• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Гляджу на фота і дзіву даюся, як мяняецца сын». Што піша з‑за кратаў журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык

    Прафэсійны рэдактар Андрэй Кузьнечык з-за кратаў дае парады, як правільна чытаць навіны, крытыкуе мэдыя, якія выпісвае, за няпоўную інфармацыю. А яшчэ ён вельмі радуецца посьпехам сваіх дзетак – 8-гадовай Яніны і 3-гадовага Мацьвея. І марыць, што найперш зробіць, калі выйдзе на волю.

    Журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык быў асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня і цяпер чакае пераводу з магілёўскай турмы № 4 у наваполацкую калёнію № 1, бо Вярхоўны суд разгледзеў у закрытым рэжыме ягоную апэляцыю і пакінуў прысуд бязь зьменаў.

    «Каб не турбавацца з‑за навінаў, глядзі раз на дзень іхнае падсумаваньне»

    Тэлевізара ў камэры няма, Андрэй гэтаму вельмі рады. З крыніц інфармацыі засталіся толькі радыё, пэрыёдыка, якую родныя выпісалі Андрэю, і лісты ад блізкіх. Жонка Алеся стараецца паведамляць найбольш значныя навіны, а яны не заўсёды добрыя. Таму Андрэй у сваіх лістах дае парады жонцы:

    «Каб не турбавацца праз навіны, глядзі раз на дзень іхнае падсумаваньне на рэсурсе, якому давяраеш — такія падсумаваньні робяць усе адэкватныя рэсурсы, бо людзі берагуць час і сябе ад залішняй інфармацыйнай нагрузкі, — раіць Андрэй.

    Калегі ведаюць, што Андрэй — вельмі прынцыповы і патрабавальны рэдактар. Ён працаваў у «„Комсомольской правде“ в Беларуси», «Нашай Ніве» і на Радыё Свабода. Прафэсійная звычка — быць заўсёды ў курсе ўсіх навінаў. Таму родныя выпісалі яму шмат пэрыёдыкі («Звязду», «ЛіМ», «Маладосьць», «Вячэрні Мінск»), ён усё вельмі ўважліва чытае.

    «У „Вячэрнім Мінску“ напісалі, як я і прадказваў у папярэднім лісьце, што лябараторна пацьвердзілі новы штам ковіду, называецца „ніндзя“.

    А яшчэ напісалі, што па праспэкце пусьцілі тралейбус на батарэйках, нумар 22. Толькі не сказалі, адкуль і куды. Напішы мне, калі ласка. Я люблю грамадзкатранспартныя навіны», — піша Андрэй у лісьце да жонкі Алесі.

    На волі Андрэй увесь вольны час прысьвячаў дзецям, шмат чытаў, навучыў абаіх малых езьдзіць на ровары, шукаў цікавыя забавы. Цяпер жонка Алеся стараецца, каб дзеці не былі абдзеленыя ўвагай, і пастаянна дае Андрэю справаздачы, дзе яны зь дзецьмі былі, што новага даведаліся. І дасылае фота.

    «Я ня раз думаў, каб звазіць Яніну да ратамскіх коней, якія вы малайцы, што ажыцьцяўляеце мае задумкі, нават нявыказаныя.

    А ў паркі з атракцыёнамі Яніну з Мацьвеем разам вадзіць не атрымаецца? Да лазілак з батутамі і матамі ён яшчэ не дарос? А то можна яго на пляцоўку ў чыжоўскім парку, а Яніну адпусьціць на суседнія атракцыёны. Яшчэ пішуць, дзіцячую пляцоўку каля пляжу „Жара“ паставілі ў Карзюках. Там добры спуск да вады, ёсьць пясочак, але купацца нельга», — піша Андрэй.

    Далей Андрэй падрабязна тлумачыць, як туды дабрацца на грамадзкім транспарце — аўтобусе № 88 альбо 102.

    «Гляджу на фота і дзіву даюся, як мяняецца сын. А Яніна — модная прыгажуня з „Абацтва Даўнтан“»

    Жонка Алеся здымае шмат фота і відэа зь дзецьмі, каб Андрэй не прапусьціў, як яны растуць і сталеюць. Фатаздымкі да яго даходзяць.

    «Дзякуй за фоткі. Мацьвей выглядае бясстрашным каскадэрам, а Яніна — моднай прыгажуняй з „Абацтва Даўнтан“ — вельмі элегантна.

    Ці стаў наш жэўжык асьцярожным пасьля палёту з арэляў? Спадзяюся, усё добра зажыла.

    Гляджу на твае фота і дзіву даюся, як мяняецца сын. У новых дасягненьнях Мацейкі — артыстызм, курлыканьне, дапамаганьне — я ўспамінаю Янчына маленства, і таму прыблізна магу ўявіць, як яно выглядае ў Мацьвея. Але зь нецярплівасьцю чакаю аказіі паглядзець твае відэаролікі. Магчыма, гэта можна будзе зрабіць пасьля пераезду (Андрэй чакае этапаваньня ў Наваполацкую калёнію № 1 узмоцненага рэжыму, дзе яму прызначылі адбываць 6‑гадовы тэрмін. — РС).

    Што да параўнаньня этапаў росту, то ці шмат іншых супадзеньняў у Яніны і Міхаліны? Можа, у кожнай свае адметнасьці сталеньня? Хоць, вядома, нейкія фішкі, дзівацтвы і асаблівасьці фармаваньня характару нашае бацькоўства ніяк не абмінуць? :)» — разважае Андрэй.

    «А шпалеры няхай сабе і будуць размаляванымі. Першы раз ня значыць, што і апошні»

    Дасягненьнямі Яніны і Мацьвея бацька вельмі ганарыцца:

    «Яшчэ вельмі прыемна было даведацца, што Яніна ўжо асвоіла працэнты. Ну, гэта зусім ня мала, як мне здаецца», — радуецца Андрэй.

    Дзеці нядаўна вярнуліся зь лецішча — яны гасьцявалі ў сваёй бабулі Аляксандры, Андрэевай маці. Дапамагалі па гаспадарцы. Яніна намалявала тату падарунак — курыцу, а Алеся зрабіла фота.

    А вось за правіны Андрэй просіць дзяцей на караць і не сварыцца на іх. Алеся нядаўна напісала, што Мацьвейка штосьці намаляваў на шпалерах.

    «А шпалеры няхай сабе і будуць размаляванымі. Першы раз ня значыць, што і апошні. Таму займацца імі і зарана, і, можа, зусім немэтазгодна.

    Калі выйду, зробім рамонт ці пераедзем у прастарнейшую кватэру — трэба ж дзецям пакоі свае», — напісаў Андрэй пра свае мары.

    Пастаянна Андрэй у лістах расказвае і пра свае дзівосныя сны за кратамі.

    «Сны ў турме — як кінасэансы. Уначы на пятніцу паказвалі драму з элемэнтамі фільму-катастрофы. А ўчора я прачытаў кнігу „Замежны дэтэктыў“, і ўначы глядзеў нецікавы баевічок з пагонямі. Нават не падазраваў, што мне такая просталінейная сэрыяльшчына можа сьніцца», — піша Андрэй Кузьнечык пра свае сны за кратамі.

    Чытайце яшчэ:

    «Сьвет чынавенства заўсёды перамагае». Размова з журналістам і аўтарам раману «Сьвіньні» Аляксандрам Чарнухам

    «66% людей утомляются от количества новостей»: что делать, если уже нет сил из-за информационной повестки

    «Ужо даволі даўно адчувала выгаранне»: журналістка змяніла працу ў рэдакцыі на этнафотасесіі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці