«Гэта вайна камунікацый». Міжнародная федэрацыя журналістаў заклікала пазбягаць фэйкаў пры асвятленні вайны
Праз два тыдні пасля пачатку вайны паміж ХАМАСам і Ізраілем камунікацыйная вайна стала яшчэ больш інтэнсіўнай, кожны бок абараняе сваю праўду. У гэтых умовах аўтарытэтная журналісцкая арганізацыя заклікала выконваць прафесійныя стандарты і этычныя нормы.
— Многія замежныя журналісты часта звяртаюцца да другасных крыніц інфармацыі альбо злоўжываюць зваротам да дадзеных аднаго з бакоў, не маючы магчымасці праверыць іх праўдзівасць. Гэта працуе на шкоду аўдыторыі, адно з асноўных правоў якой — быць добра інфармаванай, — звяртае ўвагу Міжнародная федэрацыя журналістаў (IFJ).
Некаторыя СМІ блытаюць спешку з хуткасцю, звяртае ўвагу IFJ. У выніку публікуюць інфармацыю і ілюстрацыі, якія не былі кантэкстуалізаваныя, правераныя альбо прадстаўленыя як надзейныя. Гэта прымусіла некаторыя медыя прынесці афіцыйныя прабачэнні. У прыватнасці, BBC за асвятленне прапалестынскіх дэманстрацый у Велікабрытаніі.
Яскравы прыклад — асвятленне ўдару па бальніцы ў Сектары Газа. Частка заходніх медыя паверыла ў інфармацыю прапалестынскіх крыніц і паспела абвінаваціць у гэтым Ізраіль. Даволі хутка ЦАХАЛ прывёў пераканаўчыя доказы, што гэта —эксцэс баевікоў групоўкі «Ісламскі джыхад». Аднак хвалю хэйту было ўжо не спыніць.
— Паняцце тэрміновасці альбо аператыўнасці пры распаўсюдзе інфармацыі не павінна мець прыярытэт над праверкай фактаў і крыніц, — цытуе IFJ Глабальны этычны кодэкс журналістаў. — Акрамя праверкі сваіх крыніц, заклікаем рэдакцыі «паважаць годнасць цытуемых і/альбо прадстаўленых асоб» (артыкул 8), устрымліваючыся ад публікацыі шакавальных ілюстрацый, якія часта шырока распаўсюджваюцца ў сацыяльных сетках. Таксама артыкул 9 нагадвае, што «журналісты павінны сачыць за тым, каб распаўсюд інфармацыі ці меркаванняў не спрыяў нянавісці ці забабонам».
Як падкрэсліў генеральны сакратар IFJ Энтані Беланджэр, прафесійныя прынцыпы, якія выкладзены ў Глабальным этычным кодэксе, з’яўляюцца асновай місіі супрацоўнікаў медыя.
— Адказнасць журналіста перад грамадскасцю мае прыярытэт над любой іншай адказнасцю, у прыватнасці, перад працадаўцамі і дзяржаўнымі органамі, — падсумаваў ён. — Я заклікаю журналістаў усяго свету не трапляць у пастку інфармацыйнай перагрузкі, выкліканай сацыяльнымі сеткамі, дзе словы маюць большае значэнне, чым тое, што сказана, ліст мае большае значэнне, чым тое, што напісана, а дэманстрацыя мае большае значэнне, чым тое, што напісана. Павага да фактаў і права грамадства на праўду з’яўляецца першым абавязкам журналіста.
Чытайце яшчэ:
У Ізраілі знайшлі цела фотажурналіста Роя Ідана, які раней лічыўся зніклым без вестак
Камітэт абароны журналістаў: на Блізкім Усходзе загінулі 12 журналістаў, 8 параненыя, 2 зніклі
«Незалежныя медыя перажываюць крах бізнэс-мадэлі, а грамадства падвяргае сябе самацэнзуры». Асноўнае са справаздачы Freedom House