«Ужо даволі даўно адчувала выгаранне»: журналістка змяніла працу ў рэдакцыі на этнафотасесіі
“Штодзень” паразмаўляў з былой журналісткай Ларысай Шчыраковай, якая стварае моду на этнафотасесіі
Як вы цяпер, чым займаецеся ў Гомелі?
Я адкрыла ІП і зараз займаюся фотапаслугамі. Паколькі гэты рынак даволі насычаны спецыялістамі, выбрала такую нішу, як этнафатаграфія. І тут адчуванне, што я не проста манапаліст, але адзіны такі фатограф у Гомелі. Тут усё сышлося. Я — гісторык паводле адукацыі. З 1990‑х гадоў, як патрапіла ў “Талаку”, пачала збіраць этнічныя рэчы: посцілкі, ручнікі, адзенне. На цяперашні момант у мяне вялікая калекцыя, таму ёсць усё для добрых здымкаў. Таксама збіраюся здымаць сямейны гісторыі.
Падчас фотасетаў адбываецца узаемаабмен інфармацыяй. Большасць, канечне, я распавядаю, але штосьці новае і я даведваюся. Напрыклад, як правільна завязваць хустку. Я не з вёскі, мая маці хустку не насіла, я нічога пра гэта не ведаю. А цяпер я можа ўжо пяць варыянтаў засвоіла ад кліентаў.
Попыт на этнафатаграфію пакуль не надта вялікі, але я бачу патэнцыял. Паставіла для сябе амбітную мэту — стварыць моду на этна. Гэта цікава, прыгожа, і гэта і спосаб фармаваць нацыю, далучаць людзей да беларускай культуры і спадчыны.
Як вы сабралі сваю калекцыю этнічнага тэкстылю?
Калекцыя фармавалася па-рознаму. Паколькі я была сябрам гомельскай “Талакі” — тое-сёе я прывезла з экспедыцый, шукала з часоў студэнцтва, таксама кожныя выходныя ўжо год 15-ць хажу на гомельскую барахолку за сельмашаўскім рынкам. Першыя жыхары раёна Сельмаш — выхадцы з вёскі, шмат у каго ў хатах захаваліся бабуліны ручнікі і строі. Я так пазнаёмілася з мясцовай жанчынай — ў яе дома цэлыя стосы тэкстылю — засталіся рэчы ад бабулі 1862 г. нараджэння.
Вы таксама здымаеце фільмы пра рэпрэсаваных, распавядзіце, калі ласка, пра іх.
Да гэтага драконаўскага часу у нас была ініцыятыва “Забітыя і забытыя” , якая мела на мэце збор і распаўсюд інфармацыі пра савецкія рэпрэсіі на Гомельшчыне. Лічу даследаванне рэпрэсій сваім маральным абавязкам — мой прадзед з в. Грыдні Нараўлянскага раёна быў арыштаваны ў 1937 г., яго адаслалі ў лагер, з якога ён не вярнуўся. І таксама адчуваю, што мушу гэта рабіць, каб неяк аднавіць гістарычную справядлівасць: людзі так пакутвалі, гінулі, а памяць пра іх ніякім чынам не ўшанаваная, не ведаем нават, куды панесці кветкі. Гэта і задзел на будучыню — цяперашняя ўлада не зацікаўлена ў такой інфармацыі, але ж калі-небудзь яна зменіцца. Сюжэты пра рэпрэсаваных я працягваю здымаць і цяпер. Вось апошняе месца, дзе была — вёска Марытон, ездзіла туды з братам і сястрою, яны распавядалі пра свайго расстралянага дзеда. Праз месяц дзесьці планую прэзентацыю сюжэтаў — збяром людзей, паглядзім, абмяркуем.
Як вы ўвогуле абыходзіцеся без журналістыкі?
Насамрэч я ўсё роўна ўжо даволі даўно адчувала выгаранне. Не скажу, што, калі мяне пазбавілі права займацца журналістыкай, я ўздыхнула з палёгкай, гэта будзе няпраўдай, але, у прынцыпе, для мяне гэта не было трагедыяй.
Пакуль я магу займацца дакументалістыкай, ёсць заняткі фатаграфіяй… А з першага верасня я ўвогуле іду вучыцца на псіхолага — марыла пра гэта даволі даўно, цяпер гэта можа быць і прафесіяй, і спосабам зарабіць.
Перыядычна рэгіянальныя журналісты паведамляюць, што на іх аказваецца ціск, іх выклікае на размовы той жа ГУБАЗІК. Ці чапаюць вас такім чынам?
Усяго ў мяне было чатыры ператрусы за апошнія пару год: у 2020‑м, 2021‑м і апошні — ў лютым 2022 г., акурат пасля таго, як матэрыялы “Гомельскай Вясны” (рэгіянальны праваабарончы сайт) прызналі экстрэмісцкімі. У мяне была размова з ГУБАЗІКАм, адзін супрацоўнік мне настойліва рэкамендаваў “валіць адсюль”. Я сказала, што болей не буду займацца журналістыкай, пасля гэтага мяне не чапаюць. Адзінае, раз на месяц прыходзіць участковы, і я падпісваю паперу, што са мной праведзена прафілактычная гутарка аб недапушчальнасці парушэння закона. Ёсць памыйныя суполкі у сацсетках, можа і там мае імя паласкаецца, але я за гэтым не сачу.
А як цяпер з грамадскім жыццём у Гомелі?
Ніяк, усё памерла. У нас і так не густа было, а цяпер дык наогул шмат ліквідавана. Вельмі мала менавіта грамадскага арганізоўваецца. Была такая кніга у аднаго рэпрэсаванага, Алега Воўкава, “Погружение во тьму”, і я адчуваю, што і Гомель пагрузіўся ў гэту цемру. Многія грамадскія актывісты з’ехалі, арганізацыі ліквідаваныя, мерапрыемстваў і імпрэзаў праводзіцца вельмі мала…
А ў вас асабіста які ўвогуле настрой цяпер?
Канечне, усе вельмі засмучае: навіны, і тое, што людзі сядзяць у турмах, і гэта так масава. Гэта вельмі кепска. Але жыццё адно, і яно мінае. Я не магу пастаянна жыць праблемамі, таму стараюся абрабляць свой сад і не падаць духам. Я зараз хаджу на судовыя працэсы, лічу, мы ўсе роўна павінны падтрымліваць людзей маральна. І, калі бачу чалавека у клетцы, радуюся, што я не там. Навучылася цаніць простыя рэчы і атрымліваць асалоду ад простага існвання. Менш чытаю навіны, бо яны трыгераць трывожнасць. Займаюся сваім жыццём, сынам, у мяне ёсць хобі. Жыву, радуюся і нешта раблю, каб, калі прыйдуць іншыя часы, можна было вярнуцца да прафесіі і да грамадска-палітычнага жыцця.
Чытайце яшчэ:
Беларускамоўны дзіцячы часопіс «Матуліна Сонейка» вярнуўся ў падпісны каталог
Экс-сотрудника ТУТ.бая Александра Демидовича приговорили к 2,5 годам химии
Главред борисовской районки, которая пожаловалась провластному блогеру на ситуацию в городе, рассказала подробности увольнения