Як Reform.news змагаўся з міграцыйным крізісам і фэйкамі. Вопыт рэдакцыі
Галоўны рэдактар Reform.news Фёдар Паўлючэнка правёў вэбінар «Як выкрываць прапагандысцкія фэйкі па адкрытых крыніцах — практыка рэдакцыі».Гэта ўжо другая імпрэза з чатырох, які арганізаваў Фонд Фрыдрыха Эберта. БАЖ пабываў на анлайн-сустрэчы і склаў інструкцыю, як змагацца з фэйкамі.
Як і чаму ўзнікаюць фэйкі
Існуюць цэлыя фабрыкі троляў у Расіі, у Кітаі, якія вырабляюць мора фэйкаў на прафесійнай аснове.
Фэйк (англ. fake — падробка) — нешта хлуслівае, несапраўднае, сфальсіфікаванае, што выдаецца за сапраўднае, рэальнае з мэтай увесці ў зман.
Што можна проціпаставіць арганізаванаму патоку хлусні? Як сцвярджае Фёдар Паўлючэнка, сам прынцып распаўсюджвання фэйкаў сканструяваны на віруснай аснове, таму змагацца з імі вельмі цяжка. Усе тэхналогіі, на якіх будуюцца навіновыя агрэгатары і сацсеткі, толькі ўзмацняюць вірусны эфект. Адпаведна, фэйк цягам лічаных хвілін можа заваяваць стотысячную, мільённую аўдыторыю ў тым жа TikTok, таму ягонае развенчванне губляе ўсялякі сэнс.
Бо нават самае якаснае разаблачэнне можа застацца незаўважаным. Бывае, рэдакцыя па няведанні ці незнарок апублікуе непраўдзівую навіну, яна разлятаецца — а абвяржэнне ўжо проста ніхто не чытае.
Як узнікаюць фэйкі? Ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі і мінімальных рэсурсаў, што характэрна асабліва для беларускіх выданняў, жаданне любым коштам прыцягнуць увагу аўдыторыі таксама прыводзіць да з’яўлення велізарнай колькасці недакладнасцяў.
Фёдар Паўлючэнка нагадвае, што фэйкі спараджаюць і самыя банальныя памылкі — чалавечы фактар ніхто не адмяняў.
— Так, адзін з супрацоўнікаў Reform.news рабіў рэрайт пра планы Расіі перагледзець марскія межы ў Балтыйскім моры, але, перакладаючы тэкст з польскага выдання праз гугл-транслэйт, парадзіў «астравы на Вісле», якія хоча захапіць Расія, — прыводзіць прыклад выступоўца.
Зусім нядаўна ў авіякатастрофе загінуў прэзідэнт Ірана Раісі. У першыя гадзіны сусветныя інфармацыйныя агенцтвы распаўсюджвалі шмат супярэчлівай інфармацыі: разбіты верталёт то знайшлі, то не знайшлі, прэзідэнт Ірана то жывы, то мёртвы. Простая праверка стужкі навінаў паказала, што неправераны артыкул ўжо знік. Жаданне першым паведаміць сенсацыю прыводзіць да распаўсюджання фэйкаў нават паважанымі медыя. Але замест атрымання жаданага трафіку можна сесці ў лужыну.
Чым небяспечная дэзінфармацыя і як яе распазнаць у прапагандзе? Лайфхакі ад эксперта
Спадар Паўлючэнка рэкамендуе спраўджваць любую інфармацыю па першакрыніцы: у яго рэдакцыі заўсёды шукаюць прэс-рэліз, афіцыйнае паведамленне, апублікаваны юрыдычны дакумент. Гэта дазваляе пазбегнуць многіх праблемаў.
Без інсайдаў і без Робін Гудаў
Новым трэндам можна лічыць з’яўленне сатырычных навінаў. Айчынны тэлеграм-канал «Советская Белоруссия» генерыраваў велізарную колькасць гумарыстычных фальсіфікацый, якія затым разыходзіліся вельмі шырока. А затым украінскім медыя ці ўкраінскія палітыкі на поўным сур’ёзе цытавалі гэтыя выдуманыя словы чыноўнікаў.
Тэлеграм-каналы ўвогуле часта выказваюць свае меркаванні, выдаючы іх за інсайды. Гэтая індустрыя з’явілася зусім нядаўна. Многія журналісты на поўным сур’ёзе ўспрымаюць такія «накіды», робяць сур’ёзныя высновы, у той час як гэта трэба ўспрымаць як персанальнае меркаванне.
У Фёдара Паўлючэнкі існуе правіла: любая навіна, любое паведамленне, якое выклікае «ваў-эфект», на 99% азначае хлусню, і азначае, што часта нам альбо не дагаворваюць, альбо некарэктна падаюць інфармацыю, спрабуючы маніпуляваць чытачом.
Інфармацыя, якую журналісты часта выдаюць за інсайды, у беларускіх рэаліях нясе двайную небяспеку. Бо лукашэнкаўская сістэма ў прынцыпе не выпускае інсайдаў.
— Выключэннем можна лічыць некалькі дзён жніўня 2020 года, калі некаторыя чыноўнікі дапускалі, што ўлада можа змяніцца; за апошнія 30 год гэтая сістэма не нараджала Робін Гудаў, яна заўсёды дэманстравала жаданне маніпуляваць грамадскай думкай альбо расправіцца са сваім канкурэнтам рукамі прэсы. Варта звяртаць увагу на гэты ўнутраны зуд: як толькі з’явіцца «ваў-пачуццё», біце сябе па руках і цвяроза спрабуйце разабрацца, што вам спрабуюць уцюхаць, — раскрывае сваю мэтодыку эксперт.
Эксперт падзяліўся сумным досведам, як патрапіў у непрыемную сітуацыю яшчэ да анэксіі Крыма. Тады расійскія СМІ яшчэ стараліся трымаць пэўную планку, і да іх паведамленняў ставіліся па прынцыпу «дыму без агню не бывае».
Пасля пачатку падзеяў у Крыме, расійскія СМІ ўключылі рэжым ваеннай цэнзуры і ваеннай прапаганды. Тады «РИА Новости» і ТАСС, як дубінай па галаве, сталі біць чытача высмактанымі з пальца сюжэтамі: то ўкраінскія вайскоўцы некага забілі, то з’явіліся нейкія нацысты і забілі прарасійскіх актывістаў.
Фёдар Паўлючэнка пракалоўся на першым выпадку і паверыў «РИА Новости»: інфармацыю апублікавалі на «Хартыі», але затым, канешне, мусілі яе выдаліць і прасіць у чытача прабачання.
— А пасля 2014 года расійскія медыя і не спынілся ў сваёй прапагандзе: цяпер да любой інфармацыі з расійскіх крыніцаў трэба падыходзіць з трайной праверкай, — падсумоўвае эксперт.
Як распазнаць фэйк?
Памятаеце, не так даўно ФСБ Расіі гучна справаздачыўся пра забойства беларуса, які нібыта ацеў нешта ўзарваць у Карэліі?
Першае, што павінна была насцярожыць, — пастановачны ролік аўтарства ФСБ, каб паказаць свой поспех. Той, хто здымаў відэа, ведае, як правільна настроіць святло, як зрабіць, каб не трэслася камера. Мастацкі стыль здымкаў адразу мусіў выклікаць насцярожанасць у аб’ектыўнага гледача.
— Вельмі добра ў гэтай сітуацыі спрацавалі беларускія журналісты: вельмі хутка распавялі гісторыю беларуса, хто ён і як аказаўся ў Карэліі, — падкрэслівае спадар Паўлючэнка. — У такіх выпадках маўчаць нельга, медыя мусяць адпрацаваць інфармацыйную нагоду. Таму варта шукаць інфармацыйныя нестыкоўкі, здабываць новую інфармацыю пра чалавека (падзею) — тады і чалавеку будзе прасцей абараняць свае правы.
Складана абвяргаць дэзінфармацыю не таму, што цяжка яе дэканструіраваць, а таму, што вельмі цяжка выйсці на такую ж аўдыторыю, якая прачытала выкрыццё ці прагледзела. Але ёсць добры спосаб перабіваць хлусню — ствараць такі прадукт у адказ, які будзе атакаваць стваральнікаў фэйкаў.
У прыклад эксперт прыводзіць сюжэт магілёўскага тэледачанне пра затрыманне мясцовага актывіста Паўла Чуркіна.
— Магілёўскае ўпраўленне КДБ пэўны час вяло былога палітвязня, які нібыта звярнуўся ў ГУР Украіны з відэазваротам да ўкраінскіх уладаў, што будзе падрываць цягнікі. КДБ падала гэты выпадак наступным чынам: ГУР Украіны займаецца вярбоўкай беларускіх грамадзян з мэтай падрыўной дзейнасці, а ягоны арышт – доказ варожай дзейнасці Украіны на тэрыторыі Беларусі, — нагадвае спадар Паўлючэнка.
Уся гэтая гісторыя на думку эксперта выглядае пастановачнай: вярбоўка, здымкі затрымання, калі КДБшнікі прыходзяць да экс-палітвязня без бронежылетаў, без зброі, а голымі кулакамі збіваюць чалавека.
— Дэканструіраваць магілёўскія падзеі можна было б праз выкрыццё матывацыі мясцовага КДБ і прапагандыстаў. Сайт Reform.news патлумачыў матывацыю як Магілёўскага КДБ, так і магілёўскай прапагандысткі — яны хацелі быць не горшымі за сталічных калег. Калі раскрываецца матывацыя, то выканаўцы выглядаюць дурнымі ўдвая, а тэкст набывае вірусны характар: людзі расшарваюць такі артыкул і абмяркоўваюць яго ў меру магчымасцяў.
Рэсурсы для расследаванняў і фактчэкінга
Каб спраўдзіць, што за людзі з’яўляюцца на здымках прапагандысцкіх СМІ, мона карыстацца такім інструмент, як пошук па тварах. Андак памятайце, што у Еўропе, як і ў ЗША, вельмі далікатна ставяцца да абароны персанальных звестак, таму Google Images і Yandex Images забаранілі такую пошукавую функцыю. Сам эксперт звяртаецца да англамоўным сайтам пошуку людзей па фота pimeyes.com.
Менавіта з яго дапамогай эксперт высветліў, што на адным з здымкаў усе людзі, якія слухалі Лукашэнку падчас яго чарговага прыезду ў райцэнтр, аказаліся спрэс мясцовымі чыноўнікамі.
Дзе яшчэ можна шукаць інфармацыю?
- Пошук юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў ў базе дадзеных ЕГР: https://egr.gov.by/egrmobile/providing-information/find
- Адзіны партал фінансавага рынка: https://epfr.gov.by/reporting
- Адзіны рэестр ліцэнзій: https://license.gov.by/
- Эталон-анлайн: https://etalonline.by/
- Звесткі з Дзяржаўнага рэестра плацельшчыкаў: http://www.portal.nalog.gov.by/grp/
- Падборка сэрвісаў ад міністэрства падаткаў і збораў – інфармацыя пра бізнэс-партнёраў: http://www.nalog.gov.by/ru/Information_about_the_business_partner/
Эксперт рэкамендуе сэрвісы тыпу legat.by ці kartoteka.by, bizinspect.by: паказвае ў бясплатным рэжыме трохі больш, чым астатнія платныя сэрвісы праверкі.
Таксама можаце зазірнуць, на такія сэрвісы, як:
- Тэндэры і дзяржзакупкі: goszakupki.by, icetrade.by
- 115.bel
- Сэрвіс пра стратныя прадпрыемствы: stranoved.opendata.by
- Белстат — belstat.gov.by
- Камітэт дзяржкантролю (планы праверак): kgk.gov.by/ru/pvproverok-ru
- Адзіны рэестр маёмасці: https://eri2.nca.by/ зямельнага кадастра: http://vl.nca.by/
- Публічная кадастравая карта: http://map.nca.by/map.html
- Звесткі пра дыстанцыйнае зандзіраванне Зямлі на РБ (дэталізаваная карта): https://www.dzz.by/izuchdzz/
- Рэгістр нерухомасці: http://gzk.nca.by/
- Белюрзабеспячэнне: https://e‑auction.by/
- Банк судовых рашэнняў: https://pravo.by/pravovaya-informatsiya/bank-sudebnykh-resheniy/o‑banke-dannykh/
- Падатковая (кошты на цыгарэты): https://nalog.gov.by/actual/cigarettes/
- Актуальнае ад міністэрства па падаьках і зборах: https://nalog.gov.by/actual/
- Расклад паседжанняў судоў: https://court.gov.by/
«Расследаванне вялося агулам тры-чатыры месяцы»
На завяршэнне вебінара Фёдар Паўлючэнка згадаў уласнае паўнавартаснае расследаванне часоў пачатку міграцыйнага крызіса 2021 года. Ад самага пачатку выказвалася мноства канспіралагічных версіяў: хто стаіць за міграцыйным крызісам, як арганізаваны працэс? Затым да абмеркавання праблемы польскія і літоўскія палітыкі, якім давялося апраўдвацца перад выбаршчыкамі. Па іх версіях, Лукашэнка ледзь не персанальна прывозіў мігрантаў на мяжу і выкідваў іх. Адказам на міграцыйны крызіс сталася ўзмацненне аховы мяжы.
Reform.news заняўся ў сацсетках пошукам турыстычных кампаній, якія рэкламуюць беларускія туры, каб мігранты, найперш з Ірака, маглі трапіць у Літву і Польшчу. У каментарах пад рэкламнымі аб’явамі знайшлося чалавек 20, якія яшчэ не наважыліся ехаць, але зацікавіліся коштамі і маршрутамі.
— Гэтае расследаванне вялося агулам тры-чатыры месяцы. Журналісты Reform.news прайшлі ўвесь шлях з нелегальнымі мігрантамі: ад вёскі ў Іраку да літоўскага лагера. Тыя дзяліліся відэа, як прызджаюць у мінскую гасцініцу «Юбілейную», паказвалі свой нумар, распавядалі садзяцца ў таксі і адпраўляюцца на мяжу, — узгадвае Фёдар Паўлючэнка.
Такім чынам рэпарцёры высветлілі, што на першым этапе міграцыйнага крызіса беларускія спецслужбы нідзе не перасякаліся з мігрантамі. Проста была досыць танная магчымасць даляцець з Ірака да Мінска і адкрытая мяжа на Захад.
— Гэты матэрыял не дужа добра разышоўся ў беларускіх СМІ, але пайшоў на ўра ў літоўскіх і польскіх медыя, — успамінае заснавальнік выдання. — І літаральна праз паўтара-два тыдні польскія і літоўскія палітыкі змянілі рыторыку. Як мы высветлілі, самым слабым звяном аказаўся шлях з Ірака ў Мінск. І тады Еўрасаюз прыгразіў авіякампаніям санкцыямі. Іракскія авіялініі спынілі палёты — першы этап міграцыйнага крызіса заціх.