«Сьвет чынавенства заўсёды перамагае». Размова з журналістам і аўтарам раману «Сьвіньні» Аляксандрам Чарнухам
Як выглядае беларускае жыцьцё ў правінцыі? Ці можна перамагчы чыноўніка ў Беларусі? Размаўляем з Аляксандрам Чарнухам, аўтарам дэбютнага раману «Сьвіньні».
Аляксандар Чарнуха быў галоўным рэдактарам музычнага парталу Ultra-Music, працаваў журналістам Onliner. У траўні 2021 году яго затрымалі, калі асьвятляў разгром парталу Tut.by у Менску. Празь некалькі месяцаў зьехаў з краіны, цяпер жыве ў Кракаве.
30 жніўня Аляксандар Чарнуха будзе прэзэнтаваць свой раман у Празе ў Беларускай клюбоўні.
— Раман «Сьвіньні» — ваш літаратурны дэбют. Раней вы пісалі журналісцкія матэрыялы. Як адбываецца ператварэньне журналіста ў пісьменьніка? Якія штуршкі тут патрэбныя і якія штуршкі мелі найбольшае значэньне ў вашым выпадку?
— Галоўным і адзіным штуршком да літаратурнага дэбюту былі падзеі 2020 году. Таму што я ня ведаю, ці я наважыўся б на нейкі літаратурны дэбют, каб ня гэтыя падзеі. Мне гэтая кніга бачыцца перш за ўсё як тэрапэўтычная рэч — мне трэба было сесьці і напісаць нешта, бо па-іншаму я б ня змог.
Гэтае ператварэньне было вельмі спантаннае. У мяне не было такога пляну, што я вось сяду, напішу кнігу і стану пісьменьнікам. Кніга пісалася-пісалася — і прыблізна праз паўгода аформілася ў такі раман.
— Пачуўшы такі адказ, чалавек, які не чытаў вашага раману, падумае, што вы напісалі пра тое, што адбывалася ў Менску. А вось я прачытаў вашу кнігу і ведаю, што яе падзеі адбываюцца ў раённым цэнтры Грузьдзева і ў адной вёсцы гэтага раёну. Прабачце мне пытаньне, а ці маеце вы досьвед жыцьця ў раёне, у беларускай правінцыі? Ці вы чалавек, так бы мовіць, вялікагарадзкі?
— У кнізе вельмі шмат асабістага, таму што я нарадзіўся і вырас у Барысаве. Вядома, нельга сказаць, што гэта зусім правінцыя, бо ён усяго за 60 кілямэтраў ад Менску і дастаткова буйны горад. Але мне здаецца, што калі ня браць нейкія абласныя цэнтры ў Беларусі, то ўсё іншае — правінцыя. Барысаў таксама вельмі правінцыйны горад і па сваёй інфраструктуры, і па стаўленьні да жыцьця. Таму, безумоўна, у мяне ёсьць досьвед жыцьця ў беларускай правінцыі. Да таго ж я шмат часу ў дзяцінстве праводзіў у вёсцы Барань Барысаўскага раёну, дзе нарадзіўся мой бацька і дзе жылі мае бабуля зь дзядулем.
— У вашым рамане даволі яскрава абыгрываецца мова дзяржаўнай прапаганды. Я думаю, кожны, хто хоць трохі знаёмы з дыскурсам дзяржаўных прапагандыстаў і ідэолягаў у Беларусі, ацэніць ваша ўменьне перадаць іх стыль і адначасова пазьдзекавацца зь іхнага спосабу маўленьня. Ці гэткая мова пранікае таксама ў размову звычайных людзей у Беларусі?
— Так, я заўважаю гэта. Таму што ня толькі дзяржпрапаганда выкарыстоўвае такі стылёк, але ўвогуле людзі, якія знаходзяцца на дзяржаўнай службе. І гэта вельмі моцна адбіваецца на іх. Я ня ведаю, адкуль гэта бярэцца. Гэта вельмі цікавая штука, каб вывучыць паходжаньне фармаваньня такога стылю, які мае мала што агульнага з нармальнай чалавечай мовай. Гэтая адзіная прычына, мабыць, чаму гэты раман напісаны па-расейску. Таму што па-беларуску рэканструяваць гэты стыль немагчыма. Для беларускай мовы ўвогуле неўласьціва ўсё, што там напісана. Мы з Алесем Плоткам цяпер працуем над перакладам, і ён гэтыя сказы рэжа на тры, таму што зьмясьціць такое ў адзін сказ па-беларуску проста немагчыма.
— Акрамя мовы, я адзначыў сабе яшчэ адну асаблівасьць вашай прозы: як мне думаецца, усе вашы пэрсанажы — гэта хутчэй літаратурныя тыпажы, чым праўдзівыя характары, якія сустракаюцца ў жыцьці. У вашай кнізе ёсьць спроба паказаць адзін праўдзівы характар, а не тыпаж — я маю на ўвазе дзеда Шакалку — але вы яго даволі хутка вывелі зь сюжэту. Гэта такое маё прыватнае ўражаньне пра тыпажы, а не характары, ці проста я слаба адчуваю рэчаіснасьць Рэспублікі Беларусь і людзі там сапраўды даволі шаблённыя ў сваіх думках і паводзінах?
— Калі мы размаўляем пра сьвет чыноўнікаў, то сапраўды людзі мысьляць вельмі шаблённа. І вельмі шаблённыя ўчынкі робяць. Таму гэта падаецца цалкам уласьцівае для сьвету беларускага чынавенства. Шакалка — такі карэнны беларус, чалавек старой фармацыі, якога гэты сьвет чынавенства, гэтая «грузьдзеўшчына», забівае. Для яго няма месца ў гэтай сыстэме каардынатаў. Гэтыя два сьветы, сьвет Шакалкі і сьвет чынавенства, змагаюцца адзін з адным. І ў выніку перамагае чынавенства.
— Агульны выгук вашага раману даволі пэсымістычны. Сьвет чынавенства ў змозе настолькі пасьпяхова маніпуляваць сьветам нармальных людзей, што людзі паводзяць сябе такім чынам, як чынавенства хоча. Так яно сапраўды ў правінцыі?
— Так яно сапраўды ў Беларусі. Калі мы глядзім на шэрага чыноўніка, нам здаецца, што гэта чалавек не зусім разумны. Што яго проста загрузілі нейкай матрыцай паводзінаў і ён паводле гэтай матрыцы жыве і прымае рашэньні. І таму мы думаем: гэта чалавек ня надта разумны, што зь яго ўзяць? Мы вышэй за яго, мы адукаваныя, у нас ёсьць нейкі стыль, нейкія надбудовы… Таму мы расслабляемся і перастаём лічыць яго сапраўдным апанэнтам. А ён усё жыцьцё б’е ў адну кропку. Гэта выбудаваная сыстэма. І супраць сыстэмы трэба сыстэмна змагацца.
На жаль, такога сыстэмнага змаганьня няма, таму чыноўнік заўсёды перамагае. Сьвет чынавенства заўсёды перамагае, таму што ён адзіны. Ён не спрачаецца паміж сабой. Я ніколі ня бачыў, каб у публічнай прасторы адзін чыноўнік сказаў нешта дрэннае пра другога чыноўніка або каб адзін прапагандыст сказаў нешта дрэннае на прапагандыста іншага тэлеканалу, напрыклад. Яны разам, іх шмат, таму зь імі вельмі цяжка змагацца.
— Як рэагуюць чытачы на ваш раман?
— Па маіх адчуваньнях, людзям падабаецца, таму што, шчыра кажучы, беларускай літаратуры вельмі не хапае сатыры, не хапае такога, каб было сьмешна. Мне думаецца, што людзям гэта цяпер вельмі патрэбна, каб перажыць стрэс, каб пад іншым ракурсам зірнуць на ўсе гэтыя падзеі і проста пасьмяяцца. Таму што людзям страшна. А сьмех — гэта зброя супраць страху.
— Якім чынам вы распаўсюджваеце сваю кнігу? Ці дойдзе яна да чытача ў Беларусі?
— Усё, што зьвязана з кнігай, я раблю сам. Я надрукаваў яе самастойна, з маркетынгам кнігі мне дапамагае мая жонка, яна намалявала вокладку да гэтай кнігі. Кніга даходзіць да чытачоў у Беларусі, гэта я ведаю дакладна. Усё я дасылаю сам, па магчымасьці падпісваю кожны асобнік. Таксама кнігу можна знайсьці ў Вільні (у бары «Пагоня»), у Варшаве (у Беларускім моладзевым хабе) і Беластоку (у прасторы MOST). Ёсьць адмысловы сайт, створаны менавіты для гэтай кнігі. Праз гэты сайт можна набыць і папяровую вэрсію, і электронную.
— Што ў вас у пісьменьніцкіх задумах на будучыню? Пішаце нешта? Можа, як цяпер гавораць, сіквэл да «Сьвіньняў»?
— Так, у мяне ёсьць пэўныя задумкі. Я яшчэ ня сеў пісаць, але мне думаецца, што бліжэй да зімы я здолею гэта зрабіць. Але гэта ўжо будзе ня «грузьдзеўшчына», гэта будзе нешта іншае.
— Па-расейску ці па-беларуску?
— Пакуль мне цяжка сказаць, таму што ў мяне не канчаткова выстраілася сыстэма каардынат. Мову я ўспрымаю выключна як інструмэнт — гэта для мяне не ідэалягічная частка кнігі, а менавіта мастацкая. Для мяне важна перадаць тое, як размаўляюць людзі, як яны думаюць. У залежнасьці ад гэтага выбіраецца і мова твору. Я ўжо згадаў, што па-беларуску немагчыма напісаць пра чыноўнікаў і пра тое, як яны думаюць, таму што яны ня думаюць па-беларуску. У іхнай сыстэме каардынатаў ніякай Беларусі і беларускай культуры не існуе. А калі гэта будзе нешта іншае — раман пра людзей, якія размаўляюць і думаюць па-беларуску, — тады я напішу яго па-беларуску. Гэта адзіны шлях.
— Як вы ўяўляеце існаваньне беларускай літаратуры ў сёньняшніх абставінах? Пісьменьнікі будуць выдаваць свае кнігі за мяжой? Ці перастануць выдаваць і будуць пісаць у шуфляду, чакаючы больш спрыяльнага часу ў самой Беларусі?
— Залежыць ад таго, дзе пісьменьнік знаходзіцца геаграфічна. Калі ён знаходзіцца ў Беларусі, то яму цяжка стварыць цалкам свабоднае выказваньне. Літаратура сёньня — гэта шмат у чым рэфлексія, таму што тыя падзеі, якія мы перажываем два гады запар, яны вельмі цяжка адбіваюцца на нас. Калі чалавек знаходзіцца ў Беларусі, то, магчыма, гэта будзе літаратура ў стол, або яна будзе выдавацца пад псэўданімам за межамі Беларусі. Калі геаграфічна пісьменьнік знаходзіцца не ў Беларусі, то мне здаецца, што можна знайсьці нейкія выдавецкія ініцыятывы, якіх пакуль ня так багата, або — як у маім выпадку — самвыдат. Я разумею, што шмат для каго цяжка займацца ўсім самастойна, але гэта таксама шлях, калі чалавеку хочацца, каб яго пачулі, каб яго прачыталі.