На 2023 год дзяржаўная прапаганда атрымае істотную надбаўку
Закон “Аб рэспубліканскім бюджэце на 2023 год” прадугледжвае істотныя ўліванні ў дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі. Самы ласы фінансавы кавалак дастанецца Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі.
З афіцыйнага дакумента, апублікаванага на сайце Нацыянальнага прававога партала, можна скласці карціну памеру сёлетніх адлічэнняў з рэспубліканскай казны на буйныя дзяржаўныя масмедыя. У параўнанні з папярэднім годам лічбы падраслі практычна ва ўсіх адрасных выпадках.
Агулам гаворка пра 162 млн рублёў, ільвіная доля гэтых грошай прызначаецца дзяржаўным тэлеканалам, якія і фармуюць грамадскую думку.
Бясспрэчным чэмпіёнам па “інвестыцыях” стала Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія, на ўтрыманне якой падаткаплацельцы “скінуліся” ў суме 120 млн рублёў. Прырост у параўнанні з мінулым годам — больш за 5 млн.
Адчувальны беларускі ўнёсак у праект міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мір», якая вяшчае ў некаторых частках постсавецкай тэрыторыі. Мінская рэдакцыя атрымае 10 млн рублёў, ёй прыплюсавалі прыкладна 1 млн.
Для тэлеканала АНТ (ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал») у бюджэце заклалі каля 4,5 млн рублёў — ужо някепска, бо годам раней было ўсяго 3,29 млн.
Самы сур’ёзны “прыход” прадугледжаны на ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне», не столькі ў лічбах, колькі ў прапорцыі. Калі ў 2022 годзе адлічэнні не дацягвалі і да аднаго мільёна, то цяпер лічба падскочыла адразу да 3,8 млн. Выглядае, зусім нездарма рваў шаблоны “фронтмэн” тэлеканала Рыгор Азаронак — павелічэнне фінансавання больш чым у 3,5 разы.
Замыкае спіс медыйных фаварытаў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА). На яго дзейнасць з бюджэту выдаткоўваецца 1,8 млн рублёў. Надбаўка сімвалічная, летась было крыху больш за 1,5 млн.
Такім чынам, згаданая пяцёрка з’ядае практычна ўсе бюджэтныя рэсурсы на дзяржаўную медыясферу — блізу 140 млн рублёў.
А яшчэ 20 млн, якія засталіся ў сухім астатку, трэба “па-чэснаму” падзяліць паміж шматлікімі рэдакцыямі газет, часопісаў, бюлетэняў ды, як удакладняецца ў законе, на “іншыя пытанні ў галіне сродкаў масавай інфармацыі”.
Сёлетнія выдаткі на дзяржаўныя СМІ адны з самых значных – прыблізна 60 млн еўра ў эквіваленце. І гэта не здзіўляе, асабліва з улікам ролі прапагандыстаў ва ўмовах міжнароднай ізаляцыі і ўсё большай палітычнай і эканамічнай залежнасці ад Расіі.
Пасля перадапошніх прэзідэнцкіх выбараў-2015, калі грамадства практычна ніяк не адрэагавала на фальсіфікацыі з падлікам галасоў, а Лукашэнка нібыта ўзяў курс на збліжэнне з Захадам, роля медыйнай “абслугі” дэвальвавалася – цягам 2016–2019 гадоў сума выдаткаў круцілася вакол лічбы 45 млн еўра. Аднак пасля драматычных падзей 2020-га ўладам ужо спатрэбілася апраўдвацца за гвалт і рэпрэсіі, для чаго трэба было матэрыяльна заахвочваць у тым ліку чацвёртую/(прыдворную) уладу.
Дзеля справядлівасці, сумы на “стымуляванне” дзяржСМІ, закладзеныя законам аб бюджэце, не канчатковыя. Паралельна ўлады шукаюць крыніцы альтэрнатыўнага папаўнення прапагандысцкіх рахункаў. Напрыклад, на рынку рэкламы.
Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ “Аб развіцці сродкаў масавай інфармацыі”, згодна з якім уводзіцца абавязковы збор з рэкламадаўцаў “на падтрымку нацыянальных медыя”: 10% — за размяшчэнне вонкавай рэкламы і рэкламы ў транспарце; 20% — у “іншых выпадках” (што можна трактаваць, як любыя зручныя спосабы “экспрапрыяцыі”).
Акрамя таго, стаўка падатку на даданую вартасць (ПДВ) за паслугі перадачы дадзеных павялічылася з 25% да 26%. Атрыманыя грошы пераадрасуюцца на ўзмацненне “інфармацыйнага складніка”, што і вынікае з “Мераў па рэалізацыі ўказа ад 31 сакавіка 2022 года №131”.
Мала за тое, гатовы напампоўваць вешчуноў нават ва ўрон іншым сферам. Як паказвае практыка, пад канец года ў бюджэце “завісаюць” невыкарыстаныя сумы. Так, летась свабоднымі засталіся сродкі, якія планавалася накіраваць на абслугоўванне знешняга дзяржаўнага доўгу — з прычыны заходніх санкцый Беларусь перастала плаціць па вонкавых пазыках у замежнай валюце, а “ўнікальную прапанову” рабіць гэта ў рублях крэдыторы не ацанілі.
У выніку ўрад знайшоў “годнае” прымяненне лішнім грошам, аформіўшы тое адмысловай пастановай №751: пераразмеркаваць у якасці субсідый на падтрымку ЗАТ “Другі нацыянальны тэлеканал” і тэлеканал “Сталічнае тэлебачанне”. Гаворка пра паўмільёна долараў у эквіваленце (1 мільён 112 тысяч рублёў). Сыходзячы з логікі Савета міністраў, сёння, мабыць, менавіта прапагандысты адчуваюць “асаблівае запатрабаванне” ў пазапланавых уліваннях.
Чытайце яшчэ:
«Дарагая дзяржаўная прапаганда». Адзін дзень вяшчання БТРК абыходзіцца ў 330 тысяч рублёў!
Выдаткі з дзяржаўнага бюджэту на падтрымку СМІ (2009–2018 г.г.)
Як невыплачаныя сродкі па знешнім дзярждоўгу перанакіроўваюцца на пазапланавыя “субсідыі” прапагандыстам