Суд ліквідаваў тэлекампанію ў Драгічыне, якая існавала больш за 25 гадоў
Эканамічны суд Брэсцкай вобласці на пачатку 2022 года пачаў справу аб банкруцтве камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “Тэлекампанія “Грамадскае Драгічынскае Тэлебачанне”, а мінулай восенню скончыў працэдуру ліквідацыі гэтай установы. Заснавальнікам тэлекампаніі з’яўляўся Драгічынскі райвыканкам, а маёмасць прадпрыемства належала на праве ўласнасці мясцоваму раённаму Савету дэпутатаў.
Тэлебачанне ў Драгічыне выходзіла ў эфір па буднях на працягу шасці гадзін (з 18.00 да 24.00) і выкарыстоўвала перадатчык “Белтэлекама”. У прыватнасці, двойчы на тыдзень рыхтавалася праграма “Панарама”, дзе існавалі рубрыкамі “Весткі з палёў”, “Актуальнае інтэрв’ю”, “Навіны аховы здароўя”, “Служба МНС папярэджвае” ды іншыя. Таксама было вяшчанне і ў выходныя дні.
Як распавялі службе маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў жыхары Драгічына, хоць у эфір часцей траплялі выказванні мясцовых чыноўнікаў і шмат было навін пра нарады ў райвыканкаме, але людзі вельмі ганарыліся, што ў невялічкім горадзе Брэсцкай вобласці ёсць уласнае тэлебачанне.
“Усё ж там былі навіны з нашых, драгічынскіх, палёў, асвятляліся раённыя мерапрыемствы, можна было падаць абвестку і замовіць віншаванні, — кажа мужчына з Драгічына. — Мясцовыя навіны былі ў раёне больш папулярныя, чым НТВ, бо можна было ўбачыць знаёмых па тэлевізары, а для правінцыі гэта многага варта”.
У 2021 годзе драгічынскае тэлебачанне адзначыла 25 гадоў, але менавіта да гэтай юбілейнай даты ў прадпрыемства назапасіліся фінансавыя праблемы, дапамагаць вырашаць якія мясцовыя ўлады — заснавальнікі тэлекампаніі — адмовіліся.
Летась у снежні Драгічынскі райвыканкам прыняў рашэнне аб немэтазгоднасці правядзення дасудовага аздараўлення прадпрыемства і падаў заяву ў Эканамічны суд аб прызнанні КУП “Тэлекампанія “Грамадскае Драгічынскае Тэлебачанне” банкрутам.
Пасля гэтага рашэння дзейнасць прдпрыемства была спыненая, а ўсе работнікі звольненыя. Падчас разгляду справы ў судзе паведамлялася, што запазычанасць тэлекампаніі перад бюджэтам складала амаль 9,7 тысячы рублёў, а маёмасць арганізацыі была ацэненая толькі ў 4,6 тысячы рублёў.
Чытайце яшчэ:
«Падпарадкавацца гэтаму страху — значыць, прайграць». Апошняе інтэрв’ю Аляксея Стрэльнікава
Ігар Казмерчак: «Не ведаю, чым я так мог абразіць самага няшчаснага чалавека ў Беларусі»
Чиновники не хотят понимать, что сейчас не совок». Бюджетники рассказали о поборах за подписку на государственные газеты