• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Каць, ну ты ж сама ўсё разумееш». Размова з затрыманай на судзе па справе «Вясны» журналісткай, якой забаранілі ўезд у Беларусь на 10 гадоў

     "Вясна" паразмаўляла з Кацярынай Яньшынай пра затрыманне на судзе, 15 сутак у палітычнай камеры ЦІП на Акрэсціна, дэпартацыю з Беларусі і пра тое, чым адрозніваюцца рэпрэсіі ў Расіі і Беларусі.

    У Мінску 5 студзеня пачалі судзіць палітзняволеных старшыню «Вясны» і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, ягонага намесніка і віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча, каардынатара кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзіміра Лабковіча. У якасці незалежнай назіральніцы на судовае пасяджэнне з Расіі прыляцела Кацярына Яньшына, якая супрацоўнічае з ЦАПЧ «Мемарыял». Нагадаем, у 2022 годзе Алесь Бяляцкі, «Мемарыял» і «Цэнтр грамадзянскіх свабод» зрабіліся лаўрэатамі Нобелеўскай прэміі міру. Аднак пасля суда Кацярыну затрымалі і арыштавалі на 15 сутак за тое, што журналістка нібыта «мацюкалася ў РУУС». Пасля арышту яе дэпартавалі і забаранілі ўезд у Беларусь на 10 гадоў. Цяпер журналістка дома хварэе, верагодна, на COVID-19, якім яна заразілася на Акрэсціна. 

    «Абараняць правы чалавека ў Беларусі — гэта злачынства»

    Кацярына на пачатку гутаркі адзначыла, што, калі б ведала, што яе назіранне за судом над праваабаронцамі «Вясны» скончыцца арыштам, утрыманнем у нечалавечых умовах на Акрэсціна, дэпартацыяй і забаронай уезду ў Беларусь, то ўсё адно прыляцела б у Беларусь і пайшла б на працэс.

    «Хачу адзначыць, што пытанні накшталт «ці разумела ты, куды едзеш?» і «ці чытала ты наогул навіны пра Беларусь перад тым, як прыехаць на такі суд?» я чула ўвесь час: ад міліцыянтаў, ад сукамерніц. Для мяне дзіўна, што не ўсе могуць паверыць, што чалавек, ацаніўшы рызыкі, усё адно можа пайсці на гэтыя рызыкі, калі для цябе важна штосьці зрабіць. Я разумела, што ў мяне могуць быць праблемы нават з нашымі праваахоўнымі органамі, мяне могуць не пусціць на суд, але я не меркавала, што магу сесці на 15 сутак. Але нават каб я ведала, што такое можа адбыцца, я б усё адно прыехала, але апранулася б неяк пазручней. Я не шкадую пра сваё рашэнне, але мне шкада, што я магла пабываць толькі на адным пасяджэнні, таму што мне забаранілі ўезд на дзесяць гадоў.

    Для мяне, безумоўна, было важна прыехаць на гэты суд, убачыць на свае вочы гэты працэс, паспрабаваць максімальна падрабязна распавесці, наколькі непрыкрыта гэта рэпрэсіўны палітычны працэс, і паказаць, што людзей судзяць толькі за тое, што яны абаранялі правы чалавека ў Беларусі.

    Я не перабольшваю, таму што менавіта гэтыя фармулёўкі і гучалі ў абвінавачванні. Я была ўсяго на адным пасяджэнні, але нават гэтага асабіста для мяне хапіла зразумець гэта. У першай частцы абвінавачвання гучала тое, што праваабаронцамі быў здзейснены ўвоз грошай дзеля злачынных мэтаў. Я сядзела і думала, у якіх жа злачынных мэтах яны ўвозілі гэтыя грошы? І тут я чую, што злачынныя мэты — гэта аказанне юрыдычных паслуг, кансультацыі, падтрымка пратэстоўцаў, аплата харчавання ў ізалятарах пасля арыштаў, назіранне за выбарамі. Менавіта гэтыя мэты называюцца злачыннымі. І ніхто гэтага ўжо не хавае і не прыдумляюць, а проста адкрыта кажуць: абараняць правы чалавека ў Беларусі — гэта злачынства, і не смейце гэтым займацца.

    Мне яшчэ, вядома, было важна пабываць на гэтым працэсе, таму што Алесь Бяляцкі, як і «Мемарыял», як і «Цэнтр грамадзянскіх свабод», у 2022 годзе зрабіўся лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру. І вось цяпер Нобелеўскага лаўрэата міру падчас вайны судзяць за тое, што ён абараняў правы людзей. Я б сабе не прабачыла, калі б прапусціла такое, толькі таму што чагосьці спужалася».

    «Алесь Бяляцкі паказаў, што можна выматаць чалавека фізічна і маральна, але не зламаць яго»

    Журналістка не была асабіста знаёмая з Алесем Бяляцкім і іншымі праваабаронцамі «Вясны», якіх судзяць паводле гэтай крымінальнай справы. Але Кацярына шмат ведае пра беларускіх праваабаронцаў, у тым ліку ў сувязі з тым, што летась старшыня «Вясны» атрымаў Нобелеўскую прэмію міру — як і арганізацыя, з якой яна супрацоўнічае.

    «На судзе Алесь Бяляцкі выглядаў стомленым, выматаным фізічна і, напэўна, маральна, але, самае галоўнае, ён не выглядаў зламаным. Ён нават адстойваў сваё права размаўляць на беларускай мове.

    Ён працягваў гэта рабіць, нягледзячы на досыць грубыя абрыванні суддзі: «Вы выдатна разумееце рускую мову», «У нас у краіне дзве дзяржаўныя мовы, таму вам перакладчык не трэба». Ён усё адно працягваў размаўляць на беларускай мове і адстойваць сваё права. Алесь Бяляцкі адмаўляў усе абвінавачванні, тым самым паказаў, што можна выматаць чалавека фізічна і маральна, але не зламаць яго. Як шмат хто бачыў на фатаграфіях з суда, праваабаронцаў за кратамі трымалі ў кайданках, то бок працягвалі і там маральна ціснуць. Я магу з упэўненасцю сказаць, што ён адолее тое, што яму даводзіцца перажываць».

    «Не ведаю, ці быў гэта сапраўды супрацоўнік КДБ, або прыстаў проста хацеў зрабіць на мяне ўражанне»

    На суд Кацярына прыехала са сустаршынём «Мемарыяла» Алегам Арловым. Як адзначае журналістка, з’яўленне грамадзян Расійскай Федэрацыі на пасяджэнні прадказальна выклікала цікавасць як у супрацоўнікаў суда, гэтак і ў сілавікоў.

    «На ўваходзе ў суд стаялі мужчыны без формы. І пакуль нашы пашпарты глядзеў адзін супрацоўнік суда, то іншы падыходзіў да тых мужчынаў на ўваходзе і штосьці ім казаў. Але нас спакойна прапусцілі на працэс, і мы прабылі там цэлы дзень. І калі б я «паводзіла сябе задзірліва», як пра гэта потым на судзе скажа сведка-міліцыянт, напэўна, мне б не дазволілі дасядзець да канца суда і вывелі б раней.

    Толькі я падумала, што ўсё прайшло нармальна па завяршэнні судовага пасяджэння, як на выхадзе з залы суда мяне спыняе прыстаў і кажа: «Дзяўчына, хадземце для гутаркі». Супрацоўнік адвёў мяне ў пакой каля залы суда, сказаў не кратаць тэлефон і торбу, і сказаў чакаць. Я запытала, чаго мне чакаць. Ён сказаў: «Супрацоўніка». Я зноў запытала: «Супрацоўніка чаго? Сталоўкі?» Ён адказаў: «КДБ». І пакідае мяне з маладым чалавекам у сіняй камізэльцы. У такіх камізэльках людзі на ўваходзе ў залу пасяджэння даглядалі сумкі. Я падумала, можа гэта нейкі валанцёр пралукашэнкаўскага руху, таму што ў камізэльках звычайна ходзяць валанцёры. Але ён мне сказаў, што ён супрацоўнік АМАПа.

    Праз хвілінаў дзесяць у пакой зайшоў мужчына ў суправаджэнні іншых людзей — усе без формы. Я не ведаю, ці быў гэта сапраўды супрацоўнік КДБ, або прыстаў проста хацеў зрабіць на мяне ўражанне. Мужчына сеў за стол і адразу досыць настойліва пачаў патрабаваць прадставіцца, назваць мае прозвішча, імя і імя па бацьку і даць пашпарт. Я сказала, што зраблю гэта толькі пасля яго і пасля таго, як ён растлумачыць мне, што адбываецца. Бачна было, што яму не спадабаўся такі адказ. Ён мне сказаў, што ў «пытанне-адказ» будзе гуляць ён. Але я яму адказала, што я ў прынцыпе не збіраюся гуляць з ім у нейкія гульні і, калі я не затрыманая, то я падымаюся і сыходжу. Ён не чакаў нейкага адпору і пачаў злавацца. Супрацоўнік пачаў пытацца: перш чым прыехаць у Беларусь, ці вывучала я законы гэтай краіны? Але і тут я яму сказала, што іспыт па правазнаўстве я здала яшчэ ва ўніверсітэце, таму і гэта абмяркоўваць з ім не будзем. Тады мужчына пачаў запытваць у мяне, ці ў курсе я, што ў Беларусі ёсць забароненыя экстрэмісцкія каналы, і запатрабаваў мой тэлефон і паролі.

    Я ўжо падумала, што можа яны лічаць, што я вяла трансляцыю ў нейкім з забароненых Telegram-каналаў, але пазней я зразумела, што не. Як я потым даведалася, гэта стандартная практыка ў Беларусі — яны проста хацелі залезці ў тэлефон.

    Калі я адмовілася даць яму свой тэлефон, ён замёр і паглядзеў на мяне, як на дурнічку нейкую. Супрацоўнік паўтарыў больш настойліва: «Тэлефон дай!» Пасля таго як я зноў адмовіла, ён на секунду замёр і сказаў людзям, якія прыйшлі разам з ім, адводзіць мяне».

    «Калі сказалі выцягваць шнуркі, то дома ты відавочна начаваць не будзеш»

    Так Кацярына апынулася ў РУУС Маскоўскага раёна Мінска, усё яшчэ не разумеючы прычыну затрымання.

    «Мяне завялі ў кабінет, дзе было двое супрацоўнікаў. У аднаго з іх было прозвішча Тупіцын ці Тупікін — я дакладна не памятаю ўжо, штосьці звязанае з «тупасцю». Я думала, што адразу пачнуцца пытанні, але яны былі занятыя сваімі справамі. Адзін з іх яшчэ сказаў: «Як жа несвоечасова вас сюды даставілі». На што я аджартавалася: «Дык давайце я пайду і зайду іншым разам, калі вы будзеце больш свабодны». І яны пры мне размяркоўвалі патрулі, якія на Раство па Мінску будуць хадзіць: дзесьці неставала людзей і яны думалі, дзе іх дастаць. Гэта ўсё адбывалася пры мне.

    Мы з імі проста размаўлялі, жартавалі — ім цікава было проста пабалбатаць. А я ўсё чакала, калі пачнуцца нейкія пытанні, афармленне пратаколу — але нічога не адбывалася.

    Потым супрацоўнік прадставіўся і папрасіў прадставіцца мяне. Пасля гэтага пачаў прабіваць мяне ў базах, але, вядома, не знайшоў. Тады я зразумела, што ён не ведае, што я грамадзянка Расіі. Я яму сказала, што трэба шукаць не ў беларускіх, а ў расійскіх базах. «Тады зробім запыт у Расію», — сказаў супрацоўнік. Ён сфатаграфаваў мой пашпарт і патэлефанаваў кудысьці, каб прабіць мяне.

    Усё ў кабінеце было спакойна, усе прыходзілі на мяне паглядзець, пыталіся, дзе я працую. Я не адказвала — аджартоўвалася.

    Пасля гэтага адзін з іх паклікаў супрацоўніцу, і мяне адвялі ў іншы кабінет на дагляд рэчаў. І тут мне кажуць, каб я выцягвала шнуркі і здымала завушніцы, пярсцёнкі. Я разумею, што нейкае рашэнне ўжо прынята. Бо калі сказалі выцягваць шнуркі, то дома ты відавочна начаваць не будзеш. Я пытаюся ў дзяўчын: «А куды?» Яны кажуць, што трэба спытаць у тых, хто ў кабінеце знаходзіўся».

    «У нейкі момант супрацоўнік падыходзіць да мяне з кайданкамі і кажа: «Мне давядзецца надзець на цябе кайданкі — ты ж злачынца». Потым тэлефануе камусьці і кажа: «Забірайце дзяўчыну». 

    «Каць, ну ты ж сама ўсё разумееш, ты ж дарослая»

    Два ўчастковыя завезлі Кацярыну ў кайданках у апорны пункт, але яна ўсё яшчэ не разумела і не ведала прычыну затрымання.

    «Там участковы кажа: «Ну расказвай, што было». А я дагэтуль не разумела, што мне збіраюцца ставіць у віну. Я яму адказваю: «У нас у Расіі ёсць артыкул 51 Канстытуцыі, які дазваляе не сведчыць супраць сябе. У вашай Канстытуцыі напэўна ёсць аналаг — вось пакажыце яго». Але ў ягоных вачах я не пабачыла ўсвядомленасці і разумення, таму я яму сказала запісваць пад дыктоўку: «Адмовілася даваць якія-небудзь тлумачэнні, таму што лічыць гэта сваім правам». Ён усё запісаў і працягнуў пісаць штосьці ў пратакол. Я яму кажу, што мне наогул абаронцы належныя, але ўчастковы маўчыць. Я тады пытаюся, ці адмаўляе ён мне — ён ківае галавой. Потым кажа: «Падыходзь, чытай». З пратаколу я са здзіўленнем дазнаюся, што, аказваецца, пакуль у тым аддзяленні міліцыі са мной усе жартавалі і тарты прапаноўвалі, я мацюкалася, паводзіла сябе задзірліва, парушала грамадскі парадак, не рэагавала на заўвагі.

    Я прачытала, падымаю вочы і пытаюся: «Вы разумееце наогул, у чым вы цяпер удзельнічаеце?» На што мне ўчастковы кажа: «Каць, ну ты ж сама ўсё разумееш, ты ж дарослая». Я кажу, што я ўсё разумею, але гэта не апраўдвае іх: «Вы цяпер фабрыкуеце супраць мяне справу, а вы ў гэтым удзельнічаеце». Прычым тут са мной таксама паводзілі сябе прыязна і я ніводнага грубага слова на свой адрас не пачула».

    Пасля складання пратаколу на два тэлефоны журналісткі наклалі арышт. Пасля гэтага Кацярыну — ізноў жа, у кайданках — павезлі ў гарадскі аддзел міліцыі (ГАМ). Там журналістку пакінулі да раніцы да этапу ў ІЧУ на Акрэсціна, дзе над ёй чакаўся суд паводле арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства).

    «Мяне змясцілі ў бетонную каробку тры на чатыры метры. У ёй ёсць бетонная выемка, каб сядзець ці спаць. Там жудасна смярдзіць мачой і вельмі холадна. Я шпацыравала, калі можна так бы сказаць, у гэтай каробцы, каб неяк сагрэцца. У мяне забралі сумку і шалік, але пакінулі паліто. А пятай раніцы па мяне прыйшлі, каб адвезці ў ІЧУ на Акрэсціна. Адтуль, як я меркавала, мяне мусілі адвезці на суд.

    Уначы, калі мяне выводзілі ў туалет, супрацоўнік ГАМ спытаў, як і шмат хто: «За што вас?» Я яму адказала: «Ды не ведаю, за што. Мне сказалі, што ў аддзяленні міліцыі я мацюкалася, але вы можаце ўявіць сабе, каб я ў першы дзень у Беларусі вырашыла памацюкацца на міліцыянтаў?» Ён тады спытаў: «Можа быць, БЧБ?» То бок для іх зразумела, што калі табе даюць такі артыкул, значыць гэта па палітыцы».

    «Ты тут не дзеля таго, каб твае правы выконвалі, ты тут, каб пакутаваць»

    Перавозілі Кацярыну з ГАМ у ІЧУ на Акрэсціна зноў у кайданках. Яна яшчэ не ведала, што ўжо трэці год адміністрацыйна затрыманых паводле палітычных матываў не возяць асабіста на пасяджэнні, а судзяць праз відэасувязь на Акрэсціна.

    «Была самая раніца, таму нас было няшмат: я і некалькі мужчын, затрыманых за распіванне алкагольных напояў, за крадзеж. Увогуле, нікога, акрамя мяне, па палітыцы не было».

    Афармлення затрыманыя чакалі ў камерах-адзіночках, так званых «стаканах»:

    «Мяне паставілі адну ў гэты «стакан», а мужчын, як я чула, — па некалькі чалавек у адну гэтую камеру. Камусьці зрабілася дрэнна там, і яны прасілі адчыніць дзверы. З першых хвілінаў у «стакане» я пагрузілася ў атмасферу Акрэсціна. Пакуль я вывучала надпісы на сцяне, дзе было напісана «Миру — мир» і «Господи, помилуй», я чула, што кажа супрацоўнік, які афармляў гэтых мужчын. Як я зразумела, нейкі арыштант паспрабаваў парэзаць сабе вены маленькай жалязякай, якую знайшоў у камеры. Але там нічога страшнага не адбылося, раз яго назад афармлялі ў ІЧУ. І гэты супрацоўнік, які афармляў яго, груба і з мацюкамі крычаў на яго, навошта ён гэта зрабіў. Затрыманы адказаў, што да яго дрэнна ставіліся супрацоўнікі, таму ён так зрабіў.

    У адказ на гэта супрацоўнік Акрэсціна сказаў фразу, якая зрабілася лейтматывам майго знаходжання на Акрэсціна: «Ты тут не дзеля таго, каб твае правы выконвалі, ты тут, каб пакутаваць».

    Потым ён яму казаў штосьці накшталт, што калі б ён патрапіў сюды ў 2020 годзе, то ты б пра свае правы нават не заікаўся. І гэты супрацоўнік кажа яму: «Ты ведаеш, колькі мы тут чалавек пад плотам закапалі?» [заўв. — паводле інфармацыі «Вясны», падчас падзей 2020 года не было зафіксавана забітых ці без весткі зніклых на Акрэсціна]. І потым дадаў, што калі ён яшчэ раз штосьці такое выкіне, то будзе тут у позе ластаўкі ляжаць тварам у падлогу. І тут высветлілася, што ў гэтага супрацоўніка быў апошні працоўны дзень — ён сыходзіць на пенсію, таму паралельна ён дабрадушна частаваў сваіх калегаў торцікам. Супрацоўнік распавядаў, як ён будзе адпачываць на пенсіі, і камусьці з затрыманых ён сказаў:

    «Вы тут арыштаваны, і я з вамі быў арыштаваны».

    «Суд праз Skype!»

    Кацярыну да суда ў ІЧУ змясцілі ў камеру не для палітычных затрыманых. 

    «Там былі два двух’ярусныя ложкі і на некалькі жанчын больш, чым месцаў. Але там былі матрацы, таму я вырашыла, што змагу спаць на падлозе на матрацы. І падумала: «Ну нармальна — жыць можна!» Сярод маіх сукамерніц былі жанчыны, затрыманыя, напрыклад, за нясплату аліментаў, распіванне алкагольных напояў. Але была адна цікавая гісторыя: адна дзяўчына здымала Tik-Tok, і супрацоўнікі вырашылі, што яна пад наркотыкамі. Да яе дадому з вобшукам прыйшоў наркакантроль, але нічога, вядома, не выявілі. Лазілі ў тэлефоне — спрабавалі знайсці нейкія перапіскі з нагоды наркотыкаў, але таксама нічога не знайшлі. Тады на яе склалі пратакол за «дробнае хуліганства» і арыштавалі на 15 сутак — сказалі, што яна голымі грудзямі скакала на аўтамабілі, якія праязджалі міма, і паводзіла сябе абуральна. Пасля суда яе адправілі ў ЦІП, а там, як і шматлікіх іншых арыштантаў (акрамя палітычных), адпраўлялі на сартаванне смецця на звалку, але яна адмовілася.

    Тады гэтай дзяўчыне сказалі: «Мы тады цябе пасадзім у самую ху*вую камеру», — і яе пасадзілі ў палітычную камеру. Яна мне трошкі распавяла пра ўмовы там, таму я прыкладна разумела, што мяне чакае, але ўсё адно я не чакала такое пабачыць».

    Сукамерніцы Кацярыны распавялі ёй пра адміністрацыйныя суды ў Беларусі  — што цяпер фізічна туды людзей не дастаўляюць з прычыны «прафілактыкі каранавірусу», а судзяць праз відэасувязь непасрэдна ў ІЧУ на Акрэсціна. 

    «У нас у Расіі таксама бывае, што судзяць праз відэасувязь, але гэта было непадобна на тое, што я ўбачыла. Калі мяне вялі на суд, то я думала, што зараз мяне завядуць у кабінет, дзе будзе вялікі экран, як у нас гэта прынята, і я пабачу штосьці падобнае да суда. Мяне з двума непалітычнымі мужчынамі завялі на іншы паверх на суд. І вось адчыняюцца дзверы, а там маленькі пакойчык, сядзіць хлопец-канваір, а перад ім ноўтбук на стале — і ўсё. І нам кажуць: «Заходзьце, тварам да сцяны, рукі за спіну». Мы заходзім, чакаем, і я разумею, што суд будзе праходзіць праз гэты ноўтбук. Праз нейкі час нам тэлефануюць на Skype, канваір прымае званок. Суд праз Skype! Пачынаюць судзіць першага мужчыну. Суддзя высвятляе яго асобу, судзімасці і г. д., а потым кажа, што вось у такі дзень ён скраў каўбасу, Nutel­la і штосьці яшчэ.

    — Віну прызнаеш? — пытае суддзя.
    — Прызнаю! — кажа затрыманы.
    — 13 сутак. Наступны! — прызначае суддзя пакаранне.

    Вось і ўвесь суд. Напэўна, такога я не чакала. За ноўтбук сеў наступны мужчына — яму трэба было адзначацца ў органах, але ён гэтага не зрабіў. Суддзя запытвае, чаму ён гэтага не зрабіў. Затрыманы распавёў, што моцна захварэў і г. д.

    — Так, давай кажы, колькі табе сутак прызначыць? — кажа суддзя.
    — А можна штраф? — пытае мужчына.
    — Не, штраф нельга. Кажы ці я сама зараз прызначу, — адказвае суддзя.
    — Можна трое сутак? — ізноў пытаецца затрыманы.
    — Можна — трое сутак! — так вынесла пастанову суддзя.

    Я думаю пры гэтым: а спытайце ў мяне. А потым суддзя кажа гэтаму канваіру, што Яньшыну пасля перапынку, і я пачула слова «абаронца». Я думала, прычулася мне ці не, але, мабыць, Рэспубліка Беларусь мне як замежнай грамадзянцы вырашыла даць адваката?»

    «А мы што, проста ў калідоры будзем судзіцца?»

    Кацярыну вярнулі ў камеру, дзе яна распавяла сукамерніцам пра суд і пра тое, як судзіла затрыманых Таццяна Мотыль

    «Калі я сказала, што Мотыль, то ўсе непалітычныя затрыманыя пачалі казаць: «Ооо, лепш за ўсё прызнавай! Яна заўсёды дае па максімуме, а тут хоць будзе нейкі шанец. Прызнавайся ва ўсім!»

    З гэтымі парадамі пасля абеду мяне зноў павялі на суд. Але ўжо, у адрозненне ад раніцы, на паверсе я бачу кучу людзей, прычым шмат жанчын і мужчын, зусім не падобных да тых, каго я бачыла ў сваёй камеры ІЧУ. Усе яны чакалі сваёй чаргі да ноўтбука. У калідоры ёсць выемка, дзе стаяць сталы і крэсла. За сталом сядзіць мой канваір з ноўтбукам. Я ў яго пытаюся: «А мы што, проста ў калідоры будзем судзіцца?» Ён адказвае, што так, таму што на ўсіх бракуе кабінетаў. Я саджуся ў калідоры і чакаю, калі нам патэлефануе суддзя. Пры гэтым чую, як супрацоўнік Акрэсціна пакрыквае на тых, хто няправільна стаіць, а стаяць, я нагадаю, трэба тварам да сцяны і ў падлогу, з рукамі за спінай, круціць галавой нельга.

    Нягледзячы на тое, што гэта ўсё адбывалася ў калідоры на фоне крыкаў супрацоўніка, мой суд хаця б быў падобны на суд: суддзя адразу зачытала мае правы і абавязкі, увогуле яна выконвала працэдуру. Потым яна кажа, што паступіла хадайніцтва аб маёй абароне. Гэта быў недзяржаўны абаронца, ад дзяржаўнага я збіралася адмовіцца. Адвакатка папрасіла пабыць са мной сам-насам. Суддзя сказала, што яна выйдзе, але абавязкова пакіне сакратара. Адвакатка абурылася, нагадаўшы, што паводле закону размова з падабароннай павінна быць канфідэнцыйнай. Суддзя, збіваючыся, спачатку сказала, што «паводле правілаў суда вы не можаце…». «Паводле якіх канкрэтна правілаў?» — запытала абаронца. Суддзя разгубілася і прапанавала чамусьці адвакатцы напісаць заяву на імя начальніка ЦІПа [хаця Кацярына была ў ІЧУ], а потым зусім заблыталася і сказала адвакату, што я пад вартай, хоць ніякай крымінальнай справы не заведзена. Адвакатка адзначыла, што гэта ўсё незаконна. Суддзя выйшла, але застаўся сакратар, а з майго боку — цэлы калідор і мой канваір. І тут важны момант. Адвакатка мяне спытала пра маё самаадчуванне, але мяне ніхто не біў, не катаваў — але давайце ўявім, што гэта было. І вось злева ад мяне сядзіць канваір, я не ведаю, каму ён перадасць інфармацыю і ці магу я сапраўды расказваць, што са мной адбылося. Напэўна, не.

    Я падумала пра тое, што гэта адбываецца з беларусамі. Нават калі табе пашанцуе і ў цябе будзе адвакат, але хто ж дасць табе з ім пагутарыць сам-насам? І гэта вельмі страшная сітуацыя».

    «Нават майму канваіру было цікава сачыць за гэтым судом»

    На працэсе Кацярына заявіла, што супрацоўнікі міліцыі яе не азнаёмілі з правамі, а проста далі падпісаць адпаведны дакумент. Сведкам па справе выступаў супрацоўнік Маскоўскага РУУС: ягоным імем быў падпісаны рапарт, на падставе якога быў складзены пратакол.

    «Я нарэшце дазналася, як я апынулася ў РУУС. Таму што да гэтага выходзіла, што я матэрыялізавалася з ніадкуль і пачала мацюкаць гэтых бедных міліцыянтаў. Але гэты супрацоўнік растлумачыў, што задзірліва я сябе пачала паводзіць яшчэ ў судзе, там нібы вяла відэа- і фотаздымку, не рэагавала на заўвагі, таму мяне адвялі на прафілактычную гутарку ў РУУС, а там ужо парушала грамадскі парадак і мацюкалася».

    Журналістка і адвакатка хадайнічалі пра выняцце відэазапісаў з камер назірання ў РУУС і залы суда, але суддзя пасля перапынку сказала, што ні ў тым кабінеце, ні на паверсе ў РУУС камер няма. Хоць ніякіх пацверджанняў гэтаму ў яе не было, і нам невядома, ці высвятляла яна гэтыя факты або проста адпачывала. А з нагоды відэазапісу з залы 1071 суда Ленінскага раёна Мінска, дзе праходзіў працэс па справе «Вясны», сказала, што прадметам разгляду справы з’яўляюцца паводзіны Кацярыны ў РУУС, а не ў судзе, таму яна адхіліла хадайніцтва.

    Адвакатка журналісткі знайшла шмат парушэнняў па справе, адно з іх — тое, што прозвішча сведкі — супрацоўніка міліцыі ў рапарце, у пратаколе затрымання і ў самім пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні было напісанае ў трох розных варыянтах: у адным месцы ён — «Парфеонович», у іншым — «Парфеанович», а ў трэцім — «Порфяонович». На пытанні адвакаткі, як так выйшла, што ваша прозвішча напісана ў трох варыянтах, спачатку сказаў: «Бывае, стаміўся, памыліўся». А пасля і наогул, што не ён складаў пратакол затрымання, нягледзячы на тое, што ў графе «пратакол склаў» стаяла імя і подпіс гэтага сведкі.

    Суддзя Мотыль выйшла выносіць пастанову. Гэта заняло паўтары гадзіны. Як адзначае Кацярына, за гэты час паспелі асудзіць усіх людзей у калідоры.

    «Нават майму канваіру было цікава сачыць за гэтым судом. Калі суддзя пайшла выносіць пастанову, ён сказаў мне: «Ды цяпер адпусціць цябе. Дакладна адпусціць і паедзеш па свае тэлефоны, таму што тут наогул складу няма». Ён адзначыў, што было цікава. Потым падыходзілі іншыя канваіры, таму што ўсе суды скончыліся ўжо. Мы вельмі доўга чакалі. Калі адразу я была ўпэўненая, што мне дадуць па максімуме, то потым у мяне ўзніклі сумневы, таму што, каб вынесці 15 сутак, не абавязкова думаць паўтары гадзіны, як гэта зрабіць».

    «Ты наогул разумееш, у якім месцы ты знаходзішся?»

    Але ў выніку суддзя Таццяна Мотыль прызначыла Кацярыне Яньшынай 15 сутак арышту. Журналістку перавялі ў ЦІП. 

    «Нас там ізноў афармлялі. У калідоры былі мужчыны і мы з нейкай дзяўчынай. Мужчын даглядалі проста ў калідоры, таму нас з дзяўчынай завялі ў закутак, каб не бянтэжыць нікога. Гэтая дзяўчына шэптам спытала ў мяне: «За што цябе?» Я ёй таксама шэптам адказваю: «За тое, што прыйшла на палітычны суд». А яна была затрымана за рэпост. Потым да нас падыходзіць супрацоўнік ЦІПа з асадкай і паперкай і кажа: «Яньшына, давай паролі ад тэлефонаў». Я нагадаю, што мае тэлефоны ляжалі не ў ЦІПе, то бок ён запытваў не для сябе. Я яму сказала, што не дам.  І тут я зноў бачу гэты выраз твару: ён глядзіць на мяне, як на нейкую вар’ятку ці дурнічку. Потым задае дурное пытанне: «Чаму?» Я адказваю: «Таму што маю на гэта права». Я зноў бачу гэты выраз твару, ён паварочваецца і моўчкі сыходзіць. І я чую, як ён паўтарае супрацоўнікам: «Кажа, мае права». Напэўна, яны яму сказалі, што гэтая расіянка не зразумела яшчэ, дзе апынулася — ты пайдзі ёй растлумач.

    Ён вяртаецца і кажа: «Ты наогул разумееш, у якім месцы ты знаходзішся? Ты разумееш, што тут з людзьмі робяць? Ты разумееш, што ты можаш адсюль не выйсці? Потым не пашкадуеш?». І ён кажа гэта ўсё не пагрозлівым тонам, а досыць будзённым. Я яму адказваю: «Хто ж яго ведае, можа і пашкадую: пажывем — пабачым». Ізноў я бачу гэты выраз твару, які я бачыла, калі адказвала штосьці такое».

    Пасля афармлення каля камеры Кацярына сустрэла сумна вядомага супрацоўніка ЦІП Яўгена Урублеўскага — Кацярына апазнала яго ўжо на волі па густых бровах:

    «Ён мне кажа: «Я табе рэкамендую прыслухоўвацца да парадаў, якія табе даюць разумныя людзі». Я спачатку не зразумела, што ён мае на ўвазе, і сказала яму: «Слухайце, я цэлы дзень з нейкімі «разумнымі» людзьмі размаўляла, што вы маеце на ўвазе?» Ён удакладніў, што кажа пра пароль да тэлефонаў.

    Ужо на волі я даведалася, што гэта быў вядомы супрацоўнік ЦІПа, які ў 2020 годзе збіваў і мужчын, і жанчын, у тым ліку і расіянку. Таму ён сапраўды, напэўна, разбіраўся ў парадах такога кшталту, якія ён так паблажліва вырашыў мне даць». 

    «Гэта тая мяжа, калі вы яшчэ не падаеце ў непрытомнасці ад духаты, але месца ўжо няма»

    Пасля афармлення Кацярыну змясцілі ў адну з сумна вядомых камер для палітычных затрыманых:

    «Калі адчынілі дзверы ў камеру, то я ўбачыла жалезны двух’ярусны ложак без матрацаў, падушак, коўдраў. Убачыла і больш людзей, чым прадугледжана месцаў, вузкі стол ля сцяны, вузкую лаўку, абгароджаны туалет, дзве відэакамеры ў кутах і ўсё. Гэта маленькая-маленькая двухмесная камера, набітая дзяўчынамі і жанчынамі: хтосьці сядзіць на ложку, хтосьці — на падлозе, хтосьці — на стале.

    У камеры, калі мяне прывялі, было каля дзесяці чалавек, а ўначы нас даўкамплектавалі да пятнаццаці чалавек. Супрацоўнікі ЦІПа намагаліся падтрымліваць гэтую колькасць людзей у нашай камеры. Таму што гэта тая мяжа, калі вы яшчэ не падаеце ў непрытомнасці ад духаты, але месцы ўжо няма.

    У камеры прадугледжаная вентыляцыя, але яны яе ўключаюць толькі тады, калі самі прыходзяць на шмон. Звычайна мы прасілі адчыніць нам хаця б кармушку на дзвярах, таму што проста там невыносна было знаходзіцца.

    Мы мала размаўлялі паміж сабой, каб эканоміць паветра. Камера падобная да парылкі, таму што на ўсю працуе ацяпленне.

    Калі быў поўны камплект людзей, то мы спалі так: два чалавекі — на верхнім ярусе, яшчэ два чалавекі — на ніжнім ярусе, хтосьці — на стале, а ўсе астатнія — на падлозе. Але трэба асцярожна на падлозе, каб нікога не зачапіць нагамі. Пад галаву мы клалі боты. Але спаць там немагчыма было, таму што кладзешся, расплюшчваеш вочы, а там клоп ці макрыца паўзе. У некаторых была алергія на ўкусы і яны пакрываліся чырвонымі плямамі. На жалезным ложку было вельмі балюча спаць, бо замест матраца былі такія жалезныя палосы, таму ўсё цела пакрывалася сінякамі. Але калі шчыра, то да канца тэрміна я ўжо спакойна спала на жалезным ложку з ботамі пад галавой, таму што цела прыстасавалася ўжо».

    Журналістка эмацыйна распавядае, што ўмовы ў ейнай камеры адрозніваліся ад астатніх. Там дзейнічаў адмысловы рэжым: кругласутачна гарыць яркае святло, удзень нельга ляжаць, уначы два разы пад’ём на праверку.

    «У камеры заўсёды было мінімум два чалавекі — асацыяльныя асобы. Гэта людзі, затрыманыя за распіванне алкагольных напояў, без пэўнага месца жыхарства. Ад іх магло непрыемна пахнуць, у іх могуць быць вошы. Пры гэтым знаходжанне з намі для іх таксама катаванне, таму што ў іншай камеры ў іх былі б чалавечыя ўмовы, спальныя месцы, іх, мабыць, нават вадзілі б у душ.

    Але нас вырашылі пакараць імі, але і для іх гэта аказалася пакараннем.

    У нейкі момант гэтых жанчын зрабілася пяць. Мабыць, калі бракуе палітычных, але трэба трымаць гэты камплект, то яны адмыслова засяляюць імі. У адной жанчыны была інваліднасць — яна адставала ў развіцці і паводзіла сябе, як дарослае дзіця. І яе змясцілі ў такія катавальныя ўмовы, уяўляеце? З імі ўсімі можна знайсці агульную мову. Яны аказаліся простымі жанчынамі са зламанымі лёсамі і цікавым мінулым. Ты можаш навучыць іх мыць рукі пасля туалета, апрацаваць іх ад вошай і наладзіць побыт».

    «Урублеўскі кажа: «Так, я тут галоўны фашыст!»»

    Штораніцы падчас сняданку ці пасля яго, паводле журналісткі, у ЦІП праходзіў «шмон», які ладзілі супрацоўнікі ў балаклавах ці ў медыцынскіх масках.

    «Мы ўсе выходзім у калідор, становімся тварам да сцяны, рукі падымаем ўгару на чырвоную лінію, нагі расстаўляем шырока. Нас даглядае супрацоўніца, потым праходзіць металашукальнікам па ботах. Паралельна дзяжурны называе прозвішча, а мы павінны былі сказаць імя і імя па бацьку. Тым часам нашу камеру пераварочвалі дагары нагамі — заходзілі туды з кувалдамі, пастуквалі, скідалі адусюль рэчы. Супрацоўнікі падчас «шмону» могуць адпускаць нейкія каментары, могуць паджартоўваць, а адзін неяк сказаў: «Сабраліся залупы лібералістычныя». Ім вельмі не падабаецца, калі падчас гэтай працэдуры глядзіш на іх, яны могуць загаласіць: «Вочы ў падлогу!». Мабыць, не хочуць, каб іх твары запаміналі.

    Неяк нас вывелі на традыцыйны ранішні «шмон», хтосьці з супрацоўнікаў здзівіўся, колькі нас шмат. І тут гэты Урублеўскі кажа: «Так, я тут галоўны фашыст!» Гэта забаўна, улічваючы, што ў Беларусі ёсць артыкул за «рэабілітацыю нацызму». Пры гэтым чалавек ганарыцца і называе сябе галоўным фашыстам. Яму гэта прыносіла задавальненне. Ён даваў зразумець, што дзякуючы яму нас там столькі было. На волі я прачытала пра яго артыкул і зразумела, што гэта званне адпавядае рэчаіснасці. На іншым шмоне Урублеўскі адпусціў такі камплімент:

    «Глядзі, «змагарыхі» ўжо зліліся з бамжыхамі, такія самыя брудныя і ўбогія, не адрозніш».

    «Калі і так душна, а вы яшчэ павесілі рэчы сушыць, то атрымліваецца сапраўдная лазня»

    Ужо трэці год на Акрэсціна для затрыманых не прымаюць перадачы, таму арышт яны адбываюць без зменных рэчаў і асабістых сродкаў гігіены. Кацярына на суд прыехала ў штанах і пінжаку — у гарнітуры яна і праседзела ўсе 15 сутак:

    «Увесь тэрмін у гэтай камеры мы знаходзіліся толькі ў тым, у чым былі. Тым, каго затрымлівалі дома, атрымоўвалася захапіць з сабой нейкія рэчы, але ў камеру гэта нельга было пранесці. Са сродкаў гігіены ў нас было гаспадарчае і звычайнае мыла, але іх трэба пачынаць прасіць загадзя, таму што іх табе дадуць толькі праз некалькі дзён. Тое самае датычыць і туалетнай паперы. Пасля просьбы медсястра выдае толькі дзве пракладкі на суткі — яны вельмі тонкія і, вядома, іх не хапае.

    Трэба ж мыць часам шкарпэткі ці ніжнюю бялізну — гэта мы і рабілі. Але нейкія рэчы пабольш — талстоўку ці штаны — мы намагаліся гэтага не мыць ці мыць рэдка, ці калі ўключаецца вентыляцыя: неяк трэба было падгадаць момант. Бо калі і так душна, а вы яшчэ павесілі рэчы сушыць, то атрымліваецца сапраўдная лазня, і там немагчыма знаходзіцца.

    У перадапошні дзень майго знаходжання да нас у камеру закінулі не палітычную жанчыну. Яна на працы па сартаванні смецця на звалцы штосьці не тое сказала камусьці. Заходзіць гэтая жанчына, а ў яе з сабой пяць сумак рэчаў, у яе зубная шчотка, асадка з крыжаванкай, кнігі, крэм для рук! Мы на яе глядзім і не можам паверыць, што гэта рэальнасць.

    Ці мы сядзім у камеры і чуем, як на калідоры абмяркоўваюць, што ў нейкай камеры трэба памяняць пасцельную бялізну. І ты сядзіш такая на сваёй падлозе ў атачэнні клапоў і думаеш: «Жывуць жа людзі!»

    «ГУБАЗіК — гэта версія таго, якім наш Цэнтр «Э» марыць зрабіцца»

    Да журналісткі, як і да астатніх арыштантаў, супрацоўнікі міліцыі прыходзілі з традыцыйнымі прафілактычнымі гутаркамі. Кацярына адзначае, што на «сутках» самае страшнае — гэта не побыт, да якога з часам можна прыстасавацца, а невядомасць, выйдуць людзі пасля сваіх 15 сутак або не:

    «Ты сядзіш, а тэлефоны твае застаюцца ў іх. І яны працягваюць капаць і глядзець. Магчыма, яны знойдуць у цябе яшчэ адзін рэпост і асудзяць на 15 сутак. Пад рэпостам я разумею асабістыя паведамленні сябру. Магчыма, праз цябе яны выйдуць на іншага чалавека. З намі была жанчына, якая не разумела, як яны пабачылі ейную старонку, таму што яна была закрытая. І яна зрабіла здагадку, што кагосьці з яе знаёмых раней затрымалі. Наколькі я зразумела, палітычнымі справамі ў Беларусі займаецца ГУБАЗіК — аналаг нашага Цэнтра «Э». Толькі ГУБАЗіК — гэта версія таго, якім наш Цэнтр «Э» марыць зрабіцца. І вось супрацоўнікі ГУБАЗіКа могуць забраць цябе да сябе і запісаць якое-небудзь «пакаяльнае» відэа, якое яны зліюць у свае тэлеграмныя памыйніцы.

    «Ты што думаеш, што мы забыліся пра 2020 год? Дык вось — мы памятаем!»

    Часам на Акрэсціна прыязджае оперупаўнаважаны з РУУС дзеля правядзення прафілактычных гутарак. Іх тэматыка залежыць ад таго, што ў цябе знайшлі. Калі ж нічога не знайшлі, то гутарка будзе на ўзроўні: «У цябе які заробак? Ты што, дрэнна жывеш? Ты што, краіну сваю не любіш? Ты што, думаеш, што ўсе твае апазіцыянеры, якія паз’язджалі, краіну сваю любяць? Яны толькі абсіраюць яе!» А калі ў цябе знайшлі фота з пратэстаў, нават калі ты стаяў на тратуарчыку, то, хутчэй за ўсё, будзе крымінальная справа. З намі была жанчына з аднаго чата, у якой знайшлі здымак з пратэсту, дзе яна разам з дачкой. І ёй сказалі, што будзе крымінальная справа, а яшчэ «вы сваю дачку падставілі!»

    Да мяне таксама прыязджаў опер на гутарку. Я тады не ведала, што ўсе пішуць пра мае затрыманні і арышт. І гэты опер спрабаваў зразумець, хто я. Ён пытаўся: «Якія былі інструкцыі і хто іх даў?», «Па чыім заданні я гэта рабіла? Можа быць для «Дажджу»?» Але я вырашыла аджартоўвацца, каб не нашкодзіць сабе, таму я казала, што ў Расіі ж усе крамы пазачыняліся, таму я прыехала па адзенне, і вырашыла заадно і на суд схадзіць! Ён, вядома, мне не паверыў. Ён спытаў, колькі мне сутак далі, а потым дадаў: «Ну, 15 — гэта яшчэ мала. Потым можа быць яшчэ 15, потым яшчэ 15, потым яшчэ 15». Потым ён спытаў, што я рабіла на судзе. Я сказала, што гэта ж Нобелеўскі лаўрэат. Тады ён адказаў: «А ты дафіга беларусам спачуваеш?”

    Пасля ён пачаў казаць пра 900 тысяч даляраў, знойдзеныя ў Ціханоўскага за канапай: «Ты думаеш, што яму іх міліцыя падкінула? Міліцыя працуе дакладна і падкантрольна!» Я кажу, што па сваім ліпавым пратаколе я гэта ўжо зразумела. Як мне падалося, ён даў зразумець, што яшчэ да мяне прыйдзе. Потым пры канцы гутаркі ён сказаў: «Ты што думаеш, што мы забыліся пра 2020 год? Дык вось — мы памятаем!» І тут зачыняе свой сшытак, эфектна ўстае і сыходзіць. Адсюль можна зрабіць выснову: тое, што адбываецца цяпер з беларусамі, — гэта злучана з тым, што яны сапраўды памятаюць 2020-ты і не могуць гэтага прабачыць. І праз тое, што відавочныя актывісты ў іх ужо скончыліся, то затрымліваюць усіх запар. Тых, каго я бачыла, — гэта жанчыны, якія жылі сваім маленькім жыццём і не чакалі, што да іх прыйдуць. Гэта архітэктарка, пенсіянерка, спявачка, выкладчыца музыкі, бухгалтарка.

    Гэта звычайныя жанчыны, але да іх прыйшлі толькі таму, што гэтую машыну рэпрэсій трэба запраўляць новым палівам». 

    «Сядзела думала: цікава, колькі ўдараў току я вытрываю, перш чым зламаюся і дам паролі»

    Кацярына распавядае, што сустракала затрыманых за ўдзел у раённых чатах з 2020 года, за перасланыя ў асабістых паведамленнях допісы з «экстрэмісцкіх» каналаў. Журналістка распавяла гісторыі некаторых такіх жанчын:

    «Магчыма, у гэтых чатах штосьці пісалі ў 2020 годзе, але цяпер гэты чат цалкам памёр або там з’яўляюцца рэдкія паведамленні накшталт «парайце майстра па манікюры» ці «ў мяне засталося дзіцячае харчаванне — каму трэба». Дзве затрыманыя жанчыны выйшлі з гэтага чата даўно. І вось да ўдзельнікаў гэтага чата ўрываюцца з вобшукамі ці прыходзяць на працу. Зразумела, падчас вобшукаў яны нічога не знаходзяць, але, самае галоўнае, яны забіраюць твой тэлефон і патрабуюць паролі. А паролі не даць ты не можаш… Як мне потым расказалі, дзяўчыну, якая проста забылася на свой воблачны пароль ад тэлеграму, катавалі токам. Яе білі электрашокерам у пятку, каб не было слядоў. Гэта было з праваабаронцай Настай Лойкай. Калі я адмовілася даць паролі, мне расказалі гэту гісторыю. І я потым сядзела думала: цікава, колькі ўдараў току я вытрываю, перш чым зламаюся і дам паролі.

    Шмат сядзяць за «рэпосты». Напрыклад, скінуў сябру курс валют, але з «экстрэмісцкага» чаціка — атрымай 15 сутак. У адной жанчыны знайшлі ў архіўных сторысах Insta­gram з 2020 года фота з сімволікай — на яе склалі пратакол за пікетаванне. Сілавікі шукаюць БЧБ-сімволіку, рэпосты, падпіскі. Калі нічога не знаходзяць, то складаюць пратакол аб непадпарадкаванні міліцыі, бо яны ўжо прыйшлі, што цяпер, дарэмна адпускаць? І вось так адседзіш 15 сутак толькі за тое, што да цябе прыйшлі сілавікі. У адной сукамерніцы ў тэлефоне ўбачылі падпіску на «экстрэмісцкі» канал — на яе склалі пратакол за непадпарадкаванне, таму што няма чаго падпісвацца на такія каналы! А яна яго нават не чытала — там віселі тысячы непрачытаных паведамленняў.

    Я сядзела ў адной камеры з Ганнай Лівянт, дачкой вядомага рэпетытара Яўгена. Іх з мужам Мікітам затрымалі на судзе, калі яны прыйшлі на працэс да ейных бацькоў. І на ранішнім «шмоне» яна прыслухоўвалася, каб пачуць прозвішча бацькі ці мамы. Яна тады ўжо меркавала, што ў яе будзе крымінальная справа. Калі ты сядзіш на Акрэсціна, то ты не хочаш, каб цябе адпусцілі крыху раней. Таму што калі па цябе прыйшлі раней за час, то гэта значыць, што ты нікуды не выходзіш. Гэта значыць ці то новыя «суткі», ці то крымінальную справу. Так было і з Ганнай. Яе забралі раней, і ад іншай дзяўчыны з ІЧУ мы даведаліся, што ў яе крымінальная справа і яна чакае адпраўкі ў СІЗА.

    «Усе ведаюць нават дзень, калі адбываюцца аблавы!»

    З намі была палітычная жанчына, у якой на Акрэсціна здарыўся прыступ апендыцыту. Яе адвезлі ў лякарню, зрабілі там аперацыю, а праз пяць дзён пасадзілі ў нашу катавальную камеру, дзе яна, як усе, спала на падлозе. Каб зрабілі перавязку, то трэба было з раніцы ўпрасіць медсястру. І калі яна зробіць ласку, то ўвечары зробяць перавязку, і замест абязбольвальнага ўколу ёй дадуць таблетку.

    І гэта атрымліваецца канвеер, таму што гэтыя палітычныя камеры не пустуюць — яны ўвесь час папаўняюцца. Усе ведаюць, што вялікія аблавы адбываюцца ў чацвяргі, і ў пятніцу на Акрэсціна прывязуць шмат людзей. Так і было — прывезлі жанчын з чата. Усе ведаюць нават дзень, калі адбываюцца аблавы! Гэта настолькі выбудаваная сістэма пераследаў.

    Сілавікі прыходзяць не таму што ведаюць, што шукаць, а каб забраць тэлефон і ў ім штосьці знайсці.

    Часам у камеру прыходзяць і проста забіраюць чалавека, а мы не ведаем, яго ў іншую камеру пасадзілі ці на ІЧУ перавялі для адпраўкі ў СІЗА. Адзін раз у нас уначы траіх дзяўчын адвялі невядома куды».

    «Гэта вялікі прывілей, што я за шмат дзён ведала, што мяне выпусцяць і дэпартуюць»

    Кацярына кажа, што не ведала, што з ёй будзе адбывацца далей, але наогул думала, што наўрад ці з ёй здарыцца штосьці страшнае.

    «Мне здавалася, што не таго ўзроўню я арыштантка, тым больш грамадзянка Расіі — чаго са мной звязвацца.

    Я потым даведалася, што адвакатка спрабавала да мяне трапіць два разы. Першы раз самым ранкам ёй праз відэазванок казалі, што мяне там наогул няма. Але яна не здавалася, была настойлівая, і ім давялося прызнацца, што яны толькі што ў спісах знайшлі Яньшыну, а адразу не маглі, бо спісы абнаўляліся проста ў тую хвіліну, калі яна запытвала. Аказваецца, гаварыць, што людзей у ЦІПе няма — звычайная справа. Потым ёй казалі прыйсці пасля абеду, яна вярнулася а 14‑й гадзіне, але яе зноў не пусцілі, спаслаўшыся на тое, што ўсе кабінеты занятыя, прапанавалі не чакаць, бо вызваліцца яны могуць і на наступны дзень, а можа і наогул не вызваляцца. Адвакатка так і не здолела да мяне трапіць. Яна тэлефанавала ў расійскую амбасаду і казала, што будзе мяне сустракаць, і калі я, калі выйду, распавяду ёй пра нейкія парушэнні, то мы гэта абавязкова зафіксуем і падамо скаргу.

    Я ўжо не спадзявалася, што я проста так выйду, таму што я ж не дала ім паролі ад тэлефонаў, а для іх жа так важна было атрымаць іх. Але тут у камеру заходзіць супрацоўнік і кажа: «На выхад — без рэчаў». Я думала, што зноў на гутарку да опера, але, аказваецца, прыйшоў супрацоўнік міграцыйнай службы, каб паведаміць, што 20-га мяне будуць дэпартаваць. Гэта насамрэч вялікі прывілей, што я за шмат дзён ведала, што мяне выпусцяць і дэпартуюць. Супрацоўнік прыехаў дзеля таго, каб даведацца, ці ёсць у мяне грошы, каб я сама сабе купіла квіток. Калі б у мяне не апынулася іх, то давялося б чакаць на Акрэсціна, пакуль мне купяць квіток. Я сказала супрацоўніку пра тэлефоны — ён сказаў, што сам забярэ.

    А потым спытаў: «Слухай, а цябе за што наогул?» Я яму растлумачыла, што была на судзе Алеся Бяляцкага, а ён не ведаў, хто гэта! І спытаў: «А хто гэта, палітычны хтосьці?» Пасля майго станоўчага адказу ён сказаў: «Тады зразумела!» У Расіі б спыталі, што я рабіла на судзе, а тут усё адразу зрабілася зразумелым, і ніякіх пытанняў больш у яго не было». 

    У адпаведнасці з пратаколам, Кацярыну мусілі вызваліць 20 студзеня а 16:45, але па яе прыйшлі раней на некалькі гадзін:

    «Цяпер я разумею, што гэта дзеля таго, каб адвакатка мяне не сустрэла і мы нічога з ёй не зрабілі. Супрацоўнік міграцыйнай службы сказаў, што ён спрабаваў забраць мае тэлефоны, але ў РУУС Маскоўскага раёна сказалі, што іх пакідаюць на экспертызу. Потым ён мне сказаў, што я магу, вядома, пачакаць, пакуль правядуць экспертызу, якая невядома колькі будзе ісці, і забраць свае тэлефоны, але чакаць я буду на Акрэсціна. Тады я падумала, што мне не такія ўжо і дарагія мае тэлефоны».

    «Раз мяне трэба было хутчэй выгнаць з Беларусі, то вырашылі і гэтых дваіх прыхапіць»

    Журналістцы вярнулі рэчы, з якімі яе прывезлі на Акрэсціна, але супрацоўнікі самі забралі з грошай Кацярыны суму, выдаткаваную на яе харчаванне ў ІЧУ і ЦІП — 240 рублёў:

    «Яны зрабілі канверцік з паперы, дбайна асадкай напісалі: «320–240=80 рублёў». У канверт уклалі рэшту аж да капейкі. Я не магла даведацца, дзе мае астатнія рэчы, але я вырашыла, няхай застаюцца.

    Калі мяне вывелі з Акрэсціна, то да нас падышоў яшчэ адзін супрацоўнік міграцыйнай службы з двума мужчынамі, якіх таксама дэпартавалі. Супрацоўнік сказаў гэтым мужчынам, што ім пашанцавала, што мяне сёння адпраўляюць, іначай яны б сядзелі і чакалі. Раз мяне трэба было хутчэй выгнаць з Беларусі, то вырашылі і гэтых дваіх прыхапіць. На гэтых хлопцаў надзелі кайданкі, на мяне, як яны сказалі, не хапіла кайданкоў».

    «Бярэ асадку і проста на маіх вачах упісвае ў пустую графу час»

    Кацярыну і мужчынаў з Расіі адвезлі ў мінскі аэрапорт. 

    «Там мы хадзілі спакойна. І тут мне ўручаюць паперы з нагоды маёй дэпартацыі. Так я дазналася, што мяне дэпартуюць на дзесяць гадоў. Але мне падалося, што пратаколу — такой дробязі — для такога тэрміну забароны будзе замала. Таму я чакала, што ў паперах будзе напісана штосьці яшчэ, але паводле дакументаў, сапраўды, падставай для дэпартацыі зрабіўся пратакол аб адміністрацыйным парушэнні за тое, што я «ў РУУС мацюкалася». Мне распавядалі, што ў Беларусі былі такія выпадкі, калі замежнік пераследуе сваю сям’ю, збівае іх, у яго некалькі крымінальных спраў, і яго дэпартуюць дзесьці толькі на восьмы раз. Пры гэтым мяне дэпартавалі адразу ж, і яшчэ забарону на ўезд паставілі на дзесяць гадоў.

    Супрацоўнік міграцыйнай службы дае мне паперу, дзе напісана, што разгляд майго пытання аб дэпартацыі пройдзе сёння, 20 студзеня. А я ўжо сяджу ў аэрапорце і набыла сабе квіток! Я кажу: «Слухайце, вы хочаце, каб я падпісала задняй датай, што мяне апавяшчалі, а я не з’явілася?» Супрацоўнік кажа: «Дык чаго задняй датай?» Бярэ асадку і проста на маіх вачах упісвае ў пустую графу час 17:00, калі на гадзінніку было 16 з чымсьці. І кажа: «Што, паедзем ці што?» Не паедзем, вядома. Мне проста адкрыта паказалі, што рашэнне было прынята вось так — маё пытанне пра дэпартацыю нікім не разглядалася. Потым нас з мужчынамі праводзілі да самай пасадкі, памахалі мне рукой і мы паляцелі».

    «Нашы супрацоўнікі мараць, каб у нас усё адбывалася так, як адбываецца ў Беларусі»

    Журналістка падчас усёй размовы паўтарае, што з ёй нічога страшнага насамрэч не адбылося, а вось іншым беларусам і беларускам не пашанцавала:

    «Адна рэч чытаць навіны, а іншая — убачыць усё на ўласныя вочы. Я зразумела, наколькі мы сабе не ўяўляем, што адбываецца ў Беларусі. Нават са сваім расійскім досведам я прыехала і дзівілася. У ЦІПе я думала, што магу некалькі разоў патэлефанаваць камусьці, мне змогуць перадаць адзенне, таму што я ў пінжаку і штанах — занадта салідна, каб спаць на падлозе з клапамі. Але ўсё было не так. Памятаю паказальны выпадак: на ўваходзе ў ЦІП я запытваю ў канваіра, ці дадуць мне кнігі. Мужчына без формы, які стаяў побач, ухмыльнуўся і сказаў: «Вядома, і кнігі, і настольныя гульні, і ў більярд тут пагуляеш!» Я тады ўжо зразумела, што мяне чакаюць не тыя ўмовы, якіх я чакаю.

    Калі мне сукамерніцы распавядалі свае гісторыі, пра свае справы, пра той канвеер рэпрэсій, які адбываецца ў Беларусі, то я пачувалася тымі замежнікамі, якім распавядаеш пра Расію. Ты ім распавядаеш, а яны не могуць паверыць. І вось я, якая прыехала з Расіі, дзе з правамі чалавека, мякка кажучы, не ўсё добра, дзівілася, як той замежнік: «Ну як так?!» Гэта тое, чаго мы ў Расіі яшчэ не бачылі. Мае сукамерніцы казалі: «Не перажывай, хутка і ў вас так будзе». Я таксама так думаю, таму што нашы супрацоўнікі спяць і мараць, каб у нас усё адбывалася так, як адбываецца ў Беларусі, дзе ўсё нашмат горш. Я дзяўчатам абяцала, калі выйду, максімальна распавядаць тое, што я ўбачыла. Мы недаравальна мала кажам на фоне вайны і іншых жудасных рэчаў пра тое, што цяпер адбываецца з беларусамі».

    Цяпер Кацярына хварэе — гэта наступствы 15 сутак на Акрэсціна. Яна мяркуе, што ўсе жанчыны з яе камеры перахварэлі на каранавірус. 

    «Я звязвалася са сваёй сукамерніцай, якая выйшла з ЦІПа на пяць дзён раней за мяне. Яна зрабіла тэст на COVID-19 і ён пацвердзіўся. Так што, хутчэй за ўсё, тое, на што мы там усе захварэлі — гэта быў менавіта ён. Супрацоўнікі зрабілі там самі рассаднік каранавірусу, а цяпер апраўдваюць усе абмежаванні для арыштантаў ім жа».

    «Яны застаюцца сам-насам з гэтай пачварнай сістэмай, якая не можа прабачыць таго, што зрабілі беларусы ў 2020 годзе»

    Журналістка адзначае, што пра рэпрэсіі, якія супраць беларусаў і беларусак масава працягваюцца ўжо трэці год, трэба казаць:

    «Я з вамі размаўляю з дома, сплю начамі на сваім ложку, а проста цяпер гэтыя акрэсцінскія камеры зноў забітыя простымі мужчынамі і жанчынамі. Хтосьці выйдзе на волю, а супраць кагосьці будзе крымінальная справа, да іх не змогуць трапіць адвакаты, пра іх не будуць пісаць СМІ — яны застаюцца сам-насам з гэтай пачварнай сістэмай, якая не можа прабачыць таго, што зрабілі беларусы ў 2020 годзе. Гэта вельмі страшна».

    Чытайце яшчэ: 

    Фактчэкінг у эпоху фэйкаў. Памятка, як журналісту не стаць ахвярай маніпуляцый

    «Суразмоўца медыя павінен разумець рызыку». Дыскусія пра экстрэмізм і этыку

    «Пра людзей, якія змагаліся за волю»: бэкстэйдж са здымак кліпа Кацярыны Ваданосавай

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці