• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Рэдактар газеты «Новы Час» Аксана Колб у СІЗА малюе комікс, бачылася са Слаўнікавай і Золатавай

    Настрой бадзёры, бачыла ў СІЗА Іру Слаўнікаву, Марыну Золатаву, іншых сябровак-палітвязняў. Што вядома пра палітзняволеную рэдактарку газеты «Новы Час» Аксану Колб.

    Амаль месяц таму, 20 красавіка, сілавікі прыйшлі дадому да рэдактаркі беларускамоўнай газеты (цяпер выданне ёсць толькі ў інтэрнэце) «Новы Час» Аксаны Колб. 22 красавіка, сваякі Аксаны Колб паведамілі, што ёй выставілі абвінавачванне паводле артыкула 342 часткі 1 Крымінальнага кодэксу – «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх». Аксану перавялі з ізалятару ў СІЗА на Валадарскага.

    Сувязь з Аксанай ёсць праз адваката, лісты збольшага даходзяць, перадачы прымаюць.

    Намеснік галоўнага рэдактара газеты «Новы Час» Сяргей Пульша гаворыць, што калектыў імкнецца выконваць сваю місію, тым больш запатрабаванасць у інфармацыі і ў беларускамоўным інфармацыйным прадукце цяпер асаблівая:

    «Мова – гэта тое, што цяпер не толькі адрознівае беларусаў ад усіх іншых. Гэта цяпер маркер адметнасці беларусаў, супраціву і салідарнасці. Цяпер шмат у сувязі з падзеямі ва Украіне дыскусій наконт таго, як увесь свет будзе ставіцца да беларусаў і Беларусі. Беларуская мова – гэта тое, што нас адасабляе ад Расіі, яе агрэсіі, яе імперскасці, таго, што яна робіць ва Украіне. І тыя беларусы, якія карыстаюцца беларускай мовай, успрымаюцца саюзнікамі Украіны, а не агрэсарамі супраць яе. Гэта важны цяпер маркер».

    У рэдакцыі няма разумення, за што канкрэтна Аксане Колб прад’явілі абвінавачванне ў масавых беспарадках. Інфармацыі мала, падпіскі аб неразгалошванні дзейнічаюць.

    «Трымаецца яна добра, бадзёра, бачыла ў СІЗА Іру Слаўнікаву, Марыну Золатаву, іншых сябровак-палітвязняў, піша, што намалявала нейкі комікс нават, але мы яго не бачылі пакуль», – гаворыць Сяргей Пульша.

    Аксана Колб узначаліла выданне пасля заўчаснай смерці ідэйнага заснавальніка СМІ Аляксея Караля ў 2015 годзе. «Новы Час» выходзіў як папяровая газета з накладам 7 тысяч асобнікаў, гэта было незалежнае выданне, якое ў тым ліку і трапляла ў беларускія турмы. А таксама інтэрнэт-сайт, на якім у верасні 2020 году было больш за 1 мільён наведнікаў.

    Гэта цалкам беларускамоўнае медыя, якое бачыць сваёй задачай пашыраць беларускамоўную публічную сферу.

    Уладзімір Някляеў: Аксана Колб ва ўсім сапраўдная. І ў сваёй сіле, і ў сваёй мяккасці
     

    Цяпер у няволі ў Беларусі знаходзяцца 25 прадстаўнікоў медыя.

    «Новы час» чытае як мінімум тысяча зняволеных: размова з галоўнай рэдактаркай Аксанай Колб

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці