ЕС заклікаў Google і Facebook маркіраваць кантэнт, створаны штучным інтэлектам
Заклік прагучаў на фоне дзеянняў па барацьбе з дэзынфармацыяй з Расіі. Адначасова Еўракамісія папярэдзіла Twitter аб выкананні новага закона аб лічбавых паслугах, піша «Наша Ніва».
Як паведамляе The Guardian, ЕС заклікаў сацыяльныя сеткі і рэсурсы, у тым ліку Google і Facebook, «неадкладна» пачаць маркіраваць кантэнт і выявы, створаныя штучным інтэлектам, у рамках мер барацьбы з фэйкавымі навінамі і дэзынфармацыяй з Расіі.
У той жа час ЕС папярэдзіў кампанію Twitter, якая два тыдні таму выйшла з добраахвотнага збору правілаў ЕС, што ёй пагражаюць «хуткія» санкцыі, калі яна не будзе выконваць закон Еўрапейскага саюза аб лічбавых паслугах, што ўступіць у сілу 25 жніўня гэтага года.
З пазначанага часу буйныя анлайн-платформы, у тым ліку і Twitter, павінны будуць выконваць юрыдычныя абавязанні па праверцы кантэнту. Кампаніі, якія парушаюць гэта правіла, будуць несці юрыдычную адказнасць. Ім пагражае штраф да 6% ад гадавога сусветнага абароту. У горшым выпадку кампаніі-неплацельшчыкі могуць сутыкнуцца з магчымай забаронай на вядзенне бізнэсу ў ЕС.
У рамках больш шырокіх намаганняў па барацьбе з расійскай дэзынфармацыяй ЕС таксама папрасіў Facebook і іншыя арганізацыі вылучыць больш рэсурсаў на праверку фактаў у дачыненні да кантэнту на мовах меншасцяў ва Усходняй Еўропе, дзе расійскія дэзынфармацыйныя кампаніі лічацца пагрозай.
«Гэта не проста бізнэс. Чаго хочуць рускія, дык гэта падарваць грамадскую думку нашых грамадзян у падтрымку Украіны»,
— заявіла віцэ-прэзідэнт Еўракамісіі Вера Юрава.
ЕС вядомы як лідар у рэгуляванні дзейнасці тэхналагічных кампаній. Ён распрацоўвае асобныя законы аб штучным інтэлекце з Кодэксам практыкі, які разглядаецца як шлях падрыхтоўкі да новага рэжыму рэгулявання. Кодэкс добраахвотны і ўзгоднены з 44 кампаніямі, у тым ліку з TikTok і YouTube.
Рашэнне Twitter выйсці з добраахвотнага кодэкса было расцэнена як варожы крок, і Юрава назвала яго «памылкай».
«Twitter абраў канфрантацыю. Гэта заўважылі ў Еўракамісіі. Я ведаю, што кодэкс добраахвотны, але не варта рабіць памылак. Калі Twitter выйшаў з кодэкса, ён прыцягнуў шмат увагі, і яго дзеянні і адпаведнасць заканадаўству ЕС будуць старанна і тэрмінова правераны»,
— сказала Юрава.
ЕС просіць кампаніі маркіраваць кантэнт, створаны штучным інтэлектам такім чынам, каб карыстальнікі маглі гэту маркіроўку заўважыць падчас хуткага прагляду і пераключыць увагу на іншыя рэчы. Еўракамісія хоча, каб карыстальнік мог бачыць, што кантэнт створаны не рэальнымі людзьмі, і каб такі кантэнт быў пазначаны такімі словамі, як «гэта кажа робат».
Юрава сказала, што кампаніям, якія працуюць у сацыяльных сетках, належыць змагацца з патэнцыйным «цёмным бокам» штучнага інтэлекту, які можа падрабляць падзеі і галасы за лічаныя секунды.
Некаторыя аналітыкі адзначаюць, што выкананне гэтага новага правіла па-ранейшаму сутыкаецца з тэхнічнымі цяжкасцямі. Адна з такіх перашкод заключаецца ў тым, што на гэтым этапе не існуе тэхналогіі, якая магла б хутка і эфектыўна выяўляць кантэнт, створаны штучным інтэлектам. Таму зараз большасць фірмаў павінна працаваць толькі на аснове «максімальных намаганняў».
Чытайце яшчэ:
«Медиа усиливают эффект поляризации общества». Как проходила защита дипломов в ЕГУ
Фактчэкінг у карыстальніцкім (і не толькі) кантэнце: прапануем інструкцыю, як раскрываць фэйкі
Ціхае рэха трагічнай рэчаіснасці. Што не так у Вялікабрытаніі, Галандыі і Швейцарыі з медыятэкстамі пра Беларусь?