• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Гэты рэжым я перажыву». Расказваем пра асуджаную на «хімію» Аксану Колб

    Расказваем пра Аксану Колб, якая кіруе «Новым часам», мае 4 сабак і будуе саламяны дом

    Коратка пра справу Аксаны Колб

    Галоўную рэдактарку «Новага часу» Аксану Колб затрымалі 20 красавіка 2022 году. Сілавікі з шчытамі і кувалдамі ўварваліся ў кватэру, зладзілі ператрус і завезьлі Аксану ў Сьледчы камітэт. Пасьля абеду яна патэлефанавала сваякам і паведаміла, што яе затрымліваюць на 10 дзён і вязуць у ІЧУ на Акрэсьціна.

    Празь некалькі дзён журналістку перавялі ў СІЗА № 1 — на «Валадарку», выставіўшы абвінавачаньне паводле часткі 1 артыкула 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

    За месяц было праведзена сьледзтва. Першае судовае паседжаньне адбылося 7 чэрвеня. Вёў працэс судзьдзя Цэнтральнага раёну сталіцы Дзьмітры Карсюк. Аксане Колб выставілі абвінавачаньне ва ўдзеле ў шэсьці 16 жніўня 2020 году. Да таго ж «Менсктранс» падаў пазоў на 5980 рублёў за «перакрыцьцё дарог». Аксана сваю віну прызнала часткова. Журналістка сьцьвярджала, што знаходзілася на праезнай частцы ўсяго некалькі хвілін.

    Пракурор 7 чэрвеня папрасіў пакараць Аксану 2,5 года «хіміі» з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу.

    15 чэрвеня Аксана Колб ад апошняга слова адмовілася. Судзьдзя Дзьмітры Карсюк 15 чэрвеня вынес вырак: 2.5 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Аксана Колб выйшла з‑пад варты.

    Гісторык па адукацыі

    Аксана Колб нарадзілася ў Гомлі, але дзяцінства яе прайшло ў Лідзе. Паводле адукацыі яна гісторык — скончыла гістарычны факультэт БДУ.

    «Магчыма, праз тое, што я гісторык па адукацыі, я бачу тэндэнцыю, а ня дробязі. Безумоўна, глябальна нічога добрага ў краіне цяпер не адбываецца. Але тэндэнцыя ўсё роўна вельмі станоўчая. Напэўна, калі б зараз перасталі саджаць людзей за налепкі, рэпосты і іншае, калі б пачалі выпускаць не адзінкамі, а сотнямі — вось гэта прымусіла б мяне задумацца аб тым, што час зьяжджаць. Бо гэта азначала б, што ўлада супакоілася, усьвядоміла сваю перавагу, сваю сілу. І тады гэта ўжо надоўга.

    Пакуль у Беларусі адбываецца тое, што адбываецца, я нікуды ня зьеду, таму што я ведаю — гэты рэжым я дакладна перажыву», — напісала Аксана.

    Былая калега Аксаны журналістка Вольга Хвоін таксама адзначае:

    «Аксана Колб як гісторык па адукацыі разглядае ўсе працэсы, якія мы назіраем і пражываем, з гістарычнай пэрспэктывы, а ня толькі з пункту „тут і цяпер“. І як гісторык яна дакладна ведае, што рэжымы зрынаюцца».

    «2021 год мяне асабліва не зьдзівіў. Адзінае адрозьненьне — маштаб рэпрэсій»

    У незалежную журналістыку Аксана Колб прыйшла ў 1996 годзе — у газэту «Згода». З 2007-га — у «Новым часе». Узначаліла выданьне пасьля заўчаснай сьмерці заснавальніка СМІ Аляксея Караля ў 2015 годзе.

    За чвэрць стагодзьдзя ў журналістыцы для яе не было ніводнага лёгкага году, прызнаецца Аксана.

    «Кожны год па-свойму складаны, са сваёй спэцыфікай, са сваімі рэпрэсіямі. Былі допыты, некалькі канфіскацый тэхнікі… Было закрыцьцё газэты: пасьля выбарчай кампаніі 2006 году закрылі незалежную „Згоду“ — за нібыта экстрэмізм і распальваньне міжнацыянальнай варожасьці. Усё гэта адбывалася яшчэ тады. Таму 2021 год мяне асабліва не зьдзівіў. Адзінае адрозьненьне — маштаб рэпрэсій, раней гэта не было настолькі масава, як цяпер».

    Для галоўнай рэдактаркі асноўнай задачай было захаваць каманду, бо журналістаў «Новага часу» таксама не адзін раз затрымлівалі, садзілі на суткі, людзі працавалі без выходных.

    «Мы сутыкнуліся зь вялізным патокам падзей і працай на знос. І гэты працэс ня скончыўся празь месяц-другі. Калі зразумелі, што не, адпачыць не атрымаецца, — гэта стала сур’ёзным псыхалягічным, маральным выклікам. А адна з маіх задач — падтрымаць людзей. Але як гэта зрабіць, калі сама выматаная? У рэдакцыі здараліся вострыя, эмацыйныя моманты — неабходна было іх пагасіць. У першую чаргу ў сабе, і знайсьці нейкі шлях, каб дапамагчы іншым», — пісала Аксана.

    «„Новы час“ — ня проста калектыў, а каманда і нават сямʼя»

    Супрацоўніца «Новага часу» прызнаецца, што Аксана была для ўсёй рэдакцыі, незалежна ад узросту і статусу, агульнай «матуляй».

    «Менавіта дзякуючы ёй мы былі ня проста калектывам, а камандай і нават сямʼёй. Напэўна, мала хто з кіраўнікоў можа патэлефанаваць не па працы, а проста так: „Як ты, што цябе турбуе?“. І заўжды дадаць: „Хочаш — прыяжджай да нас, тут прырода і сабакі, стане лягчэй“. Яна заўсёды адчувае, каму што цікава, хто за якую тэму мог бы ўзяцца. І ўмее матываваць», — узгадвае былая калега Аксаны Колб па «Новым часе».

    Журналістка Вольга Хвоін адзначае тры асноўныя рысы Аксаны Колб: свабоду, адказнасьць і чалавечнасьць.

    «Пра чалавечнасьць: вясной гэтага году Аксана заўважыла, што ёй як рэдактару, кіраўніку нельга апускаць рукі і паддавацца пэсымізму, а тым больш трансьляваць гэта сваім калегам. Можа, часам яе словы і прагнозы выглядаюць занадта аптымістычнымі і дысануюць з нашай рэчаіснасьцю, але ў тым прызнаньні было акурат пра адказнасьць кіраўніка і лідэра, пра ўменьне бачыць кропку на гарызонце і ўменьне ісьці да яе са сваімі паплечнікамі», — разважае Вольга Хвоін.

    Аксана Колб для газэты і сайта шмат пісала сама. Яна не хавае, што працавала ў якасьці журналісткі амаль на ўсіх летніх і восеньскіх акцыях пратэсту 2020 году. Была ў самых «гарачых пунктах»: каля стэлы 9 жніўня, каля мэтро «Пушкінская» 10 жніўня. Рэдагавала матэрыялы, сама аднаўляла сайт.

    «Незадоўга да арышту Аксана прызналася, што ня ўмее проста адпачываць. Яе працаздольнасьць уражвае: калі мы ўсе „зьдзьмуліся“ пасьля пратэстаў 2020 году, яна па-ранейшаму брала на сябе ўсё: і кіраваньне рэдакцыяй, і напаўненьне сайта, і пісаньне матэрыялаў. Калі мы пыталіся, адкуль у яе сілы, яна адказвала: „Я звыклася“.

    Відаць, празь зьняволеньне лёс такім дзіўным чынам вырашыў даць ёй „адпачынак“. Спадзяёмся, ён не зацягнецца», — мяркуе былая калега і падначаленая Аксаны.

    Аксана — прабеларуская, арыентаваная на чалавека і шчырая ў сваіх памкненьнях і намерах, дадае журналістка Вольга Хвоін.

    «У сыстэме яе каштоўнасьцяў (як бы патасна гэта ні гучала) — абраны жыцьцёвы шлях і місія, а не камэрцыйныя інтарэсы ці выгоды аднаго моманту. Менавіта таму яна ўвесь час адстойвае асьветніцкі элемэнт у працы мэдыя (гэтай жа думкі трымаўся і першы рэдактар „Новага часу“ Аляксей Кароль, які і сабраў вакол сябе аднадумцаў). Яна не падтрымлівае ідэю, што трэба бегчы ў нішы, дзе прасьцей і хутчэй здабыць сымпатыі аўдыторыі».

    «Нікуды зьяжджаць не зьбіраюся»

    Галоўная рэдактарка «Новага часу» расказвала, што найбольш яе ўразіў нядзельны марш 16 жніўня, калі на вуліцы сталіцы выйшла як мінімум 200 тысяч чалавек.

    «У мяне спачатку была эўфарыя ад колькасьці такіх прыгожых і ўзьнёслых людзей. А потым я заплакала: «Людзі, а дзе вы былі раней? Чаму трывалі 26 гадоў?» — дзялілася пасьля маршу сваімі эмоцыямі Аксана.

    Аксану Колб затрымлівалі і раней: прыходзілі дадому і ў офіс зь ператрусам 20 кастрычніка 2021 году, звазілі на допыт у Сьледчы камітэт, але ўвечары адпусьцілі.

    «Усім прывітаньне! Са мной усё добра, — напісала 21 кастрычніка 2021 году Аксана на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. — Я пад падпіскай аб неразгалошваньні і з абавязкам яўкі. Шчыры дзякуй усім, хто хваляваўся і падтрымліваў. Я ў Беларусі. Нікуды зьяжджаць не зьбіраюся. Працуем далей. Жыве Беларусь і Пахне Чабор!»

    Знаёмыя кажуць, што ні на якія ўгаворы зьехаць з краіны Аксана не паддавалася, хоць добра разумела пасьля арыштаў іншых журналістаў і вялікіх тэрмінаў, на якія асуджаныя калегі, што і яна можа апынуцца за кратамі.

    «Для сябе я вырашыла, што нікуды ня зьеду ў любым выпадку, хоць у мяне і ёсьць такая магчымасьць. Не таму, што я вось такі герой ці супэржанчына. А таму, што я не магу сказаць, што не ў Беларусі мне будзе лепей, чым у Беларусі. Нават за кратамі».

    Будуе экалягічны саламяны дом, мае чатырох сабак

    «Мой асабісты рэцэпт, як процістаяць „чарнусе“, — бачыць ва ўсім пазытыў», — сьцьвярджае Аксана. З «Валадаркі» яна піша аптымістычныя лісты.

    «Мару пра тое, калі выйду на волю, абавязкова зьбяру ўсіх сяброў і знаёмых, каб разам парадавацца жыцьцю і Сусьвету. Каб як мага больш людзей змаглі пазнаёміцца паміж сабой. Каб пах чабор і квітнела Беларусь», — так Аксана адказала на ліст незнаёмай раней Тацяне.

    Аксана разам з мужам Анатолем будуе экалягічны саламяны дом сваімі сіламі, у асноўным па выходных. Гэта яе мара — гадоў 15 таму яна прачытала пра экалягічныя саламяныя дамы, дзе будзе добра жыць, вольна дыхацца.

    «Я паціху ішла да гэтай мары, і вось ужо 3 гады будуем. Спадзяюся, сёлета мы скончым і будуць улазіны, пераедзем туды назаўжды», — дзялілася асабістым галоўная рэдактарка «Новага часу» Аксана Колб.

    А яшчэ ў яе чатыры сабакі.

    «Так, як сабакі, вас ніхто не падтрымае. У іх столькі безумоўнай любові, яны так дапамагаюць і расслабляюць! У мяне чатыры сабакі, і яны заўсёды рады мяне бачыць, з такім натхненьнем сустракаюць мяне, калі вяртаюся дадому. Паціскаеш іх, пачухаеш за вушкам… Гэта такія эмоцыі! І на раз становіцца лягчэй».

    У Аксаны ёсьць дачка Кацярына і ўнук Генры, якія жывуць за мяжой. Зь імі яна ня бачылася амаль 3 гады.

    Пра «Новы час»

    «Новы час» быў ці не апошняй недзяржаўнай папяровай газэтай, якая выходзіла ў Беларусі — з накладам 7 тысяч асобнікаў. А таксама адзіным незалежным выданьнем, якое трапляла ў беларускія турмы.

    У друкаваным выглядзе «Новы час» выходзіў да сярэдзіны жніўня 2021 году. Інтэрнэт-сайт «Новага часу» ў верасьні 2020 году дасягнуў колькасьці наведнікаў больш за 1 мільён.

    Пачынаючы з 2008 году «Новы час» некалькі разоў выкідалі і з падпіскі «Белпошты», і з шапікаў «Белдруку». Зь лютага 2021 году РУП «Белсаюздрук» скасавала дамову на распаўсюд «Новага часу», і газэту разносілі валянтэры. 12 жніўня 2021 году друкарня скасавала дамову з выданьнем, у Беларусі ня стала магчымасьці выдаваць папяровую вэрсію.

    Міністэрства інфармацыі не аднойчы выносіла выданьню папярэджаньні. 21 траўня 2021 году Мінінфарм вынес папярэджаньне за тры артыкулы, у тым ліку і за артыкул Аксаны Колб «Складаней за ўсё прымаць беззаконьне» (№ 14, 09.04.2021).

    Журналістаў «Новага часу» затрымлівалі на акцыях, яны адбывалі адміністрацыйныя арышты.

    Аксане Колб прысудзілі 2,5 гады абмежавання волі і вызвалілі ў зале суда

    Пракурор патрабуе для Аксаны Колб 2,5 гады «хіміі». Працяг працэсу 15 чэрвеня

    Рэдактар газеты «Новы Час» Аксана Колб у СІЗА малюе комікс, бачылася са Слаўнікавай і Золатавай

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці