• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ізноў “аптымізацыя”: гэтым разам для дзяржаўных раённых газет Віцебшчыны

    Рэдакцыі шэрагу дзяржаўных раённых газет Віцебскай вобласці сёлета павінны ўвайсці ў агульны холдынг. Пра гэта паведамілі ў тым ліку некалькі тэлеграм-каналаў, але пасля праўладныя каналы выдалілі гэтую інфармацыю.

    У той час, як улады Беларусі сёлета абяцалі большую фінансавую падтрымку дзяржаўным друкаваным СМІ, невялікія раённыя выданні чакаюць зменаў не ў лепшы бок. Так, да прыкладу, раённыя газеты “Кліч Радзімы”, “Дняпроўская праўда”, “Голас Расоншчыны” ўвойдуць у так званы холдынг.

    Гэта раённыя газеты невялікага горада Дуброўна і гарадскіх пасёлкаў Шаркоўшчына і Расоны ў Віцебскай вобласці. Паводле дадзеных Белстата за 2022 год, у Дуброўне жыве 6857 чалавек, у раёне – 13730. У Расонах насельніцтва  складае 4670 чалавек і  8 730 у раёне. Жыхароў Шаркоўшчыны налічваецца  6245 чалавек, у раёне жыве 13847.

    Сярод жыхароў гэтых раёнаў няма той колькасці жадаючых купляць дзяржаўныя газеты, каб яны маглі акупляцца. Каб павялічыць падпіску, у ход ідуць “добраахвотна-прымусовыя” метады, падпіска прадпрыемстваў і бібліятэк. Хоць гэта звычайная практыка ўжо ў Беларусі, але ж і такія метады не дапамагаюць.

    Тым больш для сучаснікаў наўрад ці будзе вельмі цікавым змест такіх газет, бо яны ў асноўным выконваюць дзяржаўную замову: надаюць увагу ідэалагічна-прапагандысцкай тэматыцы ці па традыцыі шмат пішуць пра суботнікі і сялян – герояў пасяўных. А грамадска актуальныя, дыскусійныя і спрэчныя матэрыялы ім публікаваць, вядома, не дазваляюць. Але трэба адзначыць, што сайт шаркоўшчынскай раённай газеты “Кліч Радзімы” ў лідарах па праглядах і колькасці наведнікаў сярод раённых СМІ.

    У выніку на вышэйшым узроўні было вырашана гэтыя газеты аб’яднаць — бо закрыць цалкам нельга. Так, напрыклад, віцебская райвыканкамаўская «Жыццё Прыдзвіння» будзе аб’яднаная з газетай «Віцьба», якая пакуль яшчэ трымаецца. А дубровенская газета “Дняпроўская праўда” разам з расонскай “Голас Расоншчыны” і шаркоўшчынскай “Кліч Радзімы” ўвойдуць у холдынг «Віцебскія весці».

    Сутнасць аб’яднання ў холдынгі ў Беларусі заключаецца не ў прынцыповых рэформах, а ў тым, што стратныя прадпрыемствы далучаюць да прыбытковых. Найбольш такія аб’яднанні закранулі прамысловыя прадпрыемствы. Пасля аб’яднання сродкі на ўтрыманне стратных прадпрыемстваў нясе ўжо не дзяржава, а тое прадпрыемства, вакол якога ствараецца холдынг. У прамысловасці такія аб’яднанні рэдка прыносілі рэальны станоўчы вынік.

    З газетамі, напэўна, будзе нешта падобнае, бо далучэнне іх да холдынгу не павялічыць колькасць патэнцыйных падпісчыкаў. Ды і саміх працаўнікоў раёнак, паводле іх слоў, чакаюць не лепшыя часы.

    У сярэднім працоўныя калектывы гэтых раённых газет налічваюць каля дзесяці чалавек. Самі працаўнікі выданняў нават яшчэ не ведаюць, ці застануцца яны паўнавартаснымі выданнямі альбо будуць толькі невялікімі ўкладышамі да абласнога выдання. Але ведаюць адно, што ў працоўных калектывах будуць скарачэнні.

    Не так даўно ў рэдакцыі прыязджалі чыноўнікі з Міністэрства інфармацыі і размаўлялі з супрацоўнікамі. Нават цікавіліся асабістым жыццём людзей: кім працуюць іх суджэнцы і колькі зарабляюць. Работнікі раёнак асцерагаюцца, што такім чынам будуць прымацца рашэнні, каго пакінуць на працы. Асабліва не пазайздросціш тым, хто нейкім чынам зараз адзінокі. Пенсіянеры асабліва не баяцца скарачэнняў, бо для іх ёсць выйсце – нарэшце пайсці на заслужаны адпачынак.

    Канчатковая рэарганізацыя дзяржаўных рэгіянальных выданняў і так званая аптымізацыя адбудзенна, меркавана, да канца гэтага года.

    Даведка:

    Па стане на верасень 2021 года ў Беларусі зарэгістравана 136 дзяржаўных рэгіянальных друкаваных СМІ, заснавальнікамі якіх выступаюць абласныя, гарадскія і раённыя выканаўчыя камітэты: 118 раённых (з іх 22 у Віцебскай вобласці, па дадзеных Віцебскага аблвыканкама), 9 абласных і 9 гарадскіх. Усяго ў рэгіянальных дзяржСМІ працуюць 2164 чалавекі, з іх 1169 — творчых. Кожная газета мае свой сайт, а таксама акаўнты ў некалькіх сацыяльных сетках і месенджарах.

    Установа «Рэдакцыя раённай газеты «Кліч Радзімы» як сродак масавай інфармацыі зарэгістравана Дзяржкамітэтам па друку 30.07.1996 года. Графік выхаду газеты: серада і субота. Палоснасць: серада — 4‑х палосная, субота — 8‑мі палосная. Наклад каля 2 400 экзэмпляраў.

    Газета «Дняпроўская праўда» выходзіць у друк з 5 сакавіка 1931 года. У той час яна называлася «За сацыялістычнае будаўніцтва». Пад назвай «Дняпроўская праўда» газета выходзіць з 1965 года. Заснавальнікамі газеты з’яўляюцца Дубровенскі раённы выканаўчы камітэт і Дубровенскі раённы Савет дэпутатаў. Газета друкуецца 2 разы на тыдзень: серада — субота 8 палос фармату А3. Газета выходзіць на беларускай і рускай мовах. Агульны разавы наклад складае 2 100 экзэмпляраў.

    Газета “Голас Расоншчыны” выдаецца з чэрвеня 1932 года. Выходзіць па суботах.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці