагандысцкай прэсе, дзе ў выніку “аптымізацыі” рэдакцыі некалі папулярных газет і часопісаў сканалі ў нетрах той жа “Советской Белоруссии” (абноўлены варыянт “СБ. Беларусь сегодня”).

    Акурат на 2023 год запланавана стварэнне медыйных холдынгаў, падкантрольных ідэалагічнай вертыкалі, ахвярамі якой рызыкуюць стаць дзясяткі раённых газет. У лепшым выпадку застанецца задаволіцца “тэматычнымі спецвыпускамі” у абласной газеце, а ў горшым – заявіць пра спыненне шматгадовай лакальнай місіі. Так што Міністэрству інфармацыі нічога не застанецца, як замінусаваць новыя страты ад чарговых “смелых эксперыментаў”.     

    Чытайце яшчэ:

    Ізноў “аптымізацыя”: гэтым разам для дзяржаўных раённых газет Віцебшчыны

    Суд ліквідаваў тэлекампанію ў Драгічыне, якая існавала больш за 25 гадоў 

    Тры дзяржаўныя “раёнкі” Брэсцкай вобласці з наступнага года губляюць самастойнасць

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці