• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Дзяржаўны тэлеканал АНТ абвесціў, што ягоны YouTube цяпер мае больш за 1 мільён падпісчыкаў. Чаму гэта выклікае сумнеў?

    Калі ўважліва аналізаваць пэўныя лічбы, то можна прасачыць залежнасць дыктатарскіх рэжымаў ад прыгожых паказчыкаў. Вось і цяпер дзяржаўны тэлеканал вырашыў пахваліцца лічбай у адзін мільён падпісчыкаў у YouTube. Але што стаіць за гэтымі дадзенымі? Аўтар БАЖ разбіраўся ў статыстыцы разам з відэаблогерам Васілём Ядчанкам.

    Справаздача дзяржтэлеканалу: мы працягваем расці і біць новыя рэкорды

    Напрыканцы года дзяржаўны тэлеканал, які фінансуецца за кошт дзяржбюджэту і асноўная мэта якога цяпер падтрымліваць прапагандысцкія наратывы ўлады, вырашыў справаздачыцца за развіццё акаўнту на папулярнай відэаплатформе.

    — YouTube-канал АНТ перасягнуў адзнаку ў 1 мільён падпісчыкаў. За ўвесь час вы вылучылі на нашы відэа 37,9 млн гадзін свайго часу, а ўсяго нашы відэа паглядзелі каля 585 млн разоў. Таксама за год мы не раз былі ў трэндах YouTube, — паведаміў напрыканцы 2023 года Telegram-канал АНТ.

    Калі зайсці на акаўнт тэлеканалу ў YouTube, то сапраўды, статыстыка адпавядае: 1 мільён падпісчыкаў, больш за 55 тысяч відэа. Адно адрозненне — на момант гэтай публікацыі сумарная колькасць праглядаў складала 568 млн, а не 585 млн..

    А вось вывад, які робяць супрацоўнікі прапагандысцкага рэсурсу, выглядае сумнеўным:

    — Нашы дасягненні ў чарговы раз даказваюць, што ў нас актуальны кантэнт і моцная каманда. Пакуль некаторыя спрабуюць даносіць людзям, што дзяржСМІ ніхто не глядзіць і не чытае, мы працягваем расці і біць новыя рэкорды.

    Нагадаем, што нядаўна Беларуская аналітычная майстэрня апублікавала дадзеныя сацыялагічнага апытання, згодна з якім цалкам давяраюць дзяржСМІ і давяраюць часткова 68% апытаных. Гэты ж паказчык для незалежных медыя складае 57%.

    Аднак гэтыя звесткі варта разумець у кантэксце сітуацыі, адзначылі незалежныя сацыёлагі:

    — Мяркуючы з усяго, афіцыйныя СМІ па-ранейшаму істотна менш эфектыўныя, чым гэтага б хацелася дзейнай уладзе. Прычына такога правалу ляжыць, прынамсі збольшага, у якасці кантэнту і ўзроўні прафесіяналізму: у надзвычай спрыяльных умовах дзяржаўныя СМІ відавочна не спраўляюцца з заваяваннем даверу грамадства.

    Сярэдняя колькасць праглядаў відэа складала 9,2 тысячы. Гэта ўсяго 0,92% ад агульнай колькасці падпісчыкаў!

    Але ж давайце бліжэй да лічбаў. Чаму асноўны паказчык, на які арыентуюцца і рэкламадаўцы, і аўтары YouTube-каналаў, — колькасць падпісчыкаў — у выпадку АНТ выглядае ненатуральна?

    — Самая адчувальная статыстыка даступная толькі аўтарам YouTube-каналу, — адзначае відэаблогер Васіль Ядчанка, на акаўнт у Tik­Tok якога падпісаны больш за 12 тысяч чалавек, а асобныя ролікі пра беларускую мову сабралі каля 1 мільёнаў праглядаў. — Але па ўскосных прыкметах можна зразумець, што лічбы накручаныя. Звычайна звяртаюць увагу на прапорцыю: колькасць падпісчыкаў — праглядаў — лайкаў — каментароў. У выпадку АНТ адразу бачна, што пры 1 млн. падпісчыкаў іншая статыстыка выглядае дзіўнавата.

    Адзін мільён для беларускага СМІ на папулярнай відэаплатформе — гэта вельмі вялікая лічба. Тут трэба ўлічваць і спецыфіку кантэнту, і асаблівасці рэгіёну. Каб дасягнуць прыгожай лічбы, патрэбныя годы паспяховай працы, а назваць распаўсюджанне прапаганды ўдзячнай справай цяжкавата.

    Хаця АНТ заяўляе, што на канал у YouTube падпісаны 1 мільён чалавек, за апошні месяц сярэдняя колькасць праглядаў аднаго відэа складала 9,2 тыс.. Гэта ўсяго 0,92% ад агульнай колькасці падпісчыкаў! То-бок 99,08% падпісчыкаў ігнаруюць ролікі? Дык які сэнс тады ў прыгожай лічбе?

    Для параўнання: за такі ж перыяд ролікі Белсат News (468 тыс. падпісчыкаў) у сярэднім праглядалі больш за 16 тысяч чалавек, «Зеркала» (196 тыс. падпісчыкаў) — 40 тысяч, «Жизнь-малина» (105 тыс. падпісчыкаў) — больш за 58 тысяч.

    Цікава таксама, што найбольшую колькасць праглядаў за апошні месяц прынеслі тры ролікі АНТ — пра затрыманні на Бярозаўскім мясакамбінаце (320 тыс. праглядаў), інцыдэнт з прэзідэнтам Германіі, якога нібыта не сустрэлі ў аэрапорце Катара (318 тыс.), і скулшуцінг у Бранску (186 тыс.).

    Адзначым, што гэта нехарактэрныя лічбы для тэлеканалу, а тэмы відэа наўпрост не звязаныя з беларускай палітыкай. Іншымі словамі яны паспяхова сталі віральнымі, ці, як кажуць, завірусіліся. А прапагандысцкія перадачы Маркава і Тура за апошні месяц звычайна глядзелі ад 0,6 тыс. да 15 тыс. чалавек (вынесем за дужкі нетыповую статыстыку для аднаго роліка — інтэрв’ю Маркава з расійскім палітолагам Міхеевым — у 40 тыс.).

    Але і тут ёсць поле для фальсіфікацыяў. Колькасць праглядаў ролікаў — не заўсёды рэпрэзентатыўная лічба. Камусьці пакажуць 10 рэкламных секунд і гэта будзе залічана. Што з таго? Гэта же не сведчыць, што чалавек уявіў аб чым ідзе гаворка. Бычыць поўныя дадзеныя (глыбіню праглядаў), у тым ліку, колькі чалавек «адваліліся» у працэсе, можа толькі аўтар каналу, заўважае Васіль Ядчанка.

    Сярэдняя колькасць лайкаў — 248. То-бок паставілі падабайку 2,7% гледачоў

    Яшчэ адзін паказчык, які ўскосна можа сведчыць, што статыстыка па падпісчыках сфальсіфікаваная, — колькасць лайкаў. Для ролікаў за апошні месяц у тэлеканала яна ў сярэднім складала 248. Атрымліваецца, што падабайку паставілі 2,7% тых, хто праглядзеў ролікі. Гэта многа ці мала?

    Зноў-такі звернем увагу на відэа, якія атрымалі большую колькасць лайкаў за апошні месяц: інцыдэнт з прэзідэнтам Германіі, якога нібыта не сустрэлі ў аэрапорце Катара (7 тыс. лайкаў), затрыманні на Бярозаўскім мясакамбінаце (2,8 тыс.), інтэрв’ю Маркава з расійскім палітолагам Міхеевым (2,7 тыс.).

    — Хаця такога паказчыка ў выразнай прывязцы не існуе, — прызнае Васіль Ядчанка. — Напрыклад, забаўляльнаму кантэнту лайкі ставяць больш. Але лічыцца, што стандартныя лічбы такія: на 1000 праглядаў — 5–10% лайкаў. Паказчык для ролікаў АНТ у 2,7% выглядае нізкім.

    Трэба дадаць, што з лайкамі сітуацыя можа складвацца па схемах фабрыкі троляў, толькі ў выпадку дзяржпрапаганды працуе адміністратыўны рэсурс: існуе меркаванне (хоць доказаў яму пакуль няма, але мы мусім яго прывесці), што супрацоўнікам ідэалагічнага корпусу замаўляюць колькасць падабаек пад пэўнымі ролікамі, а тыя шэраць дырэктыву па сваіх калектывах. 

    А якія ж лічбы ў незалежных медыяў і блогераў за той жа перыяд? У Белсат News — 213 лайкаў у сярэднім (1,35% ад праглядаў), у «Зеркала» — 721 (1,78%), «Жизнь-малина» — 1432 (2,45%). У той жа час ставіць лайкі пад ролікамі незалежных медыяў і блогераў вельмі небяспечна, і нават у такіх умовах нашыя калегі збіраюць падабайкі. Гэта многага варта.

    ПРЫ ПАДТРЫМЦЫ ЧЫТАЧОЎ | PATREON

    У сярэднім 25 каментароў на ролік. Ці многа гэта?

    Што тычыцца каментароў, то сітуацыя больш складаная. Нейкіх стандартаў ці арыентыраў не існуе. Нейкія відэа могуць выклікаць вялікія дыскусіі, і размовы пад пэўнымі ролікамі нагадваюць спрэчкі на спецыялізаваных форумах з пагружэннем у тэорыю, вялікай колькасцю аргументаў і прыкладаў. А іншыя ролікі, хаця набіраюць шмат праглядаў, каменты не збіраюць.

    І ўсё ж ва ўмовах невялікай колькасці дадзеных мы павінны звярнуць увагу і на гэты паказчык. За апошні месяц ролікі АНТ на YouTube збіралі ў сярэднім 25 каментароў. Рэкардсмены — тыя ж відэа, што завірусіліся: затрыманні на Бярозаўскім мясакамбінаце (больш за 700 каментароў), скулшуцінг у Бранску (каля 550), інтэрв’ю Маркава з расійскім палітолагам Міхеевым (больш за 300).

    — Каментары — індывідуальная гісторыя, якая залежыць ад шматлікіх фактараў, — дадае Васіль Ядчанка. — Пэўным арыентырам можа выступаць такі ж паказчык у незалежных медыяў і блогераў, каментаваць кантэнт якіх, нагадаю, небяспечна з‑за крыміналізацыі журналістыкі.

    Для Белсат News гэты паказчык складае 19 каментароў, для «Зеркала» — 65, для «Жизнь-малина» — 198. Зноў жа ўлічваем крымінальную адказнасць за кожнае слова пад кантэнтам, які ўлады беспадстаўна называюць «экстрэмісцкім».

    Уцягнутасць аўдыторыі — сотыя долі працэнтаў

    На што яшчэ трэба звярнуць увагу? Васіль Ядчанка адзначае: важнейшы паказчык — гэта ERpost. Па яго словах, калі для YouTube ён складае 5–10% і вышэй — гэта вельмі добра, іншымі словамі адлюстроўвае, што аўдыторыя сапраўды была ўцягнутая ў працэс і асэнсоўвала змест.

    ERpost — каэфіцыент ўцягнутасці людзей па абранай публікацыі, відэа, падкасту. Агульна лічыцца, што паказчык ад 1% да 3,5% сведчыць пра тое, што аўдыторыя ўзаемадзейнічае з кантэнтам. Калі ER больш 3,5%, гэта выдатны вынік, які кажа аб высокай ўцягнутасці аўдыторыі. Але для YouTube ёсць спецыфіка.

    Для YouTube-акаўнта АНТ ён за апошні месяц складае 0,0274%. Самыя паспяховыя ролікі з гэтага пункту гледжання ўсё тыя ж віральныя відэа, але і яны не дасягаюць 1%: інцыдэнт з прэзідэнтам Германіі, якога нібыта не сустрэлі ў аэрапорце Катара (0,7251%), затрыманні на Бярозаўскім мясакамбінаце (0,3616%), інтэрв’ю Маркава з расійскім палітолагам Міхеевым (0,3063%).

    У Белсат News такія ж дадзеныя выглядаюць наступным чынам — 0,0499%, «Зеркала» — 0,4017%, «Жизнь-малина» — 1,5531%.

    Адзін бота-падпісчык каштуе 1,25 расійскага рублю

    Усе вышэйпрыведзеныя дадзеныя могуць сведчыць аб тым, што 1 мільён падпісчыкаў гэта такі ж фэйк, што прадуцыруе ўся сістэма дзяржаўнай прапаганды. Якім чынам можна накруціць базу? Насамрэч ёсць шырокая кола магчымасцяў, якія дазваляюць фальсіфікаваць статыстыку ў YouTube.

    — Калі прамая рэклама на YouTube, то можна паспрабаваць паэксперыментаваць у таргет-кабінеце і паглядзець, за якую суму па Беларусі будуць каштаваць ахваты. Гэта не вельмі дорага, асабліва, калі ўлічваць маштабы АНТ, — прыводзіць прыклад Васіль Ядчанка. — Ёсць іншыя сэрвісы накруткі ботаў — там яшчэ танней.

    Адна з такіх прапаноў лёгка шукаецца ў інтэрнэце. Там адзін бота-падпісчык каштуе 1,25 расійскага рублю. Калі купляць базу ў 1 мільён, то атрымаецца каля 13,5 тысячы долараў. Напэўна дзяржтэлеканал набываў падпісчыкаў не з нуля, а значыць, гэта магло абысціся яшчэ танней.

    На пытанні, які матыў і чаму менавіта цяпер, ёсць таксама меркаванні. Як-ніяк канец года, а бюракраты, што ставяць задачы, вельмі прывязаныя да тэрмінаў. Можна зрабіць дапушчэнне: трэба было справаздачыцца да 1 студзеня 2024 года. А чаму менавіта мільён? Ды проста прыгожая лічба…

    Чытайце яшчэ:

    «Няправільная ўкраінка, бо расейка». Хто такая Кацярына Ціхамірава, якая няславіць каліноўцаў і Бяляцкага на БТ

    «Принципу правды» не вераць? У Віцебску ідэалагічны праект мясцовага тэлебачання амаль не збірае праглядаў у YouTube

    У Брэсце распавялі пра наклады дзяржаўных раёнак і агучылі задачы для прапагандыстаў

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці